Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А. Пачобут: "Спроба абмежаваць права на прафэсію"


Справа Анджэй Пачобут

Справа Анджэй Пачобут

Госьць ранішняга эфіру "Свабоды" -- карэспандэнт уплывовага польскага выданьня “Gazeta Wyborcza” Анджэй Пачобут. МЗС Беларусі пазбавіла яго акрэдытацыі.


Ганна Соўсь: Анджэй, як патлумачыла МЗС сваё рашэньне? Што стала нагодай для пазбаўленьня акрэдытацыі?

Анджэй Пачобут: Супрацоўнік МЗС адчытаў мне выпіску з рашэньня спэцыяльнай камісіі, якая разглядала маю справу, зь якой вынікае, што ў сваіх артыкулах у “Gazeta Wyborcza” я тэндэнцыйна прадстаўляў рэчаіснасьць у Беларусі, а таксама дрэнна выказаўся пра кіраўніка дзяржавы. Вось такая падстава. Артыкулы, да якіх беларускае МЗС мела прэтэнзіі, гэта артыкул пра прымусовую дактыляскапію мужчынскай часткі насельніцтва Беларусі, артыкул пра справу Аўтуховіча і пра выдаленьне польскіх ксяндзоў.

Соўсь: Што вы цяпер зьбіраецеся рабіць? Якую пазыцыю заняло кіраўніцтва “Gazeta Wyborcza”?

У сувязі з тым, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, мне беларускае МЗС павінна будзе дастаткова дакладна патлумачыць , якія ў іх прэтэнзіі, і гэтыя прэтэнзіі я змагу абскардзіць у судзе
Пачобут:
Кіраўніцтва “Gazeta Wyborcza” вельмі занепакоенае тым, што адбываецца вакол маёй асобы. Таму што тут ёсьць і пагроза, што мяне арыштуюць. Раней я атрымоўваў пагрозы. Таму яны зрэагавалі, надрукаваўшы зварот да эўрапейскіх палітыкаў, якія вядуць перамовы з Беларусьсю, каб тыя не забыліся падчас гэтых перамоваў пра свабоду слова ў Беларусі, што свабода слова -- гэта вельмі важная эўрапейская каштоўнасьць. А я да 15 сакавіка ў адпачынку. Пасьля буду працаваць. Зьбіраюся абскардзіць гэтае рашэньне. У сувязі з тым, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, мне беларускае МЗС павінна будзе дастаткова дакладна патлумачыць , якія ў іх прэтэнзіі, і гэтыя прэтэнзіі я змагу абскардзіць у судзе.

Соўсь: Працаваць без акрэдытацыі будзеце?

Пачобут: Так. Я буду працаваць без акрэдытацыі. На жаль, пазбаўленьне акрэдытацыі дэ-факта для мяне -- спроба абмежаваць права на прафэсію, таму што ў Беларусі, на жаль, амаль што няма выданьняў, дзе я мог бы працаваць.

Соўсь: Нядаўна гомельскія журналісты атрымалі папярэджаньне з пракуратуры “за ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці на карысьць польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”, які ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы. Самому тэлеканалу адмовілі ў рэгістрацыі ў тым жа МЗС. Скажыце, на Гарадзеншчыне, якая мяжуе з Польшчай, якая цяпер сытуацыя з акрэдытацыямі журналістаў, якія працуюць на замежныя мэдыі – той жа “Белсат”, “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскае радыё для Беларусі”?

калі людзей будуць судзіць за тое, што яны працуюць для замежных СМІ, гэта проста абсурд і дрэнна адаб'ецца на іміджы Беларусі
Пачобут:
На жаль, сытуацыя складаная. Па сутнасьці, гэтыя мэдыі, якія вы пералічылі, працуюць у надзвычай складаных умовах. Там нікому не далі акрэдытацыі, і Гарадзеншчына тут не выключэньне. Раней карэспандэнта “Радыё Рацыя” ўжо папярэджвалі пра тое, што ён без акрэдытацыі працуе, чым парушае беларускае заканадаўства. Пакуль што цяжка сказаць, наколькі далёка гатовыя пайсьці ўлады ў барацьбе супраць карэспандэнтаў, якія працуюць на замежныя выданьні. Я спадзяюся, што абмяжуюцца прапагандысцкімі крокамі, калі выносяцца папярэджаньні і больш нічога. Таму што калі людзей будуць судзіць за тое, што яны працуюць для замежных СМІ, гэта проста абсурд і дрэнна адаб'ецца на іміджы Беларусі.

Соўсь: Скажыце, калі ласка, ці зьвязваеце вы пазбаўленьне акрэдытацыі з вашай актыўнай дзейнасьцю ў непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў?

Пачобут:
Так, можа быць такая лучнасьць. Справа ў тым, што набліжаецца зьезд Саюзу палякаў, і цяпер сябры арганізацыі зноў патрапілі пад пільную ўвагу беларускіх спэцслужбаў, яны максымальна спрабуюць людзей запалохаць альбо зрабіць ім нешта такое, каб яны адмовіліся ад дзейнасьці ў Саюзе палякаў. Таму пазбаўленьне мяне акрэдытацыі можа быць зьвязанае як з журналісцкай дзейнасьцю, так і з грамадзкай дзейнасьцю.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG