Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра некамплект міліцэйскіх кадраў на 5-7% паведаміў журналістам адказны супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Яўген Палудзень. Чаму пры недахопе працоўных месцаў беларусы не ахвотна ідуць служыць у міліцыю?


Тэма недакамплекту ў міліцэйскіх структурах узьнікла ў сувязі з прафэсійным сьвятам, якое беларускія міліцыянты адзначалі два дні таму. Начальнік адной з упраў МУС палкоўнік Палудзень расшчыраваўся: недакамплект у некаторых структурах складае 7%, гэта замінае працаваць эфэктыўна.

У прэсавай службе МУС зьвесткі пацьвердзілі і патлумачылі некамплект надзвычай высокімі патрабаваньнямі, якія выстаўляюць кандыдатам у міліцыянты. Гэта патрабаваньні як да стану здароўя, гэтак і да псыхалягічных паказчыкаў, сказаў падпалкоўнік Алег Сьлепчанка, які згодны, што падыходы трэба мяняць.

“Прыкладам, не паўсюдна гэтак ужо неабходна мець добры зрок, маецца на ўвазе на 100%. Ёсьць часткі, дзе гэта ня самы важкі фактар. Прыкладам, інспэктар па грамадзянству і міграцыі. Ці нават участковы. А чаму не?”

Што да пэўных крокаў па зьмене крытэраў у падборы кадраў, у міністэрстве ўнутраных спраў пакуль кажуць, што “пытаньне яшчэ прапрацоўваецца”.

Ці толькі праблемы са зрокам альбо завялікая вага перашкаджаюць жадаючым пайсьці служыць у міліцыю?

Былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч фактар здароўя ставіць на апошняе месца.

Сяргей Парсюкевіч
“Ня самая лепшая спэцыяльнасьць на гэты момант. Таму людзі з адукацыяй не гараць жаданьнем ісьці туды працаваць. Бо разумеюць, што прыйдзецца рабіць пэўныя рэчы насуперак сумленьню. Скажам, мерапрыемствы па разгоне мірных грамадзянаў. Гэта адназначна уплывае на выбар. Ва ўсялякім разе мае знаёмыя пра гэта кажуць, хто працягвае служыць у міліцыі”.

Паводле дадзеных МУС, 80% грамадзянаў давяраюць міліцыі, і яе рэйтынг штогод расьце. Сяргей Парсюкевіч на гэта згадвае , што грамадзкую думку сацыёлягі ў пагонах вывучаюць праз анкетаваньне чыноўнікаў ці працаўнікоў пасьпяховых прадпрыемстваў.

Актывіст дэмакратычнага руху Мікола Дземідзенка вывучаў праблемы міліцыі ў пастарунку падчас шматлікіх затрыманьняў:

“Шмат маладых міліцыянтаў мне сустракаліся, якія незадаволеныя сваёй працай. Казалі, што ім сорамна. Што расьце злачыннасьць, асабліва ў Менску, а ім даводзіцца займацца пяцьцю маладафронтаўцамі. І яны казалі, што гэтая сытуацыя ў краіне ненармальная”.

Паводле палкоўніка міліцыі Яўгена Палудня, “супрацоўнікі, якія працуюць на несанкцыянаваных мерапрыемствах, арыентаваны на тое, каб не ўжываць гвалт”.

Варта згадаць, што падчас разгону акцыі ў Дзень Сьвятога Валянціна ў Менску міліцыянтамі былі зьбітыя некалькі актывістаў Маладога фронту, у тым ліку і дзяўчыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG