Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бутэрброд як прыкмета крызісу


Працаўніцы сталовай віцебскага заводу “Вістан” чакаюць наведнікаў

Працаўніцы сталовай віцебскага заводу “Вістан” чакаюць наведнікаў

Перапоўненыя склады, праблемы са збытам прадукцыі, магчымыя скарачэньні працаўнікоў ды прымусовыя выправы ў адпачынак за свой кошт сталіся прыкметамі эканамічнага крызісу на Беларусі. Але ёсьць адзнакі пагаршэньня фінансавага становішча на прадпрыемствах не настолькі відавочныя на першы погляд, і заўважыць іх можна хіба што ў абедзенны перапынак.

Калі раней у рабочай сталоўцы падчас абеду працаўнікі шумна абмяркоўвалі і вытворчыя праблемы, і свае асабістыя справы, то цяпер там пануе цішыня — наведнікаў практычна няма. У выніку, да прыкладу, сталоўка на віцебскім заводзе “Камінтэрн” ужо зачынілася, а замест яе ў выкупленым прадпрымальнікамі памяшканьні зьявілася карама “Seсond hand”.

Сталоўка на аршанскім заводзе “Мэталіст” не працуе ўжо некалькі гадоў. Прадпрыемства перажыло масавыя скарачэньні, і цяпер там засталося ўсяго каля сотні працаўнікоў. Зразумела, пры такой колькасьці ахвотных пахарчавацца гарачыя абеды сталі нерэнтабэльнымі. Адміністрацыя паспрабавала заключыць дамову з аршанскім мясакамбінатам, каб рабочыя езьдзілі абедаць у тамтэйшую сталоўку, але толькі на дарогу туды-назад трэба патраціць 40 хвілін, прадугледжаных на абедзенны перапынак. Таму, па словах мясцовага работніка, які назваўся Ігарам, на “Мэталісьце” народ харчуецца пераважна “ссабойкамі”:

Зваршчыкі сваё нешта мудруюць — разаграваюць на газавай гарэлцы.
— Кожны хто як можа, той так і выкручваецца. Хто “з кішэні” харчуецца — прыносіць кавалак хлеба з кілбасой, хто першую страву бярэ ў тэрмасе, зваршчыкі сваё нешта мудруюць — разаграваюць на газавай гарэлцы. Хаця на прадпрыемстве ёсьць адмысловае памяшканьне, дзе стаіць балён з прапанам, плітка… Але хто з цэха пойдзе на другі паверх адміністрацыйнага корпусу, каб разагрэць там свой “тармазок”, пад’есьці ды забраць, што засталося?

Такім чынам, нейкае падабенства гарачага харчаваньня практычна можа забясьпечыць сабе толькі кіраўніцтва аршанскага “Мэталіста”.

Вытворчая фірма “Лёс”, што ў Барані, яшчэ мае сваю ўласную сталоўку. Але, як кажа старшыня мясцовай суполкі незалежнага прафсаюзу Васіль Леўчанкаў, наведнікі ў яе “сэзонныя” — Барань гарадок невялікі, і як надвор’е добрае, то рабочыя часьцей імкнуцца адбегчыся паабедаць дахаты:

— Калі дождж ці сьнег, то народу прыходзіць болей, а так зусім мала. Вось у мяне ёсьць знаёмы, які ходзіць у сталоўку часта, дык ён бярэ салату, суп і двайны гарнір, і ў яго атрымліваецца паесьці на дзьве-дзьве з паловай тысячы рублёў. Ён ніколі не бярэ мяса там ці катлету, бо гэта будзе на дзьве-дзьве з паловай тысячы рублёў даражэй.

Адам Сапежка, фэрмэр з-пад Воршы, гатовы зрабіць так, каб абеды ў рабочых сталоўках сталі таньнейшыя — ён згодны пастаўляць сваю гародніну па ніжэйшых коштах. Аднак пункты харчаваньня сёньня маюць права закупляць усё патрэбнае толькі па дзяржаўным кошце.

Раней было, што бакі баршчоў варылі, а цяпер пяцілітровай каструлькі на ўвесь дзень хапае.
— Калі яны бралі па тысячы рублёў моркву тую, то і ў мяне бяруць па тысячы. А калі я прапаную па 600, дык адмаўляюцца. Кажуць, што болей людзей у сталоўкі хадзіць ўжо ня стане, так што трэба падвышаць закупачныя цэны. Усё разьлічана толькі на тое, каб вырваць у людзей грошы, вырваць! Я ж заходжу туды й бачу: два ці тры чалавекі ядуць, і ўсё. Раней было, што бакі тых супоў ці баршчоў варылі, а цяпер пяцілітровай каструлькі на ўвесь дзень хапае, — распавядае аршанскі фэрмэр.

Паводле статыстыкі, у сьнежні мінулага году харчаваньне працаўнікоў на беларускіх прадпрыемствах і ў арганізацыях забясьпечвалі 1300 сталовак і буфэтаў на 89 з паловай тысяч месцаў. Іхняя дзейнасьць рэгулюецца зацьверджаным у траўні 2007 году Міністэрствам гандлю “Палажэньнем пра парадак арганізацыі грамадзкага харчаваньня ў вытворчых арганізацыях”. Згодна з гэтым дакумэнтам, абедамі працаўнікоў павінны забясьпечваць “аб’екты трэцяй нацэначнай катэгорыі“ — прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня з самымі таннымі коштамі.

Якраз такім аб’ектам у Віцебску ёсьць сталоўка заводу “Вістан”, дзе ў самы абедзенны час — каля 2-й дня — не ўдалося застаць аніводнага наведніка. Тры работніцы сталоўкі, спадарыні ўжо сталага веку, наадрэз адмовіліся назваць сваё імёны і дужа неахвотна камэнтавалі тое, што абедзенная заля на 40 чалавек амаль ніколі не бывае поўнай. Самая гаваркая з жанчын прызналася: да пэнсіі кожнай зь іх засталося дапрацаваць некалькі месяцаў, і яны дужа спадзяюцца, што за гэты час сталовую не зачыняць:

— Калі заробак на заводзе даюць, то болей рабочых прыходзіць, а калі не — то меней. Ды яны ж і ня ўсе прыходзяць — большасьць свой абед прыносіць. Так, з цэха па некалькі чалавек. Пэўна, заробкі маленькія. У каго большыя — той часьцей ходзіць: намесьнікі дырэктара, бугальтэрыя… А мы калі выконваем плян, а калі й не.

Па вялікім рахунку, сёньня рабочыя сталоўкі паўнавартасна працуюць толькі на вялікіх і прыбытковых прадпрыемствах. Да прыкладу, на наваполацкім “Нафтане”, дзе занята некалькі тысяч работнікаў і абслугоўвае іх некалькі сталовак. Дакладней, ежу гатуюць толькі ў адной, а ў астатніх раскладаюць гатовыя стравы па талерках. Сярэдні заробак на прадпрыемстве — каля мільёна рублёў, і гарачы абед за 5-6 тысяч як альтэрнатыву хатняму бутэрброду абіраюць многія.

У рабочага мусіць быць і другі сьняданак, і абед.
Тым ня менш, паводле ўрача-дыетоляга Юліі Салаўёвай, і гэткі падыход да арганізацыі харчаваньня на вытворчасьці нельга лічыць самым аптымальным:

— Есьці трэба кожныя чатыры гадзіны. Такім чынам, у рабочага мусіць быць і другі сьняданак, і абед як такі. Аптымальна было б дастаўляць ежу проста на працоўныя месцы ў аднаразавым посудзе, як гэта арганізавана ў разьвітых эўрапейскіх краінах.

Безумоўна, такі абед, прывезены аднекуль ды пададзены ў аднаразавым посудзе будзе каштаваць даражэй за звычайны сталоўскі. Аднак у разьвітых краінах на прадпрыемствах і куды большыя заробкі. А на беларускім заводзе, які ва ўмовах крызісу апынуўся на мяжы банкруцтва, абед найчасьцей складаецца з кавалка хлебу з салам ды сэрвіруецца на ўчорашняй газэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG