Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі праходзяць гастролі амэрыканскага джазавага квартэту Раяна Коэна “Ryan Cohan Quartet”. Сёньня музыкі з Чыкага гасьцююць у начным клюбе “Гудвін”, днямі на ўра прайшоў іх канцэрт у Белдзяржфілярмоніі. Гастролі адбываюцца ў рамках праграмы “Рытм і дарога”, якую праводзіць арганізацыя “Джаз у Лінкальн-цэнтры” у супрацы зь Дзярждэпартамэнтам ЗША.

Квартэту Раяна Коэна амаль паўтара дзясятка гадоў. Заснавальнік гурту піша музыку для кіно, стварае джазавыя кампазыцыі, выкладае музыку студэнтам. Праграма “Рытм і дарога” існуе дзеля папулярызацыі амэрыканскага мастацтва за мяжой, найперш традыцыйнага. А джаз у ЗША лічыцца клясыкай музычнай творчасьці. У межах праграмы квартэт два тыдні гастраляваў у Расеі, адзін тыдзень — ва Ўкраіне і вось ужо тыдзень знаходзіцца ў Менску. За гэты час Коэн і кампанія сустрэліся як з калегамі-музыкантамі, гэтак і аматарамі джазу. Адзначаюць выдатную сувязь паміж сцэнай і мясцовымі слухачамі.

Раян Коэн: “Асабліва нефармальная атмасфэра была на першым канцэрце. Маленькая дзяўчо год шасьці залезла на сцэну і імправізавала разам з намі, нібыта граючы на інструмэнце, некалькі падлеткаў спрабавалі танчыць — вельмі няблага… Нефармальны фармат таксама выяўляўся ў аплядысмэнтах — вельмі па-рознаму слухачы рэагавалі на тыя ці іншыя імправізацыі”.



Пра-прабацькі Раяна Коэна — родам з Заслаўя.
Пра-прабацькі Раяна Коэна — родам з Заслаўя. Прабабуля і прадзед яшчэ аднаго ўдзельніка квартэту — Лорына Коэна — з Драгічына і Моталя. Дый на беларускі манэр прозьвішча вымаўляецца як Кохан. Але ж пакуль што на малую радзіму сваіх продкаў патрапіць не давялося — занадта шчыльны графік выступленьняў.

Удзельнікі джаз-калектыву падкрэсьліваюць, што іх музыка — па-за палітыкай. І менавіта дзякуючы сваёй апалітычнасьці яна спрыяе лепшаму разуменьню амэрыканскіх традыцыяў, амэрыканскіх густаў.

Раян Коэн
: “У розных кутках сьвету людзі ствараюць уяўленьне пра ЗША праз выступленьні нашага прэзыдэнта, праз палітыку, якую праводзяць Штаты. Але ж напэўна ёсьць і іншыя, звычайныя людзі, пра якіх меней вядома. Кантактуючы зь імі за межамі ЗША, шмат каму становіцца зразумелым, што адбываецца ў нашай краіне на міжчалавечым роўні.

Джазавыя імправізацыі чыкагаўскага квартэту сёньня гучаць у праграме “Блюзавыя вечары ў Гудвіне”.

XS
SM
MD
LG