Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтымі днямі на экранах эўрапейскіх кінатэатраў дэманструецца кінафільм галівудзкага рэжысэра Эдварда Цьвіка “Defiance” (“Выклік”), прысьвечаны тром братам Бельскім, габрэям, якія на пачатку вайны перабеглі з Польшчы ў Беларусь, стварылі ў Налібоцкай пушчы партызанскі атрад і помсьцілі фашыстам.

Калі ў Нямеччыне фільм выклікаў цікавасьць, то ў Польшчы — абурэньне. Што да беларускіх мастацкіх колаў — масавага пракату фільму ў Беларусі не было, а ўспрымалі тут яго найчасьцей стрымана.

Масавага пракату фільму ў Беларусі не было, а ўспрымалі тут яго найчасьцей стрымана.
…Беларусь часоў Другой усясьветнай вайны. Сюды з Польшчы перабягаюць тры браты — габрэі Бельскія. Яны хочуць далучыцца да мясцовых партызанаў і ваяваць з фашысцкімі гадамі. Старэйшы з братоў, Туўя, пазнае ў паліцаі і двух ягоных сынах забойцаў сваіх бацькоў і нарэшце сам забівае іх. Бельскія ствараюць у Налібоках партызанскую брыгаду, да якой далучаюцца габрэі — уцекачы з гета. Туўя робіцца камандзірам партызанскага атраду.

Зімой партызанам даводзіцца цяжка. Яны галадаюць і хварэюць. Шмат хто, ня вытрымаўшы, памірае. Увесну на лягер робяць напад карнікі — атрад хаваецца ў балотах. Атрад Бельскага змагаецца аж да вызваленьня Беларусі. Так былі выратаваныя сотні габрэяў.

“Гэтая гісторыя стала вядомай дзякуючы газэтнай публікацыі ў New York Times, — кажа рэжысэр Эдвард Цьвік. — Працуючы над ёй, мы наўмысна канцэнтраваліся на тэме выжываньня габрэяў у беларускіх лясах, а не на жудасных дэталях. Мы хацелі, каб пры ўсёй цяжкасьці гэтай гісторыі карціна ўсё ж прыцягвала б увагу гледачоў”.

Фільм, які цягнецца 137 хвілінаў, сапраўды не адпускае, пішуць нямецкія крытыкі, бо “Цьвік — сапраўдны майстра клясычнай галівудзкай традыцыі. Ён добра ведае, як пазьбегнуць крызісу глядацкай увагі. На ролю Туўі Цьвік запрасіў брытанскую зорку Дэніэла Крэйга, выканаўцу апошняга Джэймса Бонда. Астатніх братоў Бельскіх выконваюць галівудзкія акторы Ліў Шрайбэр і Джэмі Бэл.

Тым часам пасьля першых паказаў “Defiance” у Польшчы карціна выклікала сапраўдную хвалю абурэньня.

Іхны атрад браў удзел у нападзе савецкіх партызанаў на вёску Налібокі, калі загінулі 128 цывільных жыхароў.
Многія палякі, асабліва правых поглядаў, упэўненыя, што сапраўдныя Бельскія былі да вайны вядомымі крымінальнікамі, а падчас сваёй партызанкі рабавалі мясцовых жыхароў ня горш за савецкіх змагароў. Напрыклад, іхны атрад браў удзел у нападзе савецкіх партызанаў на вёску Налібокі, калі загінулі 128 цывільных жыхароў. Гісторыкі неаднойчы абвяргалі гэтыя меркаваньні, аднак іхнія доказы ня надта паўплывалі на падобныя перакананьні.

У артыкуле, прысьвечаным паказу карціны ў польскіх кінатэатрах, кансэрватыўная “Rzecpospolita” сьцьвярджае, што габрэйскія брыгады супраціву ня надта перабіралі сродкі, калі прыходзілі ў вёскі па правіянт. Старэйшага з братоў Бельскіх, які камандаваў атрадам, газэта называе “сумесьсю бандыта і героя”.

Больш лібэральнае выданьне “Gazeta Wyborcza” не абвінавачвае братоў Бельскіх у нападзе на Налібокі, аднак апісвае галоўнага героя як п’яніцу ды бабніка.

У беларускім пракаце карціна не ішла. І калі хто яе тут бачыў, то пераважна на дысках. Як піша кінакрытык Максім Жбанкоў, “Defiance” ня ёсьць ані гістарычнай драмай, ані хронікай вайны, ані агнявым баявіком. І нават ані псыхалягічным этудам. Гэта прэзэнтацыя новага Джэймса Бонда ў незвычайным антуражы — на белым кані і з трафэйным шмайсэрам на шыі. Фільм надзвычай праставаты. Ён задуманы і рэалізаваны як сэнтымэнтальны комікс. Няма болю ці жарсьці. Няма чалавечых драмаў. Ёсьць ролевая гульня на гістарычным полі. Гэткі Джэймс Бонд з талмудам. Гэты фільм чарговым разам паказвае нам пажаданую — то бок палепшаную і папраўленую — карціну драматычных падзеяў Другой сусьветнай вайны“.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG