Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атрымалі гэтулькі крэдытаў! Ці не пара вярнуць ільготы?”


Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця насельніцтва ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працягвае знаходзіцца ў Сэрбіі. Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, гэта рабочы візыт. Аднак сэрбскія мэдыі паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка адпачывае на гарналыжным курорце. Выказваньні слухачоў:

Спадар: “Вельмі сьціплыя зьвесткі ў дзяржаўных СМІ пра рабочы візыт Лукашэнкі ў Сэрбію. Можа, «Белсат» і «Свабода» падрабязьней паведамяць беларусам, як ён там працуе?”

Павал Давыдзенка, Парычы: “Адпачынак Лукашэнкі і ягонага атачэньня ў Сэрбіі — гэта крызіс і ўсёдазволенасьць улады. Апустошыць кішэню народу, набраць крэдытаў і займацца рознымі гульнямі. Я — інвалід, які пацярпеў ад аварыі на АЭС, артыкул 18. Але пэнсію атрымліваю працоўную. Сёньня, 5 сакавіка, з маёй пэнсіі вылічана 66 тысяч рублёў. Дык што, Лукашэнка забраў мае 66 тысяч, каб адпачываць у Сэрбіі? Ганьба такой уладзе”.



Мікола: “Вы ня вельмі шмат перадаяце наконт выбараў. Той закон, які зараз існуе, дае магчымасьць фальсыфікаваць выбары. Таму я хацеў бы зьвярнуцца да ўсяе палітычнае апазыцыі, дэмакратычнай Беларусі і Радыё Свабода, каб у гэтым кірунку вы вялі працу”.

Выказваньне камэнтуе адзін з кіраўнікоў руху “За свабоду” Аляксей Кавалец:

Аляксей Кавалец
“З поўнай адказнасьцю паведамляю, што апазыцыя вельмі шчыльна займаецца гэтым пытаньнем. Іншая рэч, што ўлада не жадае нічога чуць, не жадае рэагаваць на гэта. Нават парушаючы правы грамадзян і Канстытуцыю краіны. Бо паводле Канстытуцыі мы маем права заканадаўчай ініцыятывы. Мы гэтым займаемся, бо разумеем, наколькі гэта важна. Бо калі тое заканадаўства, якое ёсьць, можна выкарыстоўваць для фальшаваньня выбараў, то ўлады гэта і робяць. А трэба такія расьпісаць умовы, каб немагчыма было такое рабіць”.



Міхал, Бяроза
: “Некалькі дзён таму Радыё Свабода абвяшчала, што Расея адмаўляецца ад паставак масла беларускіх вытворцаў. І вось новая навіна. Шэраг дзяржаў адмаўляецца ўжо і ад беларускай мясной прадукцыі! У чым прычына? Ці гэта вынік забруджваньня радыенуклідамі, ці зь лёзунгам «Дагонім і перагонім ЗША!» вытворцы ў пагоні за надоямі ды «прывесамі» злоўжываюць біядабаўкамі ды стымуляцыйнымі прэпаратамі?”

Адказвае кіраўнік вэтэрынарнай станцыі ў Гомелі Віктар Курапатаў:

“Праблема ня вельмі актуальная. Мы правялі ўсе маніторынгавыя дасьледаваньні мяса і ня выявілі ніводнага выпадку антыбіётыкаў ці іншых шкодных рэчываў у мясе”.



Ларыса, Менск: “Калі мы атрымалі шмат крэдытаў ад Расеі і зараз яшчэ атрымаем з Захаду, дык пара ўжо вярнуць ільготы, якіх пазбавілі пэнсіянэраў. У першую чаргу гэта тычыцца праезду ў грамадзкім транспарце. У пошуку таньнейшых прадуктаў трэба некалькі разоў зьезьдзіць на рынак ці ў іншыя крамы. Кошт білета немалы. Для пэнсіянэра гэта вялікія грошы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 8 (017) 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для SMS-паведамленьняў: 8 (029) 391-22-24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG