Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэралізацыя ці дэкарацыя?


Дыскусія пра дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю, якая завяршылася ўвечары 4 сакавіка ў Брусэлі, дапаможа эўрапейцам прыняць выніковае рашэньне. У сярэдзіне красавіка сканчаецца шасьцімесячны тэрмін, на які былі прыпыненыя санкцыі з боку Брусэля супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Дыскусія акрэсьліла пазыцыі ўсіх зацікаўленых бакоў. Беларускія ўлады выказваюцца за дыялёг з Эўразьвязам безь ніякіх пасярэднікаў. Грамадзянская супольнасьць і палітычная апазыцыя кажуць, што трансфармацыі ў Беларусі — толькі кропкавыя. А Эўракамісія і Эўразьвяз заклікаюць улады трымацца курсу на зьмены.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць: дыскусія пацьвердзіла, што кожны бок вядзе сваю гульню:

“Улада хоча абмежавацца касмэтычнымі зьменамі. І разам з тым ускочыць у вагон “Усходняга партнэрства”, атрымаць білет у Прагу, фігуральна кажучы. Брусэль вырашыў наўмысна трошкі адсунуць на потым адчувальныя для беларускай улады пытаньні дэмакраты і правоў чалавека. А экспэртная супольнасьць таксама робіць сваю справу. Яна нагадвае пра неабходнасьць празрыстасьці гэтага дыялёгу, неабходнасьць дарожнай мапы ды іншых стымулаў для беларускай улады. Каб яна рухалася далей”.

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць: пазыцыі бакоў пасьля ўчорашняй сустрэчы не зьмяніліся. Калі стаўленьне Эўрапарлямэнту і беларускай грамадзянскай супольнасьці акрэсьленае выразна, то падыходы ўлады нестабільныя, адзначае аналітык:

“Мне падаецца, што ўладная пазыцыя тут непасьлядоўная і недалёкасяжная. Павінна быць зроблена пэўная колькасьць крокаў, якія б паказвалі яе добрую волю. Бо такое, зусім не дыпляматычнае, вытаргоўваньне, такая непрымірымая і фіксаваная пазыцыя выклікае толькі раздражненьне ў партнэраў”.

Аляксандар Класкоўскі згадвае, што празь месяц Эўразьвяз мае вынесьці свой вэрдыкт — што далей рабіць зь Беларусьсю. Палітоляг бачыць два найбольш верагодныя варыянты:

“Калі раптам беларускія ўлады не наломяць дроваў, чаго цалкам нельга выключаць, ведаючы імпульсіўнасьць беларускага кіраўніцтва, то я думаю, што Брусэль ня стане абвастраць сытуацыю, ня стане ставіць пад удар ход дыялёгу.

І ўзьнікне першы, ідэальны для беларускай улады, варыянт — санкцыі наагул анулююць. Аднак больш верагодным выглядае другі варыянт, паколькі экспэрты і частка апазыцыі такі акцэнт робяць — працяг прыпыненьня санкцыяў яшчэ на паўгода. Каб трошкі ўсё ж падштурхнуць афіцыйны Менск да большых зьменаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Таму што пакуль яны відавочна дэкаратыўныя”.

Праз тыдзень Менск наведае камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Вынікі яе візыту, як мяркуецца, паўплываюць на канчатковае рашэньне Рады Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG