Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра тое, як выжываюць людзі ва ўмовах эканамічнага крызісу -- паведамленьні зь Віцебшчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны.



СЯННО


У райцэнтры Сянно на Віцебшчыне цытаты з Лукашэнкі, што абнаўляюцца на інфармацыйных вулічных шчытах, прыхарошваюць заняпад мясцовай эканомікі.

Слабым зьвяном у Сяньне выявіліся перадусім перапрацоўчыя прадпрыемствы. Гаворыць 48-гадовы Алег Шумкоў — сябра БСДП (Грамада):

Чвэрць насельнікаў райцэнтру Сянно — гастарбайтэры ў Расеі

“На малаказаводзе адбыліся скарачэньні. Сьпіртзавод Віцебску аддалі. Тут увогуле майстроў адшукаць цяжка. 25% працаздольных — гастарбайтэры ў Расеі”.

Як зьяўляецца яго ўказ ці дырэктыва, дык — новы стэнд ...
Сяргей Лемешаў
Сяньне афармляе стэнды вулічнай рэклямы. Кажа, што прыхарошвае тутэйшае жыцьцё цытатамі Лукашэнкі:

“Як зьяўляецца яго ўказ ці дырэктыва, дык — новы стэнд. Прамысловасьці тут ніякай зусім”.

На невялікім гарадзкім кірмашы сустракаюся з прадпрымальнікам Сяргеем Калымагам. У яго адзіны тут мясны шапік.

“Падаткі ў мяне зараз пад два мільёны. А яшчэ штрафы даюць — пажарнік, вэтэрынар — ужо шмат хто задумваецца, ці варта далей тут працаваць”.

“Чыноўнікам не тэлефануйце — усе на курсах у сталіцы”

Зьвяртаюся да першага намесьніка старшыні Сеньненскага райвыканкаму Генадзя Сабініча. Цікаўлюся пра прычыны закрыцьця малаказаводу. Ён кажа:

“Я нічога не магу сказаць, таму што гэтую галіну не курырую. Я малако...”

“А малако і завод — ня тое самае?”

“Тое самае, але я вытворчасьць малака, а не перапрацоўку...”

Нагадваю, што фэрмэр Сяргей Калымага безвынікова просіць даць дазвол адкрыць мясны павільён. Ізноў чыноўніцкі адказ:

“Гэта аддзел эканомікі — я не курырую. Ня дам ніякага адказу...”

“Дык каму патэлефанаваць?”

“Вы нікому не патэлефануеце, бо гэты чалавек на курсах у Менску, а Герасіменка (старшыня райвыканкаму) — таксама на курсах...”

Мікалай Петрушэнка
Камэнтар лідэра апазыцыі суседняга Талачынскага раёну Мікалая Петрушэнкі. Спадар Мікалай аб’езьдзіў рэгіён у часе апошніх выбарчых кампаній.

“Чыноўнікі — страшэнна далёкія ад народу. Яны даўно служаць адзін аднаму: ніжэйшы — вышэйшаму. І ўсе недахопы хаваюць па такой жа падпарадкаванасьці”.

МАГІЛЁЎ

У Магілёве й Бабруйску крызіс таксама выяўляецца ў вулічнай рэкляме, але іншым чынам — праз спад актыўнасьці ў гэтай галіне.

У рэклямных арганізацыях гэта зьвязваюць з агульным спадам у эканоміцы, выкліканым сусьветным крызісам.

“Падзеньне будзе да восені”
ужо паўстае адзінае пытаньне — як выжыць...

“Гэта зьвязана з глябальнай эканоміяй на ўсім — на рэкляме ў першую чаргу. Калі нестае грошай на самае неабходнае, то тут ужо паўстае адзінае пытаньне — як выжыць. На маю думку, гэтае падзеньне будзе працягвацца да восені. Пры канцы году будзе нейкая стабілізацыя. І, напэўна, пад канец наступнага году мы выйдзем на ўзровень канца 2008 году”, — мяркуе супрацоўнік адной з бабруйскіх рэклямных кампаніяў.

У рэклямных кампаніях Магілёва адзначаюць тыя ж тэндэнцыі, што і ў Бабруйску.

“Пачатак году — заўжды не сэзон для рэклямнікаў. А сёлета зусім дрэнна. Да таго ж даўжнікі ёсьць. Раней такога не было, каб так доўга не аплачвалі выкананыя паслугі. Вялікія затрымкі. У фінансавым пляне цяжка народу. Нават бюджэтнікі ніяк не актывізаваліся. Калі раней у мяне бюджэтныя арганізацыі, раённыя аддзелы адукацыі тыя самыя, замаўлялі, то цяпер няма такіх замоваў”, — тлумачыць сытуацыю рэклямнік Ігар.

Адносна стабільнай застаецца сытуацыя з друкаванай рэклямай. Так кажуць у арганізацыях, якія спэцыялізуюцца на гэтым сэгмэнце рэклямнага бізнэсу:

“Назіраецца такая тэндэнцыя нямоцнага спаду. Арганізацыі, прадпрыемствы намагаюцца выжываць, і яны цудоўна разумеюць, што рэкляма — рухавік прагрэсу й гандлю. Таму, слава Богу, усё гэта працуе. Можа, не такімі тэмпамі. Вядома ж, трэба прыстасавацца да новых умоваў працы”, — зазначае супрацоўніца акцыянэрнага таварыства “Мэджык”.

Усяго ў Магілёве рэклямнымі паслугамі займаюцца каля шасьцідзесяці арганізацыяў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. У Бабруйску — каля трыццаці пяці. У рэклямным бізнэсе ў рэгіёне занятыя каля двух тысяч чалавек.

СМАРГОНЬ

У Смаргоні на Гарадзеншчыне нават актыўная рэкляма наўрад ці дапаможа заводу аптычнага станкабудаваньня. Тут ужо скарачаюць працоўны тыдзень.

Сёлета завод аптычнага станкабудаваньня, як паведаміў карэспандэнту “Свабоды” старшыня прафкаму Мікалай Петушкоў, ня мае экспартных паставак.

Падвеснае абсталяваньне для трактароў, вакуўмныя ўстаноўкі, дрэваапрацоўчыя станкі, абсталяваньне для даху ідзе толькі на ўнутраны рынак.

“Пэнсіянэры яшчэ працуюць, а ў маладых цярпеньне лопаецца”

Замоваў зараз няшмат. Да ўсяго, са слоў старшыні прафкаму, прадпрыемству даводзіцца канкураваць у няроўных эканамічных умовах.

за цяпло плацім у 3 разы даражэй, чым у Менску й Горадні....
“Вось каб нехта нам вырашыў праблему з гігакалёрыямі, то было б лягчэй, а так мы за цяпло плацім у 3 разы даражэй, чым у Менску й Горадні. Чаму так? Таму што нехта павінен пакрываць выдаткі, што адпускаюцца на раён. Наша прадпрыемства лічыцца буйным у рэгіёне і атрымлівае цяпло ад ЖКГ”.

У сакавіку на прадпрыемстве ў шмат каго з тутэйшых працаўнікоў сканчаюцца кантракты. Пытаюся ў старшыні прафкаму — ці не пацярпяць ад гэтага людзі?

“Думаю, што нешта ўсё ж будзе, бо ёсьць пэнсіянэры, у якіх сканчаюцца кантракты, і, магчыма, іх не працягнуць. Ну, а па астатніх пакуль нічога ня вырашана”.

Рабочы заводу, спадар Уладзімер распавядае, што заробкі на прадпрыемстве ўжо даўно невялікія. Рабочыя атрымліваюць каля 500—600 тысяч рублёў.

“У нас тут да 40% пэнсіянэраў працуюць. Дык яны й не абураюцца, бо ім да пэнсіі дапрацаваць нармальна. А ў малодшых ужо даўно цярпеньне лопнула, й яны пасыходзілі. Засталіся пераважна вэтэраны”.

Спадар Уладзімер кажа, што ў невялікай Смаргоні даволі складана знайсьці працу, асабліва калі ўзрост ужо перайшоў за 50 гадоў.

“Я ведаю са свайго досьведу. Здаецца, паўсюль патрабуюцца людзі, але калі я пайшоў уладкоўвацца, а мне — 47 год, то сказалі: вось каб табе было 27, то ўзялі б, а так...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG