Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясельле стала аб’ектам увагі падатковай службы


На Гарадзеншчыне, каб не адстаць ад усёй краіны, змагаюцца з спажываньнем алькаголю. У шмат якія сьвяты, асабліва ў Горадні, не прадаюцца моцныя напоі і піва. У звычайныя ж дні ў крамах вобласьці купіць іх можна толькі да 21 гадзіны. Як паведамляе “Беларускі партызан”, у Ваўкавыску падатковая інспэкцыя разаслала на прадпрыемствы паперу “Аб прадастаўленьні зьвестак”. Кіраўнікі абавязаныя паведамляць загадзя пра ўсе мерапрыемствы — вясельлі ды іншыя, дзе мяркуюцца застольлі, дзеля “ажыцьцяўленьня падатковага кантролю”.


Пра такую навіну жыхар Ваўкавыску Мікалай Кавальчук яшчэ ня ведаў. А пачуўшы пра яе, зазначыў, што ў горадзе па-сапраўднаму адзначыць тое ж вясельле ня так проста. І вось чаму:

“У горадзе на пяцьдзясят тысяч насельніцтва няма ніводнага рэстарану і няма загсу. Ёсьць кафэ адно, другое, трэцяе, тры кафэ”.

Карэспандэнт: “А дзе адзначаюць вясельлі?”

Кавальчук: “У асноўным выкарыстоўваюць сталоўкі прадпрыемстваў. Я ж кажу, адметнасьць такая...”

Карэспандэнт: “А дзе ж тады расьпісваюць маладых?”

Кавальчук: “Расьпісваюць у фае Дома культуры. Ёсьць для загсу маленькі будынак, але рамантуюць яго гадоў сем”.

Былы палітвязень, гарадзенец Валеры Леванеўскі цікавіцца сацыяльнымі праблемамі, у тым ліку п’янствам і барацьбой зь ім. Ён адзначае, што цяперашняя кампанія барацьбы шмат у чым паказушная.

“Эфэктыўна, я думаю, было б выдаткоўваць энэргію на антыалькагольную рэкляму, падняць цэны на гарэлку крыху, і частку грошай пускаць на барацьбу з п’янствам”.

У ніводнай дзяржаве, як паказаў досьвед, паліцыя ці міліцыя барацьбу з п’янствам ня выйграла, бо гэта не армейская апэрацыя, а сацыяльная праблема
Пра ваўкавыскую навацыю падатковай службы наконт юбілеяў і вясельляў Валеры Леванеўскі ведае і наступным чынам ацэньвае яе:

“Што тычыцца Ваўкавыску, гэта ні ў якія рамкі не ўваходзіць: калі ня будзеш дакладваць ім пра ўрачыстасьці, табе яшчэ штраф трыццаць базавых адзінак будзе, і гэта прыкрываецца падатковым кодэксам. Зразумела, што гэтая мера — больш каб падвысіць зьбіральнасьць штрафаў, а ня дзеля таго, каб змагацца з п’янствам”.

Міліцыя ня можа вырашыць праблему п’янства, перакананы спадар Леванеўскі:

“У ніводнай дзяржаве, як паказаў досьвед, паліцыя ці міліцыя барацьбу з п’янствам ня выйграла, бо гэта не армейская апэрацыя, а сацыяльная праблема. Таму тут павінны быць мэдыкі, падтрымка дзяржавы. А цяпер, як сьпяваў Высоцкі: у барацьбе зь зялёным зьміем перамагае зьмій”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG