Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканамічны лобінг – справа бедных краінаў


Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

4-га сакавіка адбылася калегія Міністэрства замежных спраў Беларусі зь удзелам кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. Дыпляматам чарговым разам нагадалі -- ад іх чакаюць павелічэньня двух патокаў: беларускіх тавараў на замежныя рынкі і замежных інвэстыцыяў у Беларусь. Наколькі характэрна менавіта такая мэтанакіраванасьць дыпляматаў у іншых краінах? Ці спрыяе гэта іх працы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігар Лялькоў.



Глод: Ці дыпляматаў іншых краінаў таксама арыентуюць найперш на такія падыходы? І ці не ёсьць гэта, як кажуць, чыста беларуская творчасьць?

Лялькоў: У прынцыпе гэта нармальная практыка – менавіта праз эканамічны аддзел амбасады лабіраваць эканамічныя інтарэсы сваёй краіны. Але асноўнае ў працы амбасады усё ж ёсьць падтрыманьне палітычных, міждзяржаўных дачыненьняў. І таму такі перакос у бок эканамічнага складніку характэрны для краінаў бедных, якія знаходзяцца ў стане крызісу. Такім эканамічным лёбінгам займаюцца амбасады краінаў трэцяга сьвету – бедных, неўпарадкаваных. Нельга сказаць, што гэта толькі постсавецкая практыка. Гэта і афрыканскія краіны, і азіяцкія. Яны такое практыкуюць. І тады пошук грошай з’яўляецца галоўнай, дамінуючай тэмай. І яны могуць здамінаваць дзейнасьць усіх дыпляматычных прадстаўніцтваў краіны.

Глод: Як мне падаецца, прасоўваньнем тавару на замежныя рынкі, інакш кажучы маркетынгам, мусяць займацца вытворцы. Чыноўнікі беларускія ахвотна кажуць, што многія прадпрыемствы маюць уласныя прадстаўніцтвы за мяжой. Калі так, дык ці патрэбна тады перакваліфікоўваць дыпляматаў у забесьпячэнцы?

Лялькоў: Бальшыня гэтых прадпрыемстваў ці цалкам дзяржаўныя, ці дзяржава трымае асноўны пакет акцыяў. Таму тут ёсьць перасячэньне інтарэсаў прадпрыемства як прадпрыемства і дзяржавы як асноўнага ўладальніка гэтага прадпрыемства. І адпаведна гэта цалкам лягічна выглядае, што такая дзяржаўная ўстанова як амбасада становіцца лябістам таго ці іншага прадпрыемства, якое належыць дзяржаве.

Глод: У Менску як узор працы часта называюць дзейнасьць беларускіх дыпляматаў у Нямеччыне і Польшчы. І чаму так не атрымліваецца ў іншых?

Лялькоў: Гістарычныя абставіны склаліся такім чынам (і гэта ёсьць абсалютна натуральным), што самі Нямеччына і Польшча маюць, хіба, найбольшыя інтарэсы ў Беларусі. Прынамсі і інтарэсы гаспадарчыя. Значная частка і польскага, і нямецкага бізнэсу так ці інакш зьвязаная з Беларусьсю і зацікаўленая і надалей разьвіваць свае бізнэс-адносіны. Таму ўмовы працы менавіта ў галіне эканамічнага лабаваньня Беларусі ў Нямеччыне, у Польшчы нашмат больш спрыяльныя.
XS
SM
MD
LG