Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбудзе старшыня ПА АБСЭ Жуан Суарыш


Жуан Суарыш (João Barroso Soares)

Жуан Суарыш (João Barroso Soares)

Як паведамілі ў прэсавай службе ПА АБСЭ, на наступным тыдні ў Менску пройдзе сэмінар “Паляпшэньне клімату для замежных інвэстыцыяў”, арганізаваны беларускай рабочай групай Парлямэнцкай Асамблеі ў супрацоўніцтве зь нямецкай фундацыяй Фрыдрыха Эбэрта і пры падтрымцы офісу АБСЭ ў Менску. З гэтай нагоды ў Менск прыбудзе група эўрапейскіх парлямэнтароў зь Нямеччыны, Італіі, Нарвэгіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Швэцыі.

Мяркуецца, што на адкрыцьці сэмінару 11 сакавіка з уступным словам да ўдзельнікаў зьвернецца старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Жуан Суарыш. Суарыш таксама мае намер правесьці сустрэчы зь беларускім кіраўніцтвам, сябрамі парлямэнту, апазыцыйнымі палітыкамі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Усяго на сэмінары чакаюць каля 100 беларускіх удзельнікаў. На мерапрыемства таксама запрошаныя прадстаўнікі Эўракамісіі ды Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Напярэдадні візыту ў Менск дэлегацыі ПА АБСЭ старшыня рабочай групы па Беларусі, дэпутатка нямецкага бундэстагу Ута Цапф выказала думку, што мерапрыемства будзе спрыяць дыялёгу паміж беларускімі ўладамі ды апазыцыяй.

“Спадзяемся, што, зьвярнуўшы ўвагу на паляпшэньне клімату для замежных прамых інвэстыцыяў у гэтыя фінансава цяжкія часы, мы падкрэсьлім неабходнасьць шырэй супрацоўнічаць у рэгіёне АБСЭ”, — заявіла Ута Цапф.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG