Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выпрасіў крэдыт — і прагуляе на курорце?”


Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця беларускага насельніцтва, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



СЛУХАЦЬ:


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працягвае знаходзіцца ў Сэрбіі. Прэзыдэнцкая прэсавая служба паведамляе, што гэта рабочы візыт. Аднак, паводле сэрбскіх мэдыяў, Аляксандар Лукашэнка разам зь сем'ямі сыноў адпачывае на гарналыжным курорце. Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць гэтую тэму:

Спадар: “Вось ужо каторы дзень наш правадыр катаецца на лыжах у Сэрбіі, а па беларускім радыё пра гэта поўная цішыня. Што гэта — дзяржаўная таямніца? Што мы, ня маем права ведаць, дзе знаходзіцца правадыр? Калі краіну паралізаваў крызіс, правадыр катаецца на лыжах...”

Спадар: “Калі гэта праўда, што Лукашэнка паехаў на двух самалётах адпачываць, і са сьвітай — няважна, пад якім прыкрыцьцём ён гэта робіць. І дзяцей сваіх узяў, і г.д. Як можна гэта патлумачыць? Гэта нармальна ці ненармальна? Вядома, ненармальна. Кіне нам “костку” з карупцыяй, падбярэ вострыя факты, ператварыў рэспубліку ў міліцэйскую дзяржаву. Толькі і ўсяго”.

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лукашэнка накіраваўся з рабочым візытам у рэспубліку Сэрбію. Пра гэта паведаміла служба беларускага лідэра. Пытаньне: навошта яму патрэбны 150 чалавек сваякоў і аховы? У дадзены момант гэта можна назваць банкетам падчас чумы. Дадзены візыт ніякіх пытаньняў не вырашае. Трэба адкрыта народу сказаць, што яму вельмі хочацца пакатацца ў гарах на лыжах. І паказаць усяму сьвету, які ён багаты. Пара ўжо даўно ў адстаўку. Вы і ваша каманда прывялі Беларусь да разьбітага карыта”.

Спадар Зіноўеў: “Я думаю, ці патрэбна ехаць у адпачынак падчас крызісу, трэба спытаць у кіраўнікоў гімназіі, дзе вучыцца Віка Лукашэнка”.

Спадарыня: “Вельмі зьдзівіла, што Лукашэнка паехаў у Сэрбію не са сваім малодшым сынам і ягонай маці, а са сваімі старэйшымі сынамі і іх сем’ямі, якія і безь яго могуць адпачываць дзе заўгодна. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне: дзе дама, якая нарадзіла яму Міколку і пра якую ніхто нічога ня ведае? Чаму і навошта ён хавае яе ад людзей? Пытаньні, на якія няма адказаў”.

Спадар, Барысаў:
“Да Беларусі крызіс ніколі ня дойдзе.
Верыш у гэта яму, прэзыдэнту майму.
Відаць, ён выбраў час якраз.
Можа, так лягла яго карта?
Забраў цялят, сыноў, маленькага Колю
Ды ну адпачываць.
Відаць, пры крызісе ён добра жыве,
Дома ў хакей гуляе, а цяпер на горных лыжах катае.
Бо траса ў Сілічах яму не адпавядае.
Бог зь ім, няхай адпачывае.
Толькі тады яму ўмовы трэба казаць:
Перад вылетам у круіз пэнсію старым усім трэба яму падвышаць”.

Спадарыня: “Лукашэнка ходзіць з працягнутай рукой, выпрошвае крэдыт. Возьме крэдыт і ўсё прагульвае. Колькі ён там прагуляе за тыдзень — невядома. Бескантрольна, што захоча — тое і робіць. Ён беларускі народ ня любіць, не паважае ні беларускую мову, ні беларускі народ”.

Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне. Лепш радыё “Свабода”, “Белсат” і апазыцыйныя газэты казалі б, колькі каштуе паездка Лукашэнкі ў Сэрбію, хаця б прыблізна, і гаварылі б пра адказнасьць за выкарыстаньне нашых падаткаў”.

Выказваньне камэнтуе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Літаральна ўчора я падпісаў зварот у Генэральную пракуратуру, каб было праведзена расьсьледаваньне, за які кошт дэлегацыя накіравалася на адпачынак у Сэрбію. Ёсьць адчуваньне, што пералёт аплочваў беларускі падаткаплатнік. І ёсьць інфармацыя, што і сам адпачынак, знаходжаньне ў гатэлі таксама аплачаны беларускімі падаткаплатнікамі. Пачакаем адказу Генэральнай пракуратуры, а пасьля праз “Свабоду” праінфармуем, як працуе ў нас Генэральная пракуратура і за чые грошы пражывае Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнем на іншую тэму:

Спадар: “Зь Сяргеем Дубаўцом я ня згодны часткова. Як бы ні выглядала апазыцыя з гледзішча законапаслухмянасьці ці з маральнага гледзішча, яна ўсё адно лепшая за міліцыянтаў ці за так званых нелюдзяў у цывільным, якім міліцыянты падпарадкоўваюцца, трасучыся ад страху ці ад прыніжэньня. Калі зь іх хто мае хоць сумленьне. Знайсьці парушынку можна ў любым воку, у якім няма бервяна. Тэлевізія ў іх, і пра гэта трэба памятаць. Што атрымліваецца, калі працягнуць думку спадара Дубаўца? Вельмі проста. Каб пачынаць змаганьне іншымі сродкамі і не за ўладу, каб захаваць высокамаральны вобраз апазыцыі. Пры гэтым адасобіўшы самога сябе ня толькі ад апазыцыі, але і ад чалавецтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG