Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом спалілі, гаспадар - у шпіталі


Васіль Хадзькоў

Васіль Хадзькоў

У Маскоўскім судзе Менску пачалі разглядаць адміністрацыйную справу Васіля Хадзькова, чый дом зруйнавалі і спалілі будаўнікі мэтро. Адсяленец, які застаўся без жытла, сёньня з суду патрапіў шпіталь.


Васілю Хадзькову цяпер пагражае арышт за непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады. Суд над Васілём Хадзьковым цягнуўся меней за тры гадзіны і скончыўся тым, што менчука адвезьлі ў 9 менскі шпіталь з дыягназам “гіпэртанічны крыз”. Васіль Хадзькоў згадвае пра судзьдзю Ўладзімера Аўдзеенку, які вядзе працэс:

“Пасьля допыту двух сьведак ён сам убачыў, што мне блага, і прапанаваў мне дапамогу лекараў. Я толькі спытаўся ў яго, ці не прыцягнуць мяне потым за сымуляцыю, а ён адказаў: “Паглядзім”.

Нагадаю, Васіля Хадзькова, які жыў па вуліцы Дзяржынскага ў прыватным доме, выселілі з дома з-за будаўніцтва мэтро. 17 лютага будаўнікі дом зьнесьлі і спалілі. Цяпер на гэтым месцы ўжо выкапаны катлаван. Але судовыя спрэчкі вакол справы працягваюцца. Хадзькоў зьвярнуўся ў пракуратуру. Ён не выключае махінацый з кватэрамі для адсяленцаў. “Інакш чаму мне, якому належалі тры пятых дома, не дасталося асобнай кватэры ў якасьці кампэнсацыі?” — зьдзіўляецца Васіль Хадзькоў.

У адміністрацыі Маскоўскага раёну паведамляюць, што двухпакаёвую кватэру Хадзькову выдзелілі разам з былой жонкай, але ён туды засяляцца адмовіўся. Рашэньне аб прымусовым высяленьні Хадзькова пацьвердзіў і Маскоўскі суд. Хадзькоў сапраўды адмаўляецца засяляцца ў адну кватэру з былой жонкай і яе сынам і патрабуе сабе асобнага жытла.

Сёньня на працэсе над Хадзьковым адбыўся інцыдэнт: удзельнікі працэсу палічылі, што судзьдзя Ўладзімер Аўдзеенка нібыта чыніў ціск на Васіля Хадзькова, і паскардзіліся на яго старшыні Маскоўскага суду. Вось што распавёў сьведка Андрэй Нехвядовіч:

Андрэй Нехвядовіч
“У перапынку мы паскардзіліся на судзьдзю старшыні Маскоўскага суду, і гэта падзейнічала: ён пачаў весьці працэс адносна Хадзькова больш карэктна”.

Ужо апыталі двух сьведак дзеяньняў судовых выканаўцаў і міліцыянтаў 12 лютага. Адзін са сьведак кажа, што судовыя выканаўцы нібыта склалі несапраўдны пратакол.

Васіль Хадзькоў зьбіраецца прадставіць відэазапісы затрыманьня яго міліцыянтамі. Часткова гэтыя запісы былі зьмешчаныя на сайце “Свабоды” 12 лютага.

Зараз Васіль Хадзькоў лечыцца ў 9 менскім шпіталі. “Часова шпіталь будзе мне домам замест страчанага жытла”, — сказаў Васіль Хадзькоў .
XS
SM
MD
LG