Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 4 сакавіка 2009 году.


У гэтыя першыя вясновыя дні тыя грамадзяне Беларусі, якім дарагія ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, па даўняй традыцыі пачынаюць рыхтавацца да сьвяткаваньня Дня Волі — 25 Сакавіка.

Гучыць гэтая тэма і ў пошце “Свабоды”.

Наш даўні сябар Алесь Марціновіч з Баранавічаў разважае пра тое, якімі ідэямі дэмакратычная апазыцыя можа прывабіць на свой бок новых прыхільнікаў у цяперашніх беларускіх умовах. У лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“99 працэнтаў беларусаў разумеюць: уладкаваньне жыцьця паводле заходніх стандартаў — гэта дастатак, парадак і цывілізаванасьць, а вось расейскі эталён жыцьця — хамства і бяспраўе, а сытае жыцьцё — толькі для некаторых...

Тым ня менш беларусы зь незразумелых прычын ня рвуцца стаць часткай Захаду, не імкнуцца, каб іхная краіна ўвайшла ў Эўразьвяз.

Што тут можна хутка выправіць? Найперш да абываталя трэба давесьці наступны факт: у Беларусі створана такая ж алігархічная сыстэма дзікага капіталізму, як і ў Расеі ды Ўкраіне, толькі алігархаў у нас не дзясяткі, а — адзін разам са сваёй камандай абслугі.

А сучасны тып сацыялізму даўно ёсьць у Эўразьвязе — вунь якія дзейсныя сыстэмы сацыяльнай падтрымкі створаны ў краінах Скандынавіі ці ў Нямеччыне.

Дык давайце ўдасканальвацца на заходні манер. У ніводнай краіне Эўразьвязу 6 працэнтаў насельніцтва не батрачыць бяспраўна на будоўлях напаўдзікай Расеі.

...Прыбалты ўвялі візавы рэжым з Расеяй — і нічога, не памерлі. ...Беларуская мова ў Беларусі — усім зразумелая, і гэта зусім не праблема для небеларускамоўнага насельніцтва (адрозна ад Латвіі ды Эстоніі).

... Дзікі рынак і лёзунг “Усіх у прадпрымальнікі!” — хітры ход дзеля выжываньня і ўхіленьня ад адказнасьці прагнілага рэжыму Лукашэнкі...

Лічу, што прыкладна пад такімі лёзунгамі апазыцыі варта выводзіць людзей на вуліцу 25 сакавіка, а таксама на ўсе іншыя масавыя акцыі 2009 году”
.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што людзей можна вывесьці на вуліцу толькі лёзунгамі — якімі б разумнымі, справядлівымі і бясспрэчнымі яны ні былі. Дзеля таго каб запалоханы беларускі абываталь адважыўся на адкрыты публічны пратэст, патрэбны зусім іншыя ўмовы і стымулы.

На працягу апошніх сямі-васьмі гадоў, калі беларуская эканоміка, дзякуючы ёмістаму і платаздольнаму расейскаму рынку, а таксама высокім коштам на нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні і харчаваньне, імкліва расла, апазыцыі не выпадала разьлічваць на масавасьць пратэстаў: большасьць насельніцтва, задаволеная ростам заробкаў і захопленая спажывецкім бумам, мала цікавілася палітычнымі рэаліямі. Але ўсе апошнія месяцы сытуацыя імкліва мянялася і працягвае мяняцца. Чалавек, у якога зьнізіліся даходы, які ня мае магчымасьці выплочваць банкаўскі крэдыт, якому пагражае звальненьне з працы, зусім па-іншаму ўспрымае і супакаеньні ўлады, і заклікі апазыцыі — нават калі яны засталіся нязьменнымі ў параўнаньні зь мінулым годам.

З уласнымі заўвагамі і прапановамі зьвяртаецца на Радыё Свабода Лявон Карповіч зь вёскі Лунна Мастоўскага раёну. У сваім лісьце слухач піша:

“Лічу нелягічным ужываньне ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі слова “прэзыдэнт”. Бо калі ён прэзыдэнт, то, значыць, і выбары былі сапраўдныя. А калі выбары не сапраўдныя, то які ж ён прэзыдэнт? Каму вельмі рупіць, няхай называе яго “так званым прэзыдэнтам”.

Таксама застаюся пры сваёй думцы, што ў дні нацыянальных сьвятаў вам неабходна мець сьвяточную старонку з абавязковым выкананьнем беларускага гімна “Магутны Божа”.

А яшчэ лічу, што на “Свабодзе” варта мець спэцыяльную перадачу для моладзі, а можа, і для дзяцей”
.

Немагчыма (ды, відаць, і не патрэбна) у кожным журналісцкім матэрыяле даваць палітычныя ацэнкі службовым асобам, якія ажыцьцяўляюць сёньня ўладу ў Беларусі, апісваць ступень іхнай легітымнасьці. Калі кіравацца вашай, спадар Карповіч, лёгікай, дык тады “так званымі” трэба называць і старшыняў аблвыканкамаў, і міністраў, і дырэктараў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў — бо ўсе яны прызначаны “так званым прэзыдэнтам”. Ува што тады ператворацца журналісцкія матэрыялы?

Усе палітычныя пераўтварэньні, усе выбары, рэфэрэндумы і зьмены Канстытуцыі, якія адбываліся ў Беларусі на працягу апошніх пятнаццаці гадоў — гэта вялікая і грунтоўная тэма. Большасьці нашых слухачоў яна добра вядомая. Пры жаданьні можна пацікавіцца ёй у архівах нашых перадач. Але вяртацца да яе штодня наўрад ці выпадае.

Мікалая Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну даўно цікавіць і трывожыць лёс беларускай вёскі. Слухач зьвяртае ўвагу на апошнія заявы ўлады пра эканамічную лібэралізацыю і магчымасьць адраджэньня хутароў, на абвяшчэньне 2009 году Годам роднай зямлі. Разважаючы пра ўсё гэта, Мікалай Куксо піша:

“Пры сучаснай сытуацыі аграгарадкі, на якія мае спадзевы ўлада, сябе не апраўдваюць, бо застаюцца жабрацкія калгасныя цуглі, якія не натхняюць на плённую працу.

Што да хутароў, то адрадзіць іх магчыма хіба толькі як турыстычныя аб’екты, бо ў дробных гаспадарках немагчыма прымяніць у поўным аб’ёме сучасныя тэхніку і тэхналёгіі.

А насамрэч адрадзіць сяло з улікам лібэралізацыі можна праз перабудову аграгарадкоў у аб’яднаньні па прыкладзе ізраільскіх кібуцаў. Дзеля гэтага трэба, каб сяляне сталі гаспадарамі і сапраўднымі ўласьнікамі роднай зямлі і прадукцыі, якую яны на гэтай зямлі атрымліваюць.

Трэба аддаць зямлю тым, хто яе апрацоўвае, а таксама нашчадкам былых гаспадароў, якія падчас крызісу абавязкова вернуцца на родную зямлю. Адначасова будзе вырашацца і праблема беспрацоўя.

Але надзея на зьмены ў мяне вельмі малая. І няма ніякага аптымізму, бо ўлада не захоча адпусьціць на волю зацуглянага калгасьніка, якога можна пасадзіць у аўтобус і завезьці на выбарчы ўчастак. А самастойнага гаспадара-ўласьніка ўжо не зацугляеш”
.

Кібуц калісьці быў задуманы пад уплывам камуністычных ідэяў — як сельскагаспадарчая габрэйская камуна з агульнай маёмасьцю і роўнасьцю ўсіх удзельнікаў у працы і спажываньні. Рашэньні ў кібуцы прымаліся агульным сходам, усе працавалі ў меру сілаў і пароўну дзялілі плён працы. Нават харчаваліся ўсе разам — у агульнай сталоўцы. Галоўны прынцып быў зусім камуністычны: “Ад кожнага па здольнасьцях, кожнаму па патрэбе”.

Але прынцып гэты, як і ў СССР, прыстасаваць да чалавечай прыроды не ўдалося... У выніку за апошнія дзесяцігодзьдзі шмат якія кібуцы прыватызавалі значную частку сваёй уласнасьці, так што ад прынцыпаў калектыўнага гаспадараньня мала што засталося. Сёньня гэта ў пераважнай большасьці — пасьпяховыя капіталістычныя прадпрыемствы. Некалькі гадоў таму я правёў тры тыдні ў кібуцы Шфаім недалёка ад Тэль-Авіву. Зь беларускімі аграгарадкамі ён мае мала агульнага. Гатэль, гіпэрмаркет, аквапарк, забаўляльны комплекс — вось што прыносіць яму асноўныя грошы. Зрэшты, невялікая жывёлагадоўчая фэрма там таксама пакуль застаецца.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў ад нашых даўніх сяброў — з заўвагамі, назіраньнямі, просьбамі, уражаньнямі, выкліканымі перадачамі “Свабоды”.

Нам піша Алесь Алесін зь Вілейкі:

“Слухаю вас ужо больш як 15 год. Але мой прыймач “Акіян-222” 1986-га году выпуску настолькі састарэў, што слуханьне ператвараецца ў псаваньне слыху і нэрваў — ня толькі мне, але і ўсёй сям’і. Бацькам гэта асабліва дакучае. Злуюцца. На гэтай глебе паміж намі ўзьнікаюць канфлікты. Але ж я не вінаваты, што якраз падчас перадач “Свабоды” нехта паблізу штосьці ўключае (ці то электразварку, ці пілу, ці яшчэ якую халеру), што не дае вас слухаць спакойна. Сам я інвалід, пэнсія — 156 тысяч рублёў. Дый тую за сьнежань мне зрэзалі за 11 дзён: спазьніўся на “перакамісоўку”, бо з-за хваробы ня змог своечасова абысьці ўсіх патрэбных дактароў. Каб ня гэта, дык была б магчымасьць набыць з рук прымач больш высокае клясы. З працаўладкаваньнем таксама маю праблемы. Мабыць, з-за сваёй беларускасьці, ці з-за прыхільнасьці да “Свабоды”. Але, нягледзячы ні на што, застаюся вашым слухачом”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Алесін зь Вілейкі.

Вам, Алесь, як нашаму даўняму сябру і аўтару шматлікіх цікавых лістоў, мы дасылаем падарунак — кароткахвалевы прыймач, дзякуючы якому, спадзяемся, і наша сяброўства, і лад у вашай сям’і застануцца на доўгія гады.

І яшчэ адзін ліст. Эдуард Зяновіч зь Ліды напісаў на “Свабоду”, атрымаўшы ад нас паштоўку з выявай Гарадзенскага фарнага касьцёла. Гэтая паштоўка слухачу пра многае нагадала. Ён піша:

“Мне адразу ўспомнілася дзяцінства, якое праходзіла ў Гародні. Там я вучыўся і хадзіў у гэты храм, ля ўваходу ў які — скульптура Хрыста, які нясе на сваіх плячах крыж збавеньня. Тады ў гэтым храме служыў ксёндз-пробашч Казімір Шаняўскі, які вучыў мяне і рыхтаваў да першай споведзі і камуніі ў шчучынскім касьцёле. Ён мяне добра ведаў і памятаў. Вадзіў па ўсім касьцёле, па сутарэньнях, усё паказваў і расказваў. Было вельмі цікава і займальна”, —

— гэта быў фрагмэнт зь ліста Эдуарда Зяновіча зь Ліды.

Дзякуй, спадар Зяновіч, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG