Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пісьменьнікі з рэгіёнаў: “спрошчаныя”, крыўдлівыя, але – зь верай у Літаратуру”


Лера Сом

Лера Сом

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Лера Сом. Сёньня грамадзкі рэдактар тыдня Лера Сом разважае пра Літаратару рэгіёнаў…


Усе калі-небудзь слухалі рэгі… Ну, няхай ня слухалі, дык песеньку-другую чулі.

Усе калі-небудзь чыталі рэгіянальных пісьменьнікаў. І нават імя-другое прыгадаць змогуць…

Паўтараюцца просьценькія рытмы…

Замыкаецца досыць абмежаванае кола тэмаў…

Музыка добрага настрою і сонечных пляжаў.

Літаратура, крута замешаная на традыцыі – “нашаніўскай”, “сацрэалізму”, “шасьцідзясятнікаў”: а-ля выдатны празаік Б., а-ля выбітны народны
паэт С…

Адна-дзьве менскія кніжкі… Або стосік самвыдату зь мясцовай друкарні.

Рэдкія публікацыі ў сталічнай рэспубліканскай прэсе. Такія ж рэдкія наведваньні сталіцы, дзе цяпер ня ведаеш асабліва, куды і сунуцца – Дома літаратара як цэнту прыцягненьня пішучых ужо няма…

Крыўда на маладых ды раньніх – тых, што валодаюць мовамі, езьдзяць па замежжах, кожны год выдаюць па кніжцы.

Крыўда на старэйшае літаратурнае пакленьне менчукоў – што не адстаялі Дом літаратара, часопісы, выдавецтвы…

Крыўда на наваствораны падуладны СП – за тое, што ім там быццам бы нешта перападае…

Крыўда на сябе саміх – што не прабіліся, не пераехалі, ня выдраліся з гэтай горача любімай правінцыі, не далучыліся да кола абраных…

…Я іх люблю, гэтых часьцяком адыёзных і празьмерна ганарлівых літаратараў.

За тое, што, нягледзячы на частыя кпіны сямейнікаў і суседзяў, працягваюць пачувацца творцамі.

За годнасьць у сваёй самоце і параненасьці.

За тое, што яшчэ пішуць.

За тое, што яшчэ вераць у Літаратуру.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Лера Сом. Беларуская паэтка і бард. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Адзін з кіраўнікоў полацкага літаратурнага аб'яднаньня «Наддзвіньне». На яе творчым рахунку кнігі “Блюз каралеўскае кухні”, “Адзінокая зорка”, “Там, на небе”, “Свабода Слова Зіма”. Нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў пяты па ліку зборнік Леры “Каралева прыйдзе ноччу: вершы пра каханьне”. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і філфак БДУ. Працуе выкладчыцай маляваньня і беларускай мовы і літаратуры ў Полацкай сярэдняй школе №. 5. Сябра сойму Партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG