Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мур: “Мы будзем далей сачыць за працэсам над Дубскім”


Джонатан Мур

Джонатан Мур

Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур сёньня даў інтэрвію Радыё Свабода з нагоды публікацыі справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША па правах чалавека за 2008 год.

СЛУХАЦЬ:


Сярод іншага ён адказаў і на пытаньні пра апошнія падзеі ў Беларусі, зьвязаныя з праблемамі правоў чалавека, у тым ліку пракамэнтаваў сёньняшні працэс над Арцёмам Дубскім.

Каліноўскі: “Сёньня ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці судзяць аднаго зь фігурантаў леташняй “справы 14-ці” Арцёма Дубскага. Прадстаўнік амбасады ЗША знаходзіўся на гэтым працэсе. Вы лічыце гэты працэс палітычным?”

Мур: “Так, наш прадстаўнік прысутнічаў на працэсе. Мы назіраем за судовымі працэсамі і іншымі падзеямі ў Беларусі, гэта частка нашай дыпляматычнай працы тут. Разам з нашым дыпляматам на працэсе прысутнічаў і прадстаўнік АБСЭ. Сёньня быў агучаны прысуд, пасьля якога спадара Дубскага вызвалілі. Наколькі я ведаю, будзе яшчэ адзін крымінальны працэс. Мы зь цікавасьцю будзем сачыць за ім. Але на гэты момант я не магу непасрэдна характарызаваць гэты працэс”.

Каліноўскі: “Апрача Арцёма Дубскага, пад крымінальны перасьлед патрапілі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, супраць якіх цяпер вядзецца сьледзтва нібыта за падпалы і падрывы маёмасьці чыноўнікаў. Летась ЗША разам зь іншымі краінамі Захаду дамагліся вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў. Сёлета апанэнты рэжыму, які кіруе ў Беларусі, зноў апынуліся за кратамі. Ці разглядаеце вы іх як новых палітвязьняў?”

Мур: “Як вы слушна адзначылі, ЗША разам з Эўразьвязам сочаць за гэтымі справамі. І пакуль мы не пабачым, як гэтыя справы вядуцца, якія абвінавачаньні выстаўляюцца гэтым людзям і якія доказы падаюцца, мы будзем сачыць за гэтым, але мы ня будзем рабіць ніякіх высноваў, — да таго часу, пакуль працэс ня будзе завершаны”.

Каліноўскі: “На мінулым тыдні была апублікаваная справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША па правах чалавека. Яна апісвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як “вельмі кепскую”, хаця і адзначае некалькі пазытыўных момантаў. Скажыце, спадар Мур, як, на вашую думку, паўплывае гэтая справаздача на далейшую палітыку ўраду ЗША адносна беларускіх уладаў?”

Мур: “Справаздача па правах чалавека падрыхтаваная Дзяржаўным дэпартамэнтам, і, такім чынам, яна прадстаўляе афіцыйную пазыцыю Злучаных Штатаў. Гэта дакумэнт, які не абавязкова ўплывае на палітыку, ён больш прадстаўляе фундамэнтальны падыход. У справаздачы сапраўды адзначаюцца сытуацыі, якія выклікалі занепакоенасьць. У ёй таксама адзначаюцца паляпшэньні, які адбыліся летась. Мы хочам быць аптымістычнымі і спадзяемся, што ў справаздачы па выніках 2009 году будзе адзначана болей пазытыўных зьменаў”.

Цалкам інтэрвію Часовага паверанага ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатана Мура слухайце ў нашым эфіры і чытайце на сайце заўтра.
XS
SM
MD
LG