Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі дывізіяў у беларускай апазыцыі?


Назва гэтай нататкі навеяна вядомым рытарычным пытаньнем Сталіна – “Папа рымскі? А колькі ў яго дывізіяў?” Такі звышрэалістычны падыход мае наўпроставае дачыненьне да цяперашніх спрэчак наконт беларуска-эўрапейскага збліжэньня і месца і ролі ў дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем айчыннай апазыцыі. Амаль усе без выключэньня арганізаваныя апазыцыйныя сілы гэтым месцам незадаволеныя. Але наколькі гэтыя крыўды абгрунтаваныя?

Справа ў тым, што пасьля вядомага прыпыненьня эўрапейскіх візавых санкцый зьмяніўся ня толькі, так бы мовіць, ідэалягічны падыход Эўропы да беларускай праблемы, але і падыход тэхналягічны. Раней беларуская ўлада рабіла нешта брыдкае, Захад, і Эўропа ў прыватнасьці, адказвалі на гэта публічным рэзкім асуджэньнем, часам рэакцыя была і больш адчувальнай, скажам, тое ж увядзеньне санкцыяў, у адказ беларускі МЗС прымаў ня менш гнеўныя заявы кшталту таго, што мы не дазволім усякім розным сунуць свой нос у наш гарод і ставіць пад сумнеў выбар беларускага народу. Палітычнае ўзаемадзеяньне, фактычна, адсутнічала – меў месца гэткі гарматны абстрэл гучнымі заявамі з далёкай адлегласьці. У гэтай сытуацыі цалкам натуральна, што заходні бок прыслухоўваўся да парадаў і меркаваньняў беларускай апазыцыі даволі ўважліва: яна ўвасабляла сабой тую альтэрнатыву, за якую Захад змагаўся, да таго ж аргумэнты і меркаваньні людзей, якія жывуць у краіне і абазнаныя ў яе рэаліях, рабілі ідэалягічныя залпы больш пераканаўчымі.

Ня ў тым справа, што Эўропа адмовілася ад сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў, яна адмовілася ад меркаваньня, што такі гарматны абстрэл з далёкай адлегласьці прывядзе да капітуляцыі беларускай улады.
Але з кастрычніка ці крыху раней пачалося менавіта палітычнае ўзаемадзеяньне. Ня ў тым справа, што Эўропа адмовілася ад сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў, яна адмовілася ад меркаваньня, што такі гарматны абстрэл з далёкай адлегласьці прывядзе да капітуляцыі беларускай улады. Але палітычнае ўзаемадзеяньне мае свае законы і як толькі яно пачалося, яны ўступілі ў дзеяньне.

Палітычны дыялёг вонкава вельмі падобны на інтэлектуальную дыскусію і таму людзям інтэлектуальнай працы ўласьціва іх блытаць – хто на што вучыўся. Між тым ёсьць маленькае адрозьненьне: палітычнае ўзаемадзеяньне – гэта сутыкненьне ня толькі аргумэнтаў, але і сілаў, якія стаяць за бакамі, якія перамаўляюцца, самая іх прысутнасьць за сталом перамоваў вызначаецца, груба кажучы, тым, якую шкоду яны могуць зрабіць партнэру па перамовах у выпадку няўдачы дыялёгу і якую карысьць – у выпадку посьпеху.

Некалькі год таму вядомы амэрыканскі публіцыст Чарльз Краўтхамэр у артыкуле пра папу Яна Паўла ІІ пераасэнсаваў цытаваную мной фразу Сталіна. Публіцыст прыгадаў першы візыт папы ў яшчэ камуністычную Польшчу, ягоныя словы “Ня бойцеся”, якія громам прагрымелі на ўсё краіну, а празь некалькі гадоў абярнуліся шматмільённай “Салідарнасьцю”. “На пытаньне Сталіна пра дывізіі Ян Павал ІІ мог бы адказаць: “Паболей, чым у цябе” – пісаў Краўтхамэр.
Тую ж думку ў свой час ляпідарна сфармуляваў Карл Маркс : “Ідэі, якія аволодваюць сьвядомасьцю масаў, робяцца матэрыяльнай сілай”.

І сапраўды так. У 1989 годзе лідэры “Салідарнасьці” юрыдычна былі ня болей чым групай грамадзянаў, ніякія законы ці прынцыпы не абавязвалі камуністычных уладароў ПНР сядаць зь імі за стол перамоваў. А чаму ж селі? Ды таму, што ідэі сапраўды на той момант сталі матэрыяльнай сілай, зь якой камуністы ўжо не маглі не лічыцца.
Ну а якая такая матэрыяльная сіла стаіць за сьпіной беларускіх апазыцыянэраў, такая, зь якой улада не магла б не лічыцца?

Тут праўда ёсьць аргумэнт, што сіла можа і ёсьць, і нават велізарная, але палітычныя ўмовы не дазваляюць яе выявіць. Калі б у Беларусі былі свабодныя выбары і апазыцыя атрымала б на іх, скажам, 10-20-30 працэнтаў галасоў, вось гэта і паказала б яе рэальную моц. У дэмакратычных краінах, напрыклад, пры фармаваньні кааліцыйнага ўраду ад удзельнікаў перамоваў не патрабуецца дэманстраваць сваю моц, выводзячы на вуліцу дзесяткі тысячаў сваіх прыхільнікаў ці арганізоўваючы страйкі. Ну дык тое менавіта ў дэмакратычных.

Адсутнасьць у Беларусі свабодных выбараў – гэта неад’емны элемэнт усёй палітычнай сыстэмы, зломам гэтай сыстэмы стане не перамога апазыцыі на свабодных выбарах, а ўжо самая наяўнасьць такіх выбараў
Адсутнасьць у Беларусі свабодных выбараў – гэта неад’емны элемэнт усёй палітычнай сыстэмы, зломам гэтай сыстэмы стане не перамога апазыцыі на свабодных выбарах, а ўжо самая наяўнасьць такіх выбараў. Нармальны электаральны мэханізм вымярэньня палітычнай моцы ў Беларусь зламаны, аднавіць яго можна, толькі разбурыўшы усю існую палітычную сыстэму. Дык і які ж мэханізм вымярэньня застаецца? Ды той самы, паводле якога Валэнса ў 1989 годзе быў сілай незалежна ад таго, наколькі ягоныя меркаваньні і асабістыя якасьці падабаліся камуністычнай уладзе.

Кіраўнікі Эўразьвязу, якія зараз наведваюць Беларусь, між іншым палітыкі і гэтыя правілы палітычнага ўзаемадзеяньня ведаюць вельмі добра. Таму варта вярнуцца да адной дэталі візыту спадара Саляны ў Менск. Перад сустрэчамі з Мартынавым і Лукашэнкам ён паразмаўляў ... а вось зь кім? З публікай, з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў.

Фарматам сустрэчы ён і запрошаных палітыкаў – Казуліна і Мілінкевіча – “утапіў”, зьвёў на ўзровень адно публікі. Прадстаўнікі публікі могуць выказваць свае пажаданьні і скаргі, якія брусэльскі госьць уважліва выслухаў. Патрабаваць могуць палітыкі, людзі, якія змагаюцца за ўладу і маюць за сьпіной палітычную, гэта значыць, тую самую матэрыяльную сілу, пра якую пісаў Маркс. Але з такімі Саляна напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам не сустракаўся.

Або таму, што не захацеў, або таму, што іх няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG