Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы сталі сьведкамі банкету падчас чумы”


Адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбіі, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця насельніцтва Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць палітоляг Аляксандр Класкоўскі і эканаміст Яраслаў Раманчук.


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візытам у Сэрбіі, паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба. Аднак сэрбскія мэдыі, якія першымі паведамілі пра візыт, заяўляюць, што Аляксандар Лукашэнка разам зь сем'ямі сыноў адпачывае на гарналыжным курорце. Вось як пра гэта выказваюцца слухачы “Свабоды”:

Уладзімер Зьвернік: “У краіне крызіс. Простыя людзі даведзеныя да самага краю. Моцна цярпяць малыя і сярэднія прадпрымальнікі. Вялікія і іншыя прадпрыемствы зачыняюцца альбо пераходзяць на скарочаны графік працы ажно да чатырох-трох дзён на тыдзень. І раптам інфармацыйны выбух: Лукашэнка зь сем’ямі і са сьвітай адпачываюць на гарналыжным курорце ў Сэрбіі. Некаторыя сьведчаць, што кошты ў тых гатэлях вельмі сьціплыя, ня больш за 70 эўра за суткі. Але ж калі нават паверыць у гэта ды памножыць тую лічбу на колькасьць ахвотных адпачываць на курорце, то складаецца ўражаньне, што беларусы сталі сьведкамі сапраўднага банкету падчас чумы. А гэта значыць, што нас усіх моцна абразілі і апусьцілі яшчэ ніжэй, чым раней. Якая ганьба!”

Яцкевіч: “Я вельмі ўражаны, што наш вялікі прэзыдэнт так добра адпачывае. А чаму ж не паехаць? Ільготы з інвалідаў паздымаў, а я ўвесь час думаў, што ён у нас адпачывае ў Бабруйску ў санаторыі на Бярэзіне, дзе радыяцыі пасыпана ня слаба. Сорам, такі ўжо сорам! Як ён крычаў на Шушкевіча, што той скрыню цьвікоў скраў сабе на лецішча. А хто ён сам пасьля гэтага?”

Спадар: “Вось пачуў, што наш прэзыдэнт краіны паляцеў у Сэрбію. Чаго ён туды паляцеў? Там прызналі Косава — мусіць, ён хоча паглядзець на гэта і прызнаць Паўднёвую Асэтыю”.

Спадарыня: “Ну, як можна? На вачах усіх людзей Лукашэнка паехаў адпачываць! Са сваімі сынамі і ўнукамі! Ніякай адказнасьці перад народам. Ніякай маралі! Што хоча, тое і робіць. Малыя дзеці і тыя разумеюць, што такое добра і што такое дрэнна. А тут — не разумеюць. Хоць бы сорам меў! Хіба толькі гэта знарок робіцца”.

Сяргей, Менск: “Чаго гэта Лукашэнка паехаў у Сэрбію адпачываць? Што яму, лядовых палацаў не хапае, што ён у Беларусі набудаваў? А курорты Сілічы, Раўбічы? А як жа з палітыкай імпартазамяшчэньня? А як жа з палітыкай “Купляйце беларускае”? Чаго ён туды паехаў?”

Спадарыня: “Спрачаюцца ў беларускім грамадзтве наконт амаль гарачых поціскаў рук знаных эўрапейцаў з Лукашэнкам. А вынік вось хуткі: выезд яго са сьвітай у Эўропу на царскія ўцехі. Лукашэнка ўсё разумее толькі па-свойму. А можа, стаміўся ад маны? Цікава, ці дазваляе сабе такія разгулы Хавіер Саляна? А беларускія дзеткі плацяць за квіткі ў транспарце па поўнай. Ці дапаможа ім праграма ўсходняга партнэрства з Эўропай?”

Спадар: “Прыхільнікі Лукашэнкі кажуць, што апазыцыя падарожнічае за грошы Захаду. А за якія грошы падарожнічае Лукашэнка? За свае?”

Выказваньні камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

“Я б абстрагаваўся ад эмоцыяў, якія б'юць цераз край у гэтых тэлефанаваньнях, і выказаў тую тэзу, што палітыка павінна быць празрыстай, а кіроўная эліта — падсправаздачнай народу, грамадзтву, незалежным мэдыям і апазыцыі, якая павінна прысутнічаць у сыстэмнай палітыцы і ў парлямэнце”.

Наступныя выказваньні — на тэму эканамічнага крызісу.

Спадар Валер:
“Дзіва на маёй радзіме.
Пры вялікім ураджаі
хлеб ды малако ў крамах даражае.
Відаць, калі будзе 10-мільённы ўраджай,
кошт хлеба яшчэ ў два разы памнажай.
Гэта дзіва ня ў меру,
А дзе браць грошы яшчэ на кватэру?
Што старым рабіць,
Бо пэнсія даўным-даўно на адным месцы стаіць.
Дзякуй яму, Лукашэнку-правадыру”.

Спадар: “Дэмакратызацыі і лібэралізацыі ў Беларусі не было і няма. Пастаянна парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян”.

Пэнсіянэр, Гарадзеншчына: “У адным з апошніх выступленьняў наш прэзыдэнт супакоіў: з голаду не памрэм, выжывем. Цікава, зь якімі заробкамі выжываюць нашы дэпутаты, міністры, кіраўнікі раёну, вобласьці? Ды, урэшце, і сам прэзыдэнт?”

На пытаньне адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Міністры і розныя кіраўнікі — яны зарабляюць вельмі многа ў параўнаньні з пэнсіянэрамі. Іхнія заробкі — ад паўтары тысячы даляраў штомесяц і больш. Я ведаю чыноўнікаў, якія маюць заробак дзесяць тысяч даляраў. Таму крызіс для іх — гэта магчымасьць узяць у бюджэце больш грошай, каб кіраваць вамі і намі”.

Далей выказваньне пра сьвяткаваньне ў Беларусі 8 сакавіка:

Мікола Цяліца, Менск: “Мы, мужчыны, павінны рабіць усё, што ад нас залежыць, каб нашы жанчыны штодзённа адчувалі сьвяточны настрой. Нельга так, каб падчас вялікага посту рабіліся грандыёзныя вясельлі, скокі, п’янкі, гулянкі з нагоды так званага сьвята 8 сакавіка, прыдуманага камуністкай зь Нямеччыны. Бо гэта відавочная зьнявага пачуцьцяў вернікаў. Тым больш у нашых жанчын ёсьць сапраўдныя сьвяты, сярод якіх Дзень маці. На мой погляд, было б лепш зрабіць другі дзень Пасхі Хрыстовай непрацоўным”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG