Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Дубскі ў СІЗА


Арцём Дубскі
Арцём Дубскі

У Асіповіцкім судзе адбыўся судовы працэс над маладафронтаўцам Арцёмам Дубскім, фігурантам “працэсу 14-ці”.


13:30
Арцёма Дубскага перавялі ў сьледчы ізалятар. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле 415 артыкулу – парушэньне рэжыму падчас адбыцьця пакараньня . Цяпер чакаюць сьледчага, які будзе весьці ягоную справу. Сваякам Арцёма патлумачылі, што хлопца ўжо не адпусьцяць. Яму дазволілі перадаць цёплыя рэчы і харчы.



13:20 Каля будынку Асіповіцкай міліцыі сабраліся больш за 40 супрацоўнікаў міліцыі, сярод іх былі супрацоўнікі дэпартамэнту аховы з аўтаматамі. Яны сачылі за тым, каб моладзевыя актывісты не маглі прайсьці ў будынак, дзе знаходзіцца Арцём Дубскі. Маці Арцёма таксама не пусьцілі ў будынак, перад ёй зачынілі дзьверы. Да РАУСа таксама пад’ехала і вадамётная машына. Аднак маладзёны разгарнулі расьцяжку “Свабоду Арцёму Дубскаму!” і бел-чырвона-белы сьцяг і трымаюць ягоныя партрэты. Яны скандуюць “Жыве Беларусь!”, “Свабоду Дубскаму!”



13:05
Судзьдзя Аляксандар Русак вырашыў спыніць крымінальную справу супраць Арцёма Дубскага паводле факту нанясеньня ўрону кампаніі Вэлкам у памеры 5 мільёнаў рублёў і вызваліць яго з-пад варты.



Аднак, пасьля таго як Арцём выйшаў на волю, супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго і патлумачылі, што мусяць паразмаўляць зь ім у міліцыі. Яны патлумачылі, што той факт, што Арцём самавольна зьехаў ва Ўкраіну падчас адбыцьця пакараньня, лічыцца злосным парушэньнем рэжыму адбыцьця пакараньня. Цяпер ў Асіповіцкай міліцыі яны мусяць вызначыцца – адпускаць хлопца і залічыць яму папярэджаньне ці ўжыць да яго больш жорсткія меры, узяць яго пад варту.


Згодна з заканадаўствам, справу супраць Арцёма Дубскага могуць спыніць і ў тым выпадку, калі міліцыянты палічаць ад’езд Арцёма ва Ўкраіну як другое парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня. Калі так станецца, то яго могуць адпусьціць на волю. Усе прысутныя чакаюць, што Арцём хутка выйдзе на волю.

11:45
У справе Арцёма Дубскага абвешчаны перапынак.

Судзьдзя Аляксандар Русак разглядаў справу пра сім-карту, якую суд вылучыў у асобную частку.

Нагадаем, 2 красавіка Арцём Дубскі і ягоны знаёмы знайшлі ў раёне Асіповіцкага вакзалу сім-картку ад чужога мабільнага тэлефона. З гэтай карткі быў зроблены выхад у інтэрнэт і кампаніі “Вэлкам” быў нанесены ўрон на 5 мільёнаў рублёў. Жанчына, якая згубіла картку, пасьля таго як атрымала ліст ад кампаніі “Вэлкам”, зьвярнулася ў міліцыю, каб знайшлі людзей, якія скарысталіся яе карткай. Арцём патлумачыў у судзе, што міліцыянты пагражалі яму, што ён мае тры папярэджаньні і яго накіруюць у СІЗА, таму ён зьехаў за мяжу. І суд адбыўся безь яго. Калі Арцём ехаў з Украіны 13 лютага, каб узяць удзел у акцыі да дня Сьвятога Валянціна, яго зьнялі з цягніка і адвезьлі ў Бабруйскі СІЗА. Усе прысутныя думалі, што судзіць Арцёма будуць за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня.

Напрыканцы судовага паседжаньня пацярпелая заявіла, што гатовая прымірыцца з Арцёмам, і папрасіла спыніць супраць яго крымінальную справу, паколькі маці Арцёма выплаціла ўсю суму.


11:00
У судзе разглядаюць крымінальную справу, якую завялі на Арцёма падчас адбыцьця пакараньня, абвінаваціўшы хлопца ў тым, што ён з чужой сім-карткі выйшаў у інтэрнэт. Арцём зьехаў ва Ўкраіну. Паводле завочнага прысуду ён мусіць заплаціць кампаніі “Velcom” тры з паловай мільёны рублёў.

Падтрымаць актывіста прыехалі лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, актывісты іншых незарэгістраваных моладзевых арганізацый, лідэры прадпрымальніцкага руху, палітыкі Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША. Таксама ў залі знаходзіцца маці Арцёма. Заля змагла зьмясьціць не ўсіх жадаючых, трапілі каля 45 чалавек.

Акцыя падтрымкі на вуліцах Асіповічаў

Арцёма Дубскага трымаюць у клетцы.

Вядзе працэс судзьдзя Аляксандар Русак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG