Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: Мы спадзяемся на мяккі прысуд


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Сёньня Асіповіцкі раённы суд пачне разгляд крымінальнай справы супраць актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, фігуранта “працэсу 14-ці” Арцёма Дубскага. Госьць ранішняга эфіру Свабоды -- лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.

Эфір 3 сакавіка, 8 гадзіна раніцы.

Ганна Соўсь: Арцёма Дубскага вінавацяць ва ухіленьні ад адбываньня пакараньня. Хлопцу пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Госьць ранішняга эфіру лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч з намі на простай тэлефоннай сувязі з Магілёўшчыны. Ён як раз накіроўваецца ў Асіповічы на суд. Зьміцер, ці шмат маладафронтаўцаў плянуюць прыехаць падтрымаць Арцёма Дубскага на судзе?

Зьміцер Дашкевіч: Так, вельмі шмат і з розных гарадоў Беларусі. Шкада, што некаторых нашых сяброў затрымалі ўчора ў Менску. Іх сёньня таксама будуць судзіць па адміністрацыйным кодэксе за акцыю салідарнасьці з Арцёмам Дубскім. Таму некаторыя менчукі будуць іх падтрымліваць у судзе ў Менску. Астатнія ўсе нашы сябры едуць у Асіповічы.

Соўсь: Зьміцер, а зараз я прапаную вам і нашым слухачам паслухаць сюжэт Андрэя Белагубава.

Арцём Дубскі – фігурант “справы 14-ці”. 23 красавіка 2008 году за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў спэцкамэндатуру. Пакараньне ён адбываў па месцы жыхарства, у Асіповічах. Мясцовая міліцыя тройчы выносіла хлопцу папярэджаньні за нібыта парушэньне рэжыму. У кастрычніку Арцём зьехаў на Ўкраіну, каб папрасіць там палітычнага прытулку.

“Арцём зьехаў на Ўкраіну пасьля таго як яму пагражала трэцяя крымінальная справа. У сувязі з гэтым ён быў абвешчаны ў вышук. Калі Арцём з-за праблемаў у сям’і вяртаўся дамоў 14 лютага яго зьнялі зь цягніка і адправілі ў СІЗа”, паведамілі ў прэсавай службе “Маладога фронту”.

На суд Арцёма Дубскага прывязуць з бабруйскага сьледчага ізалятару. Да суду ён падрыхтаваны.

“Было некалькі сустрэч Арцёма з адвакаткай, з Тамарай Сідарэнкай. Ён пачуваецца бадзёра. Настрой у яго добры. Толькі адзінае, ён крыху прыхварэў. У яго высокая тэмпэратура. Умовы ў камэры вельмі дрэнныя. Там заўсёды паляць. У камэры дваццаць адзін чалавек і ён адзіны хто ня паліць. І гэта ня дужа станоўча адбіваецца на ягоным здароўі”.

Ад дня зьняволеньня актывіста штодзень у Беларусі праходзілі акцыі салідарнасьці з ім. Без падтрымкі не застанецца Арцём і на судзе. У Асіповічы прыедуць яго шматлікія паплечнікі.



Арцёму Дубскаму 22 гады. Ён кіраўнік асіповіцкай суполкі "Маладога фронту". Летась 6 кастрычніка на хлопца была заведзеная яшчэ адна крымінальная справа паводле артыкулу "Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу". Яго вінавацяць у тым, што ён скарыстаўся чужой сім-картай, каб атрымаць доступ да інтэрнэту. За гэтую паслугу ён нібыта вінаваты мабільнаму апэратару "Velcom" тры мільёны рублёў.

А вось як Арцём Дубскі 17 кастрычніка 2008 году з Украіны пракамэнтаваў для Свабоды некаторыя недарэчнасьці сваёй справы.

“Вельмі дзіўна выглядаюць некалькі фактаў. Ну, напрыклад, тое, што той жа “Velcom”, які вельмі добра лічыць свае грошы і блякуе сваіх абанэнтаў за мінус дзьве-тры тысячы рублёў, не зрабіў гэтага пры такім велізарным мінусе на рахунку. Пяць мільёнаў — гэта ўсё ж такі грошы.

Другое, чаму sim-карта, якая была згубленая ў красавіку, толькі цяпер выйшла ў вышук, і толькі цяпер знайшлі чалавека? Тэхнічна гэта ўсё можна вельмі проста зрабіць”.



Соўсь: А з намі на простай тэлефоннай сувязі з Магілёўшчыны лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Зьміцер, якога рашэньня суду вы чакаеце?

Дашкевіч: На вялікі жаль, у беларускіх умовах вельмі цяжка нешта прадказваць. Безумоўна, усе мы спадзяемся на мяккі прысуд – на нейкі штраф і вызваленьне нашага сябра Арцёма. Спадзяемся, што з дапамогаю ўнутрыграмадзкай салідарнасьці, міжнароднага ціску рэжым Лукашэнкі пойдзе на такія саступкі.

Соўсь:
Зьміцер, як вы ўжо гаварылі, учора пяць актывістаў “Маладога фронту” затрымалі ля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта за расьцяжку “Не палітычнаму тэрору”. Двух непаўнагадовых адпусцілі, а Юлію Міхайлаву, Міколу Дземідзенку, Вадзіма Ханяўку адвезьлі ў турму на Акрэсьціна і сёньня будуць судзіць у судзе Ленінскага раёну Менску. Зьміцер, скажыце, калі ласка, пасьля абвяшчэньня беларускімі ўладамі лібэралізацыі, наколькі адчулі яе актывісты “Маладога фронту”? Маштаб рэпрэсій застаўся тым жа самым альбо паменшыўся ці павялічыўся?

Дашкевіч: Маштаб рэпрэсіяў не паменшыўся ў дачыненьні да актывістаў “Маладога фронту”. Ён, можа, перайшоў у трошкі іншае вымярэньне. Калі раней улада банальна садзіла ў турмы на 15 сутак, то цяпер імкнуцца больш ўжываць ціск праз бацькоў (ім тэлефануюць супрацоўнікі КДБ), праз выкладчыкаў школаў( да іх прыходзяць супрацоўнікі сілавых структураў). І таму мы уважаем на тое, што ніякіх сыстэмных зьменаў за тыя пяць месяцаў, калі Эўропа пачала так званы дыялёг з Лукашэнкам, не адбылося ў Беларусі.

Соўсь: У гэтых умовах колькасьць сяброў арганізацыі застаецца нязьменнай? Ці зьяўляюцца новыя актывісты ў “Маладым фронце”?

Арцём Дубскі прыйшоў у “Малады фронт” ужо пасьля майго зьняволеньня падчас акцый салідарнасьці са мной і з маладафронтаўцамі, якіх тады судзілі па крымінальным кодэксе
Дашкевіч:
Безумоўна, так. Да “Маладога фронту” далучаюцца ўсё новыя і новыя актывісты. І, можа быць, гэта зьвязана нават з тымі рэпрэсіямі. Я магу гэта параўнаць на прыкладзе свайго суду. Калі ўлада імкнулася праз крымінальныя перасьледы арганізацыю зьнішчыць, то наадварот крымінальны перасьлед толькі ўзмацняў арганізацыю, прыводзіў новых паплечнікаў, якія імкнуліся бараніць сябе, сваю Бацькаўшчыну. Таму я перакананы , што ўсе гэтыя рэпрэсіўныя захады Лукашэнкі выжылі сябе, ён праводзіць іх толькі ад безвыходнасьці, пэўна.

Соўсь: Зьміцер, давайце вернемся да суду на Арцёмам Дубскім. Раскажыце пра яго слухачам “Свабоды “. Як ён прыйшоў у “Малады фронт”? Удзелам у якіх акцыях вылучыўся? Як трымацца ягоныя бацькі?

Дашкевіч: Арцём Дубскі прыйшоў у “Малады фронт” ужо пасьля майго зьняволеньня падчас акцый салідарнасьці са мной і з маладафронтаўцамі, якіх тады судзілі па крымінальным кодэксе. Ён праявіў сябе надзвычай мужным, адданым паплечнікам. У Асіповічах, дзе ён кіраваў нашай структурай, ці не штодня адбываліся розныя акцыі, інфармацыйныя мерапрыемствы. Таму мы імкнемся ўсімі магчымымі сіламі падтрымоўваць Арцёма ў гэтай складанай сытуацыі, выказваць яму салідарнасьць і ягоным бацькам. Яны, дзякуй Богу, трымаюцца добра. І спадзяемся, што сёньня пабачаць свайго сына.

Даражэнькі брат, трымайся! Ведай, што няпраўда заўсёды будзе пасаромлена, а тыя, што прагнуць справядлівасьці, яны насыцяцца
Соўсь
: Зьміцер, магчыма, ў бабруйскім сьледчым ізалятары Арцём мае магчымасьць слухаць Радыё Свабода, магчыма, нас слухаюць ягоныя сябры, паплечнікі, родныя. Як бы вы павіталі Арцёма перад судом?

Дашкевіч: Даражэнькі брат, трымайся! Ведай, што няпраўда заўсёды будзе пасаромлена, а тыя, што прагнуць справядлівасьці, яны насыцяцца.

За хадой судовага паседжаньня вы можаце сачыць на нашым сайце svaboda.org.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG