Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Міжнародны дзень пісьменьніка. Рашэньне пра адзначэньне 3 сакавіка Міжнароднага дня пісьменьніка прыняў у 1986 годзе 48 кангрэс ПЭН-клюбу. За 23 гады існаваньня гэтае даты ў многіх краінах склаліся традыцыі яе сьвяткаваньня. Выглядае, аднак, што беларускія пісьменьнікі яшчэ ня маюць завядзёнкі шанаваць сёньня свой прафэсійны дзень.


Знаны паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін даведаўся пра сёньняшняе сьвята з нашага віншаваньня, аднак, дадаў, што такое сьвята ў Беларусі было б зусім ня лішняе.

“Яно было б патрэбнае. Патрэбнае не пісьменьнікам, якія нешта робяць у прозе, у паэзіі, у крытыцы, а патрэбнае людзям – чытачам і грамадзтву. Калі б грамадзтва дастаткова сур’ёзна ставілася да сваёй літаратуры, да літаратурнага працэсу, да майстроў літаратуры і дзеля гэтага адзначала б сьвята – ну мне здаецца, што гэта было б вельмі і вельмі хораша”.

Каардынатар Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш мяркуе, што беларускае грамадзтва яшчэ не адчувае патрэбы ў гэтым сьвяце .

“Кожнае сьвята павінна мець карані, зьвязаныя з пэўнымі традыцыямі, зьвязаныя з патрэбай гэтага сьвята, з чаканьнем гэтага сьвята. Ну а калі гэтае сьвята – штучнае, то яно і не прыжываецца. Можна адзначыць сёлета гэты дзень, а на наступны год забыцца пра яго”.

А вось пакаленьне трыццаці-саракагадовых літаратараў не адпрэчвае дату, усталяваную 23 гады таму ПЭН-клюбам, міжнароднай арганізацыяй, якая выступае за свабоду слова ва ўсіх краінах. Свой час яны спрабавалі яго неяк адзначаць, праўда, ня надта пасьпяхова. Але, на думку паэта і выдаўца Зьмітра Вішнёва, трэба рабіць новыя арганізацыйныя захады па ўвядзеньні сьвята ў беларускія рэаліі.

“Гэта хутчэй за ўсё сьвята ня толькі і ня столькі для пісьменьнікаў, колькі чарговым разам можа быць нагода нагадаць чытачу пра тое, што ёсьць культура, ёсьць літаратура, і ня варта на гэта забывацца, а хадзіць у крамы купляць кніжкі”.

мне здаецца, што ў гэты дзень можа быць варта было б маладым літаратарам разам схадзіць на каву, напрыклад
А маладыя прадстаўнікі беларускага прыгожага пісьменства лічаць, што сёньняшняя дата – нагода для гуртаваньня разрозьненых айчынных творцаў. Гаворыць паэтка і літаратурны крытык Віка Трэнас:

“Я спадзяюся, што ў Міжнародны дзень пісьменьніка будзе добрае надвор’е і ўсе мы ўсьміхнёмся і будзем аптымістычнымі, будзем з надзеяй глядзець у будучыню нашай найноўшай беларускай літаратуры. Таму мне здаецца, што ў гэты дзень можа быць варта было б маладым літаратарам разам схадзіць на каву, напрыклад. І ўвогуле, мне здаецца, што нагодаў для таго, каб пісьменьнікі гуртаваліся, цяпер павінна быць усё болей. Урэшце мы ўсе робім адну важную справу, важную і, мне падаецца, высакародную”.

Ні Саюз беларускіх пісьменьнікаў, ні Беларускі ПЭН-цэнтар ніякіх імпрэзаў сёньня не праводзіць.
XS
SM
MD
LG