Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На псыхіятрычным уліку — кожны дваццаты беларус


Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, зараз на плянэце жыве больш за 450 мільёнаў людзей, якія пакутуюць на псыхіятрычныя захворваньні. У Беларусі больш за паўмільёна чалавек на ўліку ў псыхіятраў і псыхатэрапэўтаў. Наколькі даступная псыхіятрычная, псыхатэрапэўтычная дапамога, якія прычыны рост расстройстваў?

У Беларусі з году ў год расьце колькасьць псыхічна хворых. Паводле інфармацыі галоўнага псыхіятра Міністэрства аховы здароўя Паўла Рынкова, першасная захворваемасьць ў 2008 годзе вырасла з 669 да 686 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. А ўсяго зараз пацыентаў у мэдыкаў на траціну больш, чым, да прыкладу, у 2002 годзе. Псыхіятар Ігар Сарокін выказаў такое меркаваньне:

“Не заўсёды павелічэньне колькасьці ўзятых на ўлік зьяўляецца адмоўным паказьнікам. У дадзеным выпадку, я думаю, удасканальваецца, кшталтуецца і псыхатэрапэўтычная служба, і псыхіятрычная служба ў краіне, таму людзі ахвотней, зь меншым страхам зьвяртаюцца да адмыслоўцаў”.

Галоўны псыхіятар краіны Павал Рынкоў перакананы, што калі ёсьць малейшыя падазрэньні на праблемы — трэба зьвяртацца да спэцыялістаў:

“Раней пачаў лячэньне — больш спрыяльны яго вынік. Тут прынцып адзін у любой паталёгіі: што ў хірургічнай, што ў тэрапэўтычнай, што ў псыхіятрыі. Калі на вагі ставіць апасеньні за сацыяльныя наступствы звароту да псыхіятра — паставяць на ўлік, як паглядзяць на гэта родныя, не дай Бог суседзі даведаюцца, пачнуцца абмежаваньні ў прафэсійнай дзейнасьці, а на другую чашу паставіць здароўе — то што важней? Здароўе важнейшае!”

Нэўроляг Васіль Аўраменка сьведчыць: павялічваецца колькасьць і нэрвовых расстройстваў, так званых памежных станаў. Ён аналізуе і прычыны росту:

“Расьце адразу і тое, і тое: больш і памежных захворваньняў, і больш, так бы мовіць, зламежных расстройстваў. Гэта злучаныя сасуды. Пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў — самы першы паказьнік, што ўплывае на здароўе ўвогуле, у тым ліку і на псыхічнае. А ўсё астатняе — колькасьць дактароў, узровень разьвіцьця мэдыцыны, а потым ужо экалёгія, а пасьля — усе астатнія фактары”.

Беларусь застаецца ў лідэрах па колькасьці самагубстваў, якія часьцяком зьяўляюцца вынікам псыхічных расстройстваў. Летась скончыла жыцьцё суіцыдам 2662 беларусы (28 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Але істотна павялічылася колькасьць псыхічна хворых зь іншай прычыны, перакананы псыхіятар Ігар Сарокін:

За кошт алькагалізацыі ўзрастае колькасьць трывожных парушэньняў, дэпрэсіўных парушэньняў.
“Расьце колькасьць хворых на алькагалізм і павялічваецца колькасьць алькагольных псыхозаў урэшце рэшт. За кошт алькагалізацыі ўзрастае колькасьць трывожных парушэньняў, дэпрэсіўных парушэньняў”.

Нэўроляг Васіль Аўраменка, што да сваёй спэцыялізацыі, дадае:

“Я думаю, нэўратычныя захворваньні перавагаюць. Нэўрозы і астэнізацыя — колькасна гэта больш. І, напэўна, праблемы, зьвязаныя са злоўжываньнем алькаголю. Алькаголь таксама да псыхічных парушэньняў прыводзіць. У Беларусі пастаўлены рэкорд па ўжываньні алькаголю сёлета. Гэта таксама ня можа не адбіцца. Міма роту ніхто ж яго не ліе — заліваецца ў страўнік, ў пячонку. І ў мазгі таксама”.

За мінулы год колькасьць штатных псыхіятраў і псыхатэрапэўтаў у краіне скарацілася. Псыхіятраў — з 834 да 824, псыхатэрапэўтаў з 670 да 634. Не хапае нэўролягаў, псыхолягаў. Дый і ў народа яшчэ моцная засьцярога перад гэтымі спэцыялістамі, лічыць Васіль Аўраменка:

“У нас, на жаль, з савецкіх часоў страх перад псыхіятрыяй — можа быць, гэта вынікі карнай псыхіятрыі, таму што людзі памятаюць, калі яна была органам пакараньня. Па інэрцыі яшчэ застаецца перакананьне, што псыхіятры — гэта лекары, да якіх лепш не зьвяртацца. І сапраўды, чалавек да апошняга цягне, каб не ісьці”.

Атрымлітваецца парадокс: з аднаго боку, амыслоўцы адзначаюць, што людзі сталі больш ўважліва ставіцца да свайго псыхічнага здароўя, з другога — праблемы застаюцца, лічыць галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў:

Гэта наступствы такой 70-гадовай палітыкі партыі і ўраду, калі ўсе іншадумцы, няўгодныя прызнаваліся душэўна хворымі.
“Калі на Захадзе нават прэстыжным зьяўляецца мець свайго асабістага псыхоляга, псыхааналітыка альбо псыхіятра, то ў нас слова «псыхіятрыя» выклікае «сьвяшчэнны жах» у насельніцтва — гэта наступствы такой 70-гадовай палітыкі партыі і ўраду, калі ўсе іншадумцы, няўгодныя прызнаваліся душэўна хворымі. Гэта ламаць трэба, але гэта не аднаго дня праца — гэта доўгая песьня”.

Перасьлед па палітычных матывах быў у савецкі час. Адно са сьведчаньняў таму — справа беларуса Міхася Кукабакі, які адмовіўся ехаць ў 1968 годзе ў Чэхаславаччыну. Спэцыялісты Маскоўскага інатытуту імя Сербскага прызналі яго шызафрэнікам. На 17 гадоў засадзілі ў лягеры. Зараз здараюцца асобныя выпадкі таксама. Так, два гады таму прымусова была зьмешчаная ў Магілёўскі псыхіятрычны шпіталь моладзевая актывістка Крысьціна Шацікава. Прычым ад маці хавалі, што яе дачка ў псыхушцы, тая вымушаная была зьвярнуцца да журналістаў, міліцыянтаў. Распавядае Сьвятлана Шацікава:

“Выйшла доктар. Твар злы, сама напружаная, і кажа, што гэта такая таямніца, нельга тры дні паведамляць, дзе чалавек знаходзіцца. Я кажу: мая дачка — нармальная, толькі не каліце ёй якія-небудзь лекі, яе выклікалі ў КДБ, потым выкралі. А яна кажа: каб вы не крычалі пад вокнамі, нам бы не давялося калоць ёй супакойваючыя лекі. Тут я зразумела, што яе нават прывязвалі…”

Крысьціну ўтрымлівалі тры дні, спасылаючыся на тое, што выходныя, а толькі ў панядзелак можна правесьці кансіліюм і даць адпаведнае заключэньне. Потым Крысьціна распавяла, што яе сапраўды прывязвалі да ложку, прымусова калолі лекі. Сьвятлана Шацікава, натуральна, занепакоеная была і здароўем дачкі, але яе зьдзівіла, чым цікавілася псыхіятар:

“Выйшла лекар, загадчыца восьмага аддзяленьня. Яна кажа: «Так, ваша дачка нармальная, проста яна такая неардынарная асоба». Я кажу: «Ну, у яе бываюць галаўныя болі, паніжаны ціск». Яна кажа: «Псыхіятра галаўны боль не цікавіць. Вы распавядзіце, хто да вас прыходзіць, хто ў яе сябры, ці бываюць у вас зборышчы ў кватэры…» І ўвесь час яна задавала мне такія пытаньні, хто прыходзіць, прозьвішчы называйце”.

У 1999 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб псыхіятрычнай дапамозе. Галоўны псыхіятар Павал Рынкоў кажа, што закон вельмі прагрэсіўны:

“Калі раней пастаноўка па ўлік азначала працяглы пэрыяд нагляду, было цяжка зьняцца з уліку, то цяпер мы бяром на ўлік вельмі невялікую групу бяз згоды пацыента. Гэта людзі, якія парушаюць грамадзкі парадак, уяўляюць небясьпеку для сябе, для іншых, пацыентаў, якіх нельга пакінуць без дапамогі, бо іх стан пагоршыцца. А ўсіх астатніх — са згоды”.

…У сыстэме Міністэрства аховы здароўя працуе 311 псыхіятрычных кабінэтаў, 170 псыхатэрапэўтычных, 134 псыхалягічныя. Агульная колькасьць месц — амаль 6 тысяч.

Спэцыялісты лічаць: для краіны, дзе на ўліку стаіць кожны дваццаты жыхар, — мала і лекараў, і месцаў для лекаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG