Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Фінькевіча прыпынілі


Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч
Сьледчыя міліцыі Першамайскага раёну Менску прыпынілі крымінальную справу аб выкраданьні і зьбіцьці лідэра руху “Маладая Беларусь” Артура Фінькевіча. 19 сьнежня невядомыя схапілі Артура каля пад’езду дома, закінулі ў машыну і там зьбівалі. Хлопца выкінулі ў полі недалёка ад трасы Менск — Вільня. Артур зьвярнуўся ў міліцыю ў той жа дзень і зафіксаваў зьбіцьцё.

Артур Фінькевіч паведаміў “Свабодзе”, што поштай атрымаў ліст зь міліцыі Першамайскага раёну ад сьледчага Зьмітра Сьмірнова пра тое, што справа па факце яго выкраданьня і зьбіцьця прыпыненая. Артур лічыць, што насамрэч сьледчыя папросту ня маюць жаданьня шукаць злачынцаў.

19 сьнежня Артура Фінькевіча невядомыя зьбілі з ног, як толькі ён выйшаў з пад’езду дома на вуліцы Макаёнка. Артура закінулі ў машыну і павезьлі за горад. Паколькі яму нацягнулі куртку на галаву, хлопец ня бачыў твараў людзей, якія яго зьбівалі. Прыкладна праз тры гадзіны яго выкінулі з машыны. Артур выйшаў на трасу. Кіроўца, грамадзянін Літвы, падвёз хлопца да Ракава. Адтуль апазыцыянэр дабіраўся да Менску на таксоўцы.

Артур кажа, што сьледчыя адразу паставіліся да ягоных паказаньняў зь недаверам. Празь дзень на ягонай кватэры зрабілі ператрус. Міліцыянты забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама майкі, сьцягі і павязкі з сымболікай руху “Маладая Беларусь”. 16 студзеня ў мікрараёне Серабранка яго схапілі людзі ў цывільным і адвезьлі ў міліцыю Першамайскага раёну. Сьледчыя задавалі яму пытаньні, ужываючы дэтэктар хлусьні.

Фінькевіч: “Па дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі было бачна адразу, што ўсё да гэтага вядзецца. Мне падаецца, што яны й не спрабавалі шукаць сапраўдных злачынцаў. Яны ставіліся да маіх словаў зь недаверам, рабілі на кватэры ператрус, затрымлівалі жорстка на вуліцы і адвозілі ў Першамайскі РУУС, прымусілі адказваць на дэтэктары хлусьні…

Мне падаецца, што яны й не зьбіраюцца шукаць тых людзей, якія ўсё гэта арганізавалі.
Мне падаецца, што яны й не зьбіраюцца шукаць тых людзей, якія ўсё гэта арганізавалі, альбо ім папросту загадалі спусьціць гэтую справу на тармазах“.

Кіраўніца аддзелу дазнаньня Першамайскага РУУС Іна Кругленя патлумачыла “Свабодзе”, што прыпыненьне крымінальнай справы па факце выкраданьня і зьбіцьця Артура Фінькевіча не азначае, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку ня будуць шукаць злачынцаў.

“Апэратыўныя супрацоўнікі ўсё роўна працягваюць гэтым займацца. У нас справы праз два-тры гады раскрываюцца. Гэта ж ня проста так. Справа прыпыняецца да выяўленьня месцазнаходжаньня злачынцаў. Ня можа справа быць бязь нейкага рашэньня. Яна прыпыняецца да таго часу, пакуль ня будуць знойдзеныя асобы, якія зьдзейсьнілі злачынства”.

Гэта ня першы выпадак нападу невядомых на лідэраў моладзевага дэмакратычнага руху. 13 лютага лідэра руху “Вольная моладзь” Мікіту Краснова зьбілі трое мужчын прыкладна 30-гадовага ўзросту ў мікрараёне Чыжоўка.

Мікіта зьвярнуўся ў міліцыю і атрымаў накіраваньне, каб зафіксаваць зьбіцьцё. Супрацоўнікі міліцыі завялі крымінальную справу і пачалі расьсьледаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG