Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Устаноўчы зьезд партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця насельніцтва ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць палітык Аляксандар Мілінкевіч і юрыст Андрэй Бастунец.


У Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Камэнтар слухачкі:

Cпадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Вітаю пастановы і рашэньні зьезду беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Нялёгкую спадчыннасьць краіны Беларусь бяруць яны. Нацыянальны нігілізм, хваробы — фізычныя і духоўныя, алькагалізм, зьбяднеласьць, бязьвер’е. Можна наведваць Божыя храмы, царкоўныя сьвятыя месцы і ня мець у душы хрысьціянскіх прынцыпаў. Напэўна, хрысьціянскія прынцыпы павінны быць і нацыянальнымі, бо Бог даў нам гэтую зямлю ад продкаў. Паглядзіце праз мэдыі, як праваслаўныя сьвятары гавораць зь вернікамі ў Грузіі. На роднай мове, нават у адзеньні іхнім сьвятарскім нешта сваё. Гэта не нацыяналізм, а павага да народу, якому служаць у Хрысьце. У добры шлях, беларускія хрысьціянскія дэмакраты!”

Наступныя тэлефанаваньні — на адрас лідэраў апазыцыі:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Спадар Мілінкевіч гаворыць, што Лукашэнка будзе прадстаўляць у Эўропе не сябе, а Беларусь. А што ён зрабіў для Беларусі? Ён ганарыўся раней, што ня будзе браць інвэстыцыі: прадаваліся зброя, нафта, куды пайшлі грошы? На новыя заводы? На сяло? На ахову здароўя? На культуру? Не, на лядовыя палацы, на лінію Сталіна, на пампэзныя сьвяты. У людзей зьнішчана нацыянальная самасьвядомасьць. Толькі ў нас людзі плююць на сваю родную мову. Цяпер крыніца з Расеі перасыхае, заводы за бясцэнак прадаюцца, сяло сьпілося, у нас паміраюць маладыя працаздольныя людзі, усюды гучыць расейская мова. Затое хутка будзе атамная электрастанцыя, іпадром пад Менскам. Вось там і паскачам”.

Спадарыня: “Мілінкевіч выклікае сумнеў, а Аляксандру Казуліну раю не расслабляцца, не губляць пільнасьці, да яго кампаніі прытрымліваць асабліва важныя думкі”.

Дзядзька Міхась: “Хачу зьвярнуцца да апазыцыі. У грамадзтве ідзе вялікі зрух. І ня бачыць гэтага злачынна. Хацелася б, каб нехта з апазыцыі — Казулін, ці Мілінкевіч, ці Лябедзька — адказаў, што робіцца для таго, каб перахапіць уладу. Ці ёсьць нейкая праграма?”

На пытаньне адказвае лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч:

“Праца ідзе вялікая, найперш інфармацыйная. Зараз мы паставілі перад сабой мэту — спрыяньне вяртаньню Беларусі ў Эўропу, спрыяньне дыялёгу з Эўразьвязам — гэта вельмі важна. І, безумоўна, рыхтуемся да прэзыдэнцкіх выбараў будучага году. Я б вельмі хацеў, каб быў адзіны кандыдат, і сам пляную ісьці на гэтыя выбары ў якасьці кандыдата. Я разумею, што многія не задаволеныя, што нібыта мала робіцца. Але тое, што ўмеем, можам — тое робім. І дзякуй за клопат і турботы аб дэмакратыі ў Беларусі”.

Далей слухачы выказваюцца на адрас кіраўніка краіны:

Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка сказаў: так, дрэнна Дык яно і было дрэнна. Нашай эканомікай кіруюць цалкам бяздарна, ня ўмеючы. Маленькі вецер дыхнуў, і ўсе заплакалі”.

Вадзім Шаргей, Менск: “Дэмакратыя — гэта калі не прэзыдэнт кіруе грамадзтвам, а грамадзкая супольнасьць кіруе прэзыдэнтам і ўсёй краінай”.

Спадар, Барысаў: “Прэзыдэнт лічыць, што свабоднай і справядлівай прэсы не бывае. Толькі чэсныя дзяржаўныя СМІ павінны быць і ўладу рабіць. У Францыі ўсё наадварот. Там дзяржаўныя СМІ не пускаюць надта ўпярод. Прэзыдэнт Сарказі дае ўладзе прапанову: хопіць ёй ліста, каб надрукаваць сваю пастанову. Пытаньне да “Свабоды”: калі такі закон аб СМІ, як у Францыі, дойдзе да Беларусі?”

Адказвае юрыст грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:

“У цывілізаваным сьвеце дзяржаўныя мэдыі выконваюць адну функцыю — друкуюць пастановы ўладаў краін. У іншых выпадках яны непазьбежна становяцца органамі прапаганды. Спадзяюся, дачакаемся, што калісьці адпаведны закон і ў нас будзе прыняты”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму становішча беларускай мовы ў Беларусі.

Ларыса, Менск: “Апошнім часам ідзе гаворка пра тое, каб абараніць родную беларускую мову. Ад каго бараніць? Параю: размаўляйце зь сябрамі, у краме. І паступова прывучыцеся, і ня трэба будзе бараніць”.

Сяргей Язерскі, Менск: “Я хацеў бы выказацца пра дзьвюхмоўнасьць пісьменьнікаў, пра якую ішла гаворка ў папярэднім “Доме літаратара” Міхася Скоблы. Мяркую, што каб атрымаўся мастацкі твор, акрамя пэўнай ступені таленту, трэба выдатна валодаць мовай, прымаць усе яе адценьні, адчуваць водар слоў, трэба мець тоесны з мовай мэнталітэт, падзяляць тоесныя каштоўнасьці”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG