Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёгкі: Уся дэлегацыя зьмясьцілася ў адзін самалёт


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візытам у Сэрбіі, дзе правядзе некалькі дзён адпачынку. Пра гэта паведамілі ў прэзыдэнцкай прэсавай службе.


Аляксандар Лукашэнка правядзе шэраг сустрэчаў зь кіраўніцтвам краіны і прадстаўнікамі дзелавых колаў. Будуць абмяркоўвацца пытаньні пашырэньня гандлёва-эканамічных стасункаў па самым шырокім спэктры накірункаў, пэрспэктывы рэгіянальнага эўрапейскага супрацоўніцтва, актуальныя пытаньні міжнароднага парадку дня. У рамках візыту прэзыдэнт краіны правядзе ў Сэрбіі таксама некалькі дзён адпачынку.

Першымі пра тое, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца на адпачынку на папулярным сэрбскім гарналыжным курорце Капаонік, паведамілі сэрбскія мэдыі. Аднак кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі, які знаходзіцца ў Менску, абверг некаторыя дэталі:

“Інфармацыя пра тое, што нібыта прэзыдэнт прывёз з сабой эскорт зь Менску ў колькасьці 150 чалавек і па паветры было перавезена 50 аўтамабіляў – гэта поўнае трызьненьне, якое і камэнтаваць не хочацца. Па паветры ніякіх аўтамабіляў за прэзыдэнтам ніколі не транспартуюць. Колькасны склад дэлегацыі ў некалькі разоў меншы заяўленага. Уся дэлегацыя цудоўна зьмясьцілася ў адзін самалёт”.

Паводле сэрбскіх мэдыяў, прэзыдэнцкая каманда складаецца прыкладна з 30-ці чалавек. Яны уладкаваліся ў 15 нумарах гатэлю “Гранд”. А сам А.Лукашэнка жыве ў прэзыдэнцкім люксе, а ягоныя сваякі займаюць цэлы гатэльны паверх. У прэзыдэнцкай прэс-службе заявілі, што ў гатэлі “дакладана няма прэзыдэнцкіх люксаў, усё даволі сьціпла”. Адносна 30-ці чалавек Павал Лёгкі адзначыў:

“Улічваючы, што там ёсьць і служба бясьпекі прэзыдэнта, афіцэры і ахова, і гэтак далей, то лічба дапушчальная”.

Ці паехаў разам з А.Лукашэнкам ягоны сын Міколка, у прэсавай службе інфармацыі не маюць, як і аб пэрсанальным складзе дэлегацыі. Сэрбскія мэдыі паведамляюць, што ежу для кіраўніка Беларусі гатуе ягоны уласны кухар. Павал Лёгкі адзначыў:

“Мне цяжка сказаць хто займаецца гатаваньнем ежы для прэзыдэнта, адзінае, магу дадаць, што прэзыдэнт у ежы крайне непатрабавальны і ніякіх прысмакаў для яго не гатуюць. Прэзыдэнт не аднаразова гаварыў, што любіць простую, звычайную ежу. Калі вы зьвярнулі увагу, то заяўленыя цэны для таго гатэлю, дзе спыніўся прэзыдэнт дастаткова сьціплыя”.

Хобі ў А.Лукашэнкі – зімовыя віды спорту, таму ён не праміне пакатацца ў Сэрбіі на лыжах. На чыё запрашэньне адбываецца візыт не паведамляюць ні ў прэсавай службе, ні ў амбасадах Сэрбіі ў Беларусі і Беларусі ў Сэрбіі. Афіцыйна візыт пачаўся ад 1 сакавіка і на гэтым тыдні ён павінен скончыцца. Чакаецца, што А.Лукашэнка вернецца ў Менск да 8 сакавіка.
XS
SM
MD
LG