Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Робім усё, каб “зьмякчыць” пазыцыю Менску"


Франка Фраціні

Франка Фраціні

Міністар замежных спраў Італіі Франка Фраціні зьвярнуўся праз СМІ да 150 італьянскіх сем’яў, якія доўгія гады чакаюць усынаўленьня беларускіх сірот. Напярэдадні візыту ў Рым кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава сем’і прасілі Фраціні агучыць гэту тэму ў часе сустрэчы на вышэйшым узроўні.


У звароце Фраціні да італьянскіх сем’яў гаворыцца, што ён “ня можа даць нейкіх станоўчых гарантыяў, аднак хоча запэўніць усіх, што Рым у гэтым накірунку прыкладае вялікія намаганьні”

Нагадаю, што пасьля дыпляматычнага скандалу ў верасьні 2006, калі сямейная пара з Кагалета Джуста-Барначын не захацела вяртаць назад у Беларусь выхаванку Вілейскага інтэрнату Віку Мароз і цягам 20 дзён хавала яе ў Альпах, былі закрытыя праграмы дзіцячага адпачынку ў Італіі і замарожаныя 150 спраў па ўсынаўленьню беларускіх сіротаў італьянскімі бацькамі.

Пазьней у выніку двухбаковых міжурадавых перамоваў паездкі дзяцей у Італію аднавілася. Што да ўсынаўленьня, то для многіх сямей яно па-ранейшаму застаецца праблематычным.

Напярэдадні візыту ў Рым кіраўніка беларускага МЗС італьянскія сем’і, а таксама грамадзкія ды палітычныя дзеячы Італіі зьвярнуліся да свайго міністра Фраціні з просьбай прыкласьці ў часе сустрэчы на вышэйшым узроўні ўсю “фантазію”, каб вырашыць гэтую “самую сумную справу” у цяперашніх дачыненьнях паміж народамі.

“Паважаныя сем’і, піша ў сваім звароце ў адказ міністар Фраціні, я хачу паведаміць вам пра нашы намаганьні ў справе вырашэньня гэтай вельмі сур’ёзнай гуманітарнай праблемы. Як вы ведаеце, ад самага пачатку майго знаходжаньня на пасадзе міністра, я імкнуўся аднавіць дачыненьні зь Беларусьсю”.

Міністар адзначае, што хутка пасьля прыпыненьня ЭЗ санкцый супраць высокіх беларускіх чыноўнікаў у Менск на міжурадавыя перамовы прыбыў намесьнік міністра МЗС Італіі, потым адбыўся адпаведны візыт у адказ.

Вельмі важна адзначыць, працягвае далей Фраціні, што вынікі гэтых перамоваў залежаць выключна ад Менску. Мы ня можам даць нейкай гарантыі адносна пазытыўнага рашэньня праблемы. Аднак італьянскі ўрад прыкладае ўсе намаганьні, каб “зьмякчыць” пазыцыю Менска
Паводле ягоных словаў, у часе перамоваў зь Менскам на вышэйшым узроўні італьянскі бок пастаянна падкрэсьліваў, што праблема ўсынаўленьня застаецца вельмі балючай для італьянцаў, а таму ў Італіі “хацелі б бачыць пазытыўныя зрухі ў гэтай справе з беларускага боку”.

“Вельмі важна адзначыць, працягвае далей Фраціні, што вынікі гэтых перамоваў залежаць выключна ад Менску. Мы ня можам даць нейкай гарантыі адносна пазытыўнага рашэньня праблемы. Аднак італьянскі ўрад прыкладае ўсе намаганьні, каб “зьмякчыць” пазыцыю Менска, каб пераканаць свайго партнэра, што гэта найперш у інтарэсах беларускіх дзяцей, якія знайшлі ў італьянскіх сем’ях каханьне ды паразуменьне”

Міністар Фраціні падзякаваў усім італьянскім сем’ям за іх шматгадовую падтрымку беларускіх дзяўчатак і хлопчыкаў у справе іх аздараўленьня.

Трэба дадаць, што сярод сем’яў, якія зьвярнуліся да італьянскага міністра Фраціні і сям’я з Кагалета Алесандра Джуста і Марыя К’яра Барначын. Нядаўна Генуэскі суд па справах непаўналетніх вызваліў іх ад крымінальнага перасьледу, бо не знайшоў у іх дзеяньнях злачынства. У зале суду сужэнцы заявілі, што па-ранейшаму будуць змагацца за сваю дачку Віку.

“Нішто ня можа спыніць нас у змаганьні за тое, каб Віка стала часткай нашай сям’і. Ужо прайшло каля двух з паловай год з таго часу, як мы бачылі яе апошні раз, аднак узровень нашых бацькоўскіх пачуцьцяў застаецца нязьменным”, кажа сямейная пара.
XS
SM
MD
LG