Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя праявы крызісу -- індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі занепакоеныя ростам адзінага падатку і арэнднай платы.


Сытуацыя з абяцаным уладамі памяншэньнем арэнднай платы застаецца няпэўнай. Да прыкладу, на менскім рынку “Ждановічы” арэнду паменшылі на 20%, а на гандлёвым цэнтры “Монетка”, наадварот, павялічылі. У рэгіёнах пра абяцанае памяншэньне арэнды наогул не ведаюць. Прычым, паводле лідэра рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, тая ж адміністрацыя “Ждановічаў” паводзіць сябе дзіўна:

Анатоль Шумчанка
“Адключаюць ацяпленьне, сьвятло. Да паловы на чацьвёртую працуе эскалятар на “Мир моды”. Там кажуць прадпрымальнікам, што яны выбралі ўвесь ліміт на цяпло.

І там тэмпэратура ў памяшканьні каля 11 градусаў. Таму крызіс мы адчуваем на сваёй скуры. Паменшылі арэнду і потым – адключаць цяпло, адключаюць ацяпленьне”.

Паводле лідэра грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (зарэгістраваная ва Ўкраіне) Віктара Гарбачова, у Барысаве прайшоў сход на адным з рынкаў:

Віктар Гарбачоў
“Сабралі каля 300 подпісаў і будзем накіроўваць у адміністрацыю прэзыдэнта, Сідорскаму і мэру горада. Чаму не разглядаецца пытаньне памяншэньня арэнднай платы пасьля выступаў прэзыдэнта і Сідорскага, якія сказалі, вярнуцца да навагодніх расцэнак. У нас вельмі рэзка падрасла арэнда. Да прыкладу, на рынку Барысава 200 тысяч быў гандлёвы намёт, а стаў 300 з-за падвышэньня курса эўра. Пакуль на месцах актывісты не падымуць пытаньне, яно не вырашаецца”.

Таксама прадпрымальніцкія структуры зьвярнуліся да абласных Саветаў, каб яны ўлічылі пажаданьні дробных бізнэсоўцаў пры вызначэньні памеру стаўкі адзінага падатку. У бальшыні рэгіёнаў гэта пытаньне яшчэ не вырашана. Да прыкладу, у Віцебску паведамілі, што ён падвысіцца на 5-10 эўра. Паводле Анатоля Шумчанкі, гэтак жа абяцалі зрабіць у Менску, аднак увесь падатак можа павялічыцца да 40 эўра.

“На сёньня асабліва ў рэгіёнах гэта вельмі моцны падатковы ціск для індывідуальных прадпрымальнікаў. Я быў, да прыкладу, у Берасьці і там жахлівая сытуацыя. Гандляроў пасьля дзьвюх гадзінаў дня ўжо няма на рынках, бо няма пакупнікоў. Некаторыя за люты не змаглі, як кажуць, “размачыцца”, прадаць якія-небудзь рэчы. У Віцебску таксама становішча вельмі складанае, бо там наогул хочуць забараніць продаж піва і цыгарэтаў у шапіках. І тады гэты бізнэс стане непрыбытковым”.

І так цяжкая сытуацыя, курс эўра вельмі высокі. А калі яшчэ адзіны падатак падняць, то гэта будзе праблематычна і вялікі адсотак прадпрымальнікаў сыдуць у цень і спыняць сваю дзейнасьць
Віктар Гарбачоў заявіў, што падвышэньне падатку прывядзе да пагаршэньня сытуацыі:

“І так цяжкая сытуацыя, курс эўра вельмі высокі. А калі яшчэ адзіны падатак падняць, то гэта будзе праблематычна і вялікі адсотак прадпрымальнікаў сыдуць у цень і спыняць сваю дзейнасьць. Людзі зараз не могуць плаціць поўны падатак. Арэнду не выцягваюць.Таму чыноўнікам нармальнай мовай тлумачым: хлопцы, падвышэньне адзінага падатку ў нестабільнай сытуацыі не дарэчы. Спыніцеся!”.

Спадар Гарбачоў таксама апавёў, што працягваецца збор подпісаў за тое, каб улады адмянілі прывязку падатку і арэнды да эўра. Ужо сабрана каля 12 тысяч подпісаў.


XS
SM
MD
LG