Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску ў фальварку “Добрыя мысьлі”, што на вуліцы Магілёўскай, 12, адбудзецца першая вечарына з нагоды выхаду дыску “Начная чытанка-2”, на якім прадстаўленыя літаратурныя творы, што прагучалі на нашым радыё цягам 2007-2008 гадоў. Другая і трэцяя вечарыны з гэтай самай нагоды пройдуць тамсама 3 і 4 сакавіка.


Дыск мультымэдыйны.На ім прадстаўленыя творы пяцідзесяці аўтараў разам зь іх кароткімі біяграфіямі і фотаздымкамі. Тэксты Славаміра Адамовіча, Уладзімера Арлова, Наталкі Бабінай, Генадзя Бураўкіна, Пятра Васючэнкі, Галіны Дубянецкай, Алега Мінкіна, Людмілы Рублеўскай, Тацяны Сапач і іншых паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў можна слухаць і чытаць на гэтым дыску. Вось фрагмэнт запісу паэта-мніха Алега Бембеля.

“Божа, я ў скрусе й журбе,
бліжнія ўсе мяне кінулі,
сілы мае ў пекле зьгінулі,
Божа, вазьмі да сябе…”


Прэзэнтуемы сёньня дыск – ужо другі ў цыкле “Начная чытанка”. Першы быў выпушчаны ў 2007 годзе. Пра адметнасьці новага выданьня гаворыць адзін зь яго ўкладальнікаў Ягор Маёрчык:

“Калі была прэзэнтацыя першага дыску “Начной чытанкі”, усіх удзельнікаў прэзэнтацыі мы прасілі на аркушыку паперы напісаць імёны тых літаратараў, каго яны хочуць пачуць у эфіры Радыё Свабода. У выніку мы атрымалі такі салідны сьпіс і такім народным галасаваньнем вызначылі тых, хто будзе ўдзельнічаць у “Начной чытанцы-2”.

Калі была прэзэнтацыя першага дыску “Начной чытанкі”, усіх удзельнікаў прэзэнтацыі мы прасілі на аркушыку паперы напісаць імёны тых літаратараў, каго яны хочуць пачуць у эфіры Радыё Свабода
У сьпісе былі імёны, якія сталіся адкрыцьцём для вядоўцаў праграмы “Начная Свабода”, у межах якое гучалі літаратурныя творы. Гаворыць наш праскі калега Аляксей Знаткевіч:

“Хіба што я назаву адно прозьвішча Паўлы Касьцюкевіча. Чаму? Бо гэта чалавек, які на дыску ёсьць і як перакладчык, і як аўтар. На той момант, калі мы рабілі запіс праграмы, Павал яшчэ ня меў сваіх выданьняў, толькі выйшла кніжка ягоных перакладаў ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”. Для нашай праграмы мы тады запісалі чатыры апавяданьні ізраільскіх аўтараў, а таксама я настаяў тады, каб ён начытаў адно са сваіх уласных апавяданьняў. Для мяне гэта было такое прыемнае адкрыцьцё – Павал Касьцюкевіч”.

А многія нашы слухачы адкрыцьцём для сябе палічылі маладую літаратарку Анку Упала.

“Пачынаўся панядзелак. Пасьпяховы пінскі прадпрымальнік Павал Патапавіч па прозьвішчы Патоцкі па-будзённаму паліў па-за пяціпавярхоўкай псыхалягічнай паліклінікі. Па-над Патоцкім праляталі птушкі, папісквалі прыемныя песенькі. Паветра пахла парфумай. Побач працавала пральня. Павал Патапавіч пачуваўся пераможцам…”

Усе гэтыя ды іншыя творы вы зможаце пачуць у аўтарскім выкананьні на прэзэнтацыі другога дыску “Начной чытанкі”. Яна пройдзе цягам трох вечароў – сёньня, заўтра і пазаўтра ў Менску ў фальварку “Добрыя мысьлі” на Магілёўскай, 12. Пачатак а 19-й.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG