Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жыве Беларусь! Жыве з Богам!”


Сёньня ў менскім Палацы культуры трактарнага заводу адбыўся ўстаноўчы зьезд новай палітычнай партыі – Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. На ім абраны чатыры сустаршыні партыі Георгі Дзьмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і Аляксей Шэін.


ФОТАРЭПАРТАЖ

Таксама прыняты статут і праграма. Кіроўным органам партыі будзе Нацыянальная рада. Найбліжэйшым часам будуць пададзены дакумэнты на рэгістрацыю.

У зьезьдзе ўзялі ўдзел 206 дэлегатаў з 211 вылучаных на зьезд. Дэлегат з Гомелю Кастусь Жукоўскі ня змог прыехаць, бо адбывае адміністрацыйны арышт. Некаторых затрымлівала міліцыя па дарозе ў Менск, іншых улады спрабавалі запалохаць. Нягледзячы на перашкоды, устаноўчы зьезд партыі БХД адбыўся. Заля была ўпрыгожана сымбалямі БХД – бэтлеемскай зоркай на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама лёзунгам “Хрысьціянскія прынцыпы, Беларускі патрыятызм”. Дэлегаты скандавалі “Жыве Беларусь! Жыве з Богам!”. Паэт Уладзімер Някляеў перадаў свой верш “Сьцяг”, які можа стаць гімнам партыі.

У сваім выступе на зьезьдзе Павал Севярынец адзначыў,

Павал Севярынец
“БХД паклікана шукаць цьвёрдае апірышча для ўсёй нацыі і ўсёй краіны. Для гэтага мы павінны запрашаць для ўдзелу ў грамадзкай дзейнасьці і палітыцы дзесяткі тысячаў людзей, якія вераць у Бога і любяць Беларусь. Для нас вельмі важна быць маральнай базай для перамен. Таму БХД мусіць быць партыяй маралі. БХД – гэта не апазыцыя, а гэта альтэрнатыва. Для нас найгалоўнейшай задачай зьяўляецца давесьці Беларусі і беларусам як можна жыць лепш, калі не баісься, не хлусіш, не крадзеш. Калі верыш і любіш. БХД – гэта партыя перамогі. Мы верым, што Беларусь будзе жыць паводле свабоды, праўды і справядлівасьці”.

Аргкамітэт працаваў амаль чатыры гады і да яго далучыліся больш за тысячу грамадзянаў.

За апошнія дзесяць гадоў гэта ўжо другая спроба зарэгістравацца. Паводле Віталя Рымашэўскага, БХД – гэта не рэлігійная арганізацыя, хаця 31% сяброў зьяўляюцца пратэстантамі, амаль 45% - праваслаўнымі і каля 13% католікамі. Таксама да працы далучыліся і прадстаўнікі іншых веравызнаньняў. Спадар Рымашэўскі адзначыў, што беларуская хрысьціянская дэмакратыя заклікана зьяднаць беларускае грамадзтва.

Віталь Рымашэўскі
“БХД – партыя, якая паклікана аб’яднаць правацэнтрысцкія дэмакратычныя сілы Рэспублікі Беларусь. Мы пакліканы не толькі нагадаць пра сапраўдныя каштоўнасьці ў беларускай палітыцы, пра тое, што супраца дэмсілаў магчыма толькі на супольных каштоўнасьцях – дэмакратыя, павага да правоў чалавека, эўрапейскі выбар і незалежнасьць Беларусі. І стратэгічная мэта ў супрацы з нашымі палітычнымі партнэрамі вылучэньне адзінага кандыдата на наступных прэзыдэнцкіх выбарах”.

Сваімі бліжэйшымі паплечнікамі хрысьціянскія дэмакраты называюць рух “За свабоду” і БНФ. З прывітальным словам да зьезду выступілі палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, БХД хутка стане ўплывовай сілай краіны.

Аляксандар Мілінкевіч
“Вы, хрысьціянскія дэмакраты, павінны вярнуць у нашае незалежнае грамадзтва дух любові, сілу любові. Перад намі стаіць задача зьмяніць дух нашага грамадзтва. Вы павінны вярнуць дух і веру. І вашай місіяй будзе вярнуць беларускі патрыятызм. Нам вельмі важна эўрапеізаваць краіну. Давайце памятаць для чаго мы працуем і што ахвяруем. Каб беларуская ўлада стала нашай уладай, каб у Беларусі стала ўлада маральнай і ўладай ад Бога. Гэта сьвятая задача і мы яе выканаем разам”.


Аляксей Шэін і Павал Севярынец трымаюць падарунак Анатоля Лябедзькі
Анатоль Лябедзька
перадаў лідэрам БХД папку Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня:
“Гэта быў сымбаль таго, што я перадаю папку апошняга законнага парлямэнту краіны ў рукі людзям, якія прыйдуць у сапраўдны беларускі парлямэнт, каб рабіць эўрапейскую, заможную, багатую Беларусь”.


Вітаньні зьезду партыі БХД перадалі таксама хрысьціянскія дэмакраты Нямеччыны, Галяндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі і іншых эўрапейскіх краінаў.

Дэпутатка ПАРЭ ад Нарвегіі Ms Åse Gunhild Woie Duesund
Дэпутатка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ад Нарвэгіі ў сваім выступе адзначыла, што ў беларускіх уладаў няма ніякіх падставаў, каб не зарэгістраваць партыю БХД.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG