Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі Ждановічаў дамагліся зьніжэньня арэнднай платы


“Ждановічы”

“Ждановічы”

Адміністрацыя рынку “Ждановічы” на 20% зьнізіла арэндную плату для прадпрымальнікаў у сакавіку. Гэта сталася вынікам пратэстаў і патрабаваньняў гандляроў. Лідэры прадпрымальніцкага руху заяўляюць, што маюцца пашыраць гэты досьвед і ў іншых рэгіёнах краіны.

СЛУХАЦЬ:


Зьніжэньня арэнды ждановіцкія прадпрымальнікі дамагаюцца ад пачатку году і самымі рознымі сродкамі — ад стыхійнага мітынгу да заяваў-патрабаваньняў на адрас адміністрацыі. У выніку — арэнда зьніжаная на увесь сакавік, але надалей пытаньне застаецца адкрытым, кажа сябра Рады рынку Аляксандар Таўстыка:

Аляксандар Таўстыка
“Арэнду панізілі, так. Але мы пакінулі заяву, каб нам патлумачылі што будзе цягам году. Што будзе з арэнднай платай, што рабіць прадпрымальнікам і г.д. На гэтыя пытаньні мы чакаем адказу. Але калі не, то будзем працаваць з прадпрымальнікамі, каб іх вывесьці, каб адміністрацыя патлумачыла, як яна зьбіраецца працаваць зь людзьмі”.

Дамагліся зьніжэньня арэнды і прадпрымальнікі Салігорску. Аднак саступкі адміністрацыі яны лічаць мізэрнымі і працягваюць дамагацца сваіх правоў, кажа адна з актывістак аргкамітэту Сьвятлана Кірыленка:

“Стаўку арэнднай платы зьнізілі, але нас гэта, канечне, нікога не задаволіла. Таму зараз мы склалі пратакол аб нязгодзе і сёньня яго перадалі адміністрацыі. Цяпер усё больш прадпрымальнікаў прымаюць рашэньне, што яны будуць пратэставаць супраць высокай арэнды і складаюць гэтыя пратаколы нязгоды”.

Віктар Гарбачоў
Кіраўнік кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў кажа, што прыклад прадпрымальнікаў Менску і Салігорску ствараюць прэцэдэнт для гандляроў у іншых рэгіёнах краіны:

“Нам неабходны прыклад для перайманьня, дзе станоўча вырашаюцца пытаньні. У прынцыпе, па Беларусі гэта адзінкавыя выпадкі, калі прадпрымальнікі на месцах выяўляюць актыўнасьць. Заўтра мы будзем у Барысаве рабіць сход, а таксама распаўсюджваць інфармацыю ў іншыя рэгіёны. Будзем тлумачыць, каб прадпрымальнікі ішлі ў адміністрацыю, у мэрыі гарадоў і патрабавалі. Працяг гэтаму будзе абавязкова і ужо з заўтрашняга дня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG