Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Горадні апошнім часам пачалі масава атрымліваць папярэджаньні з ЖЭСаў наконт спадарожнікавых антэнаў.

СЛУХАЦЬ:


Ім прапануецца да 1 сакавіка ўзаконіць сваю антэну альбо добраахвотна дэмантаваць яе. Інакш камунальнікі пагражаюць судом.

Хваля папярэджаньняў наконт дэмантажу спадарожнікавых антэнаў назіраецца сёньня ў Кастрычніцкім раёне — адным з двух адміністрацыйных раёнаў Горадні. У прыватнасьці, мноства папярэджаньняў атрымалі тыя гарадзенцы, хто жыве на тэрыторыі ЖЭСу № 6. Адзін зь іх, спадар Анатоль з праспэкту Касманаўтаў, паскардзіўся:

“Людзі незадаволеныя. Чаму нас палохаюць: здымайце антэны?! Або дазвол атрымлівайце — але дзе, хто яго дасьць? Не дадуць. З боку двара нібыта можна паставіць, але што тады ўбачыш?”

Спадар Анатоль кажа, што ў ягоным доме папярэджаньні наконт спадарожнікавай антэны атрымалі тры чалавекі, але загадана дэмантаваць антэны ва ўсім навакольлі: на вуліцах Антонава, Белуша, Пралетарскай, Захарава.

Калі людзі зьвяртаюцца з пытаньнем, як узаконіць сваю спадарожнікавую антэну, камунальнікі адказваюць, што можна зьвярнуцца да праекціроўшчыкаў, каб тыя аформілі дакумэнты на талерку. Галоўная праектная арганізацыя ў горадзе — інстытут “Гроднаграмадзянпраект”. Я зьвярнуўся да галоўнага архітэктара Аляксандра Тараненкі, і ён патлумачыў наступнае:

Мы ведаем пра гэтую праблему, але мы ёю ніколі не займаліся і наўрад ці будзем займацца.
“Мы ведаем пра гэтую праблему, але мы ёю ніколі не займаліся і наўрад ці будзем займацца. У нас зусім іншыя задачы. Мы займаемся колерным рашэньнем, дэталямі фасадаў”.

Дагэтуль нікому з гарадзенцаў яшчэ не ўдалося афіцыйна ўзаконіць сваю спадарожнікавую антэну, бо не распрацаваны такі мэханізм. А вось што думае наконт кампаніі гарадзенскіх камунальнікаў за дэмантаж талерак грамадзкі праваабаронца Віктар Сазонаў:

“Мы жывем у такой краіне, дзе ўлада любога роўню лічыць нормай вырашаць усе праблемы за кошт чалавека і яго сродкаў. Камусьці ў галаву стукнула зь нейкіх прычын. Можа, гэта нават прычыны палітычныя — каб не глядзелі спадарожнікавага тэлебачаньня. Карацей, вырашылі, што трэба зьняць талеркі. І людзі, якія заплацілі грошы за афіцыйны, легальны прадукт, за які прадавец заплаціў падатак дзяржаве, мусяць падпарадкоўвацца. Паколькі раптам ад імя гэтай дзяржавы вырашана зьняць антэны, і ніхто не абяцае ніякай кампэнсацыі, ніхто нават не размаўляе пра гэта”.

Віктар Сазонаў падкрэсьлівае: улада так паводзіцца адносна людзей, ведаючы, што ніяк ад іх не залежыць, бо ўладу прызначаюць зьверху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG