Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама рыхтуе бюджэт на 2010 год, паводле якога вельмі багатыя амэрыканцы пачнуць плаціць значна вышэйшыя падаткі, а сярэднезаможныя і бедныя — крыху меншыя, чым цяпер. Такое было адно з ключавых выбарчых абяцаньняў Абамы.

Выступаючы ўчора ў Кангрэсе, Абама сказаў, што гэты крок дазволіць ураду паменшыць бюджэтны дэфіцыт і дапаможа менш забясьпечаным амэрыканцам выжыць ва ўмовах эканамічнага і фінансавага крызісу. Павялічаныя гэткім чынам бюджэтныя даходы будуць скарыстаныя, між іншым, на рэформу аховы здароўя, кошты якой моцна абцяжарваюць шмат амэрыканскіх сем’яў.

Паводле сёньняшняга выданьня газэты “The New York Times”, Абама прапануе, каб самыя багатыя амэрыканцы, якія складаюць адзін адсотак грамадзтва, плацілі гадавыя падаткі ў сярэднім на 100 тысяч даляраў вышэйшыя, чым цяпер. Цягам апошніх 30 гадоў гадавыя даходы найбагацейшых амэрыканскіх сем’яў павялічыліся ў сярэднім на адзін мільён даляраў.

А вось для кожнай слабей забясьпечанай амэрыканскай сям’і падаткі з наступнага фінансавага году, які пачынаецца 1 кастрычніка 2009 году, паменшацца ў сярэднім на 800 даляраў.

Падаткавая рэформа Абамы, калі яе зацьвердзіць Кангрэс, стане паваротным пунктам у амэрыканскім эканамічным мысьленьні, якое цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў, пачынаючы з прэзыдэнтуры Рональда Рэйгана ў 1981 г., было здамінаванае рэспубліканскімі адміністрацыямі. А рэспубліканцы наогул зьмяншалі падаткі для багатых, каб гэткім чынам пабольшыць аб’ём інвэстыцыйнага капіталу і стымуляваць разьвіцьцё новых вытворчасьцяў. Філязофія была такая — калі багатыя стануць яшчэ багацейшымі, дык і ў бедных жыцьцё палепшыцца.

Цяпер Абама перакульвае гэтую стратэгію дагары нагамі. У Амэрыцы ўжо чуваць галасы першых крытыкаў яго падаткавай рэформы, якія ўшчуваюць Абаму за тое, што ён хоча будаваць сацыяльную дзяржаву эўрапейскага тыпу. А ў публічным жыцьці, побач зь вядомым здаўна тэрмінам “рэйганоміка”, зьявілася ўжо новае слова — “абаманоміка”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG