Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША аб парушэньні правоў чалавека, вызваленьне з турмы падазраваных у забойстве у вёсцы Пухавічы на Гомельшчыне, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця беларускага насельніцтва, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць праваабаронца Алег Гулак і гісторык Алег Трусаў.


Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце. Паводле дакумэнта, у Беларусі ў 2008 годзе працягваліся парушэньні правоў грамадзян з боку ўладаў. Слухачы “Свабоды” выказваюцца на гэтую тэму.

Спадар: “Мы жывём не ў дэмакратычнай краіне, а ў краіне сацыяльнага рабства. Тут і рабаўніцтва народу, гвалт, прыгнёт, злачынства — усё ў законе цяперашняй улады”.

Спадар: “Праслухаў камэнтар наконт правоў чалавека ў Беларусі. Бяру чыгуначны вакзал гораду Воршы — ад галоўнага ўваходу вісяць дзьве шыльды: тут па дарозе ў эміграцыю быў Уладзімір Ільіч Ленін, тут быў з агітцягніком усесаюзны стараста Калінін. Пра якія правы ў Беларусі можна казаць?”

Спадар: “Нядобрыя і вельмі дрэнныя правы чалавека ў Беларусі. Калі разьбірацца падрабязна, дык няхай Злучаныя Штаты навядуць парадак у сябе з правамі чалавека. Зьнішчаць усіх бамжоў, галечу, во тады будуць правы чалавека. Няма чаго шукаць блох у чужым футры. Тут з правамі чалавека ўсё ў парадку, я лічу. Ёсьць і праца, і клопат, і хлеб у людзей. А тое, што гаворыце вы пра правы чалавека, — гэта хлусьня”.

Адказвае праваабаронца Алег Гулак:

“Чалавек, пэўна, мяркуе пра становішча ў ЗША выключна паводле матэрыялаў БТ і расейскага тэлебачаньня. Ня трэба ідэалізаваць ЗША, бо там таксама ёсьць праблемы з правамі чалавека. Але ў нас нашмат больш падставаў для крытыкі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

Эканамічны крызіс у Беларусі — тэма наступных тэлефанаваньняў.

Спадар: “Эканамічны крызіс, пра які зусім нядаўна наш правадыр нават і слухаць не хацеў, маўляў, ніякага крызісу ў нас няма і ня будзе, усё-ткі дайшоў і да нас. І ён усё больш паглыбляецца, толькі сьляпы гэтага не заўважыць. Прадпрыемствы зачыняюцца, а працоўных проста выстаўляюць на вуліцу”.

Спадар: “Ёсьць меркаваньні, што беларускія лекі падаражэюць зноў — ды іх кошты ўжо падняліся на 40—50 адсоткаў, а лекавыя якасьці? Людзі эканомяць на апошнім, каб купляць лекі, вырабленыя не ў Беларусі”.

Далей слухач задае пытаньне:

Сяргей, Менск: “У мяне пытаньне. Адзначаецца год каранацыі Міндоўга на Вялікае Княства Літоўскае. Пры гэтым ня ўзгадваецца, што Міндоўг быў каранаваны ў Наваградку — першай сталіцы ВКЛ. Таксама ня ўзгадваецца, што Статут ВКЛ 16 стагодзьдзя быў напісаны беларускаю моваю. Атрымліваецца, што ў нас, ліцьвінаў Беларусі, жамойты-летувісы забіраюць нашу гісторыю. Так ці не?”

Адказвае гісторык Алег Трусаў:

“Адабраць гісторыю можна ў тых, хто дазваляе гэта зрабіць. Таму нам ня варта ківаць на суседзяў, а трэба прапагандаваць уласную гісторыю з уласнага гледзішча”.

Працягваем праграму выказваньнем на тэму вызваленьня з турмы забойцаў зь вёскі Пухавічы на Гомельшчыне, якое было зроблена на распараджэньне кіраўніка краіны.

Спадар: “Чаму вы так дрэнна ставіцеся да прэзыдэнта? Любому нармальнаму чалавеку зразумела сымпатыя прэзыдэнта да хлопцаў з Пухавічаў. Колькі грошай можна зэканоміць, калі стварыць аддзелы хуткага рэагаваньня, якія будуць рабіць зачысткі! Напрыклад, у Шабанах ёсьць адмарозак, які дакучае людзям, распускае рукі, лаецца і не баіцца ўжо 15 сутак. Ён псуе наша шчасьлівае жыцьцё. Ці не прасьцей прыслаць такіх малайцоў, як пухавіцкія, хай яны, як умеюць, навядуць парадак. Тым больш што за гэта грошай яны ня просяць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG