Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Штрафбат для алімэнтшчыкаў


У Ганцавіцкім раёне мясцовая ўлада ў прымусовым парадку стварыла штрафную будаўнічую брыгаду з тых, хто мае запазычанасьці па алімэнтах.


У Ганцавіцкім раёне на сёньня больш як 8 працэнтаў актыўнага насельніцтва, альбо амаль паўтары тысячы чалавек, ня маюць свайго месца працы. 63 беспрацоўных пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Яны маюць вялікую грашовую запазычанасьць перад сіроцкімі ўстановамі, дзе цяпер утрымліваюцца іх дзеці.

Каб прымусіць алімэнтшчыкаў працаваць, у Ганцавічах арганізавалі брыгаду будаўнікоў пад наглядам міліцыянтаў. І вось што расказваюць дзьве сяброўкі, абедзьве Наташы, пра працу пад прымусам.

“Нідзе ж працы няма. Я папахадзіла на біржу і ўсюды. А тут — звычайная праца. Толькі пільнавалі міліцыянты. Дый усіх нас зьбіраюць, дастаўляюць сюды на аўтамашыне”.

Якія цяпер заробкі?

“31 тысяча рублёў — днёўка. Таму добрыя грошы”.

А вось наконт вылічэньняў грошай жанчыны гавораць з сумам:

“Калі вялікі доўг, то да 70 працэнтаў забіраюць. На тое, што застаецца, пражыць цяжка. Трэба ж за кватэры плаціць і харчавацца”.

З гэтым пагаджаецца і прараб Віталь Бондар:

“Гэта многа, вядома. Каб добра ім жыць такім чынам, трэба зарабляць па пары мільёнаў”.

Ацэнку экспэрымэнту выказваюць тыя, хто працуе прымусова пад наглядам міліцыянтаў. Спадарыня Наташа:

“Памагае. Усе пры справе. Няма часу піць. Плюс даўгі аддаюцца. Некаторыя ходзяць на працу пад пагрозай адпраўкі ў ЛТП”.

У штрафной ганцавіцкай брыгадзе зараз 23 алімэнтшчыкі. А ўсяго даўжнікоў перад дзецьмі — больш за 60.

“Усім такім прымусам не дапамагчы, тым больш што ў асноўным беспрацоўныя ня маюць спэцыяльнасьці”, — так лічыць брыгадзір Віталь Бондар:

“Хацелася б, каб умелі тынкаваць сьцены, цэглу клалі. А калі проста прымушаць зьбіраць сьмецьце, то такой працы на ўсіх ня хопіць...”
XS
SM
MD
LG