Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У самым паўночным раёне краіны школьнікі ня маюць лыжаў”


Леанід Гаравы

Леанід Гаравы

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Леанід Гаравы. Сёньня тэма размовы – фізкультура і спорт у глыбінцы.





– Як рэагуюць у глыбінцы на “Менскую лыжню” з удзелам прэзыдэнта – такія паказальныя спаборніцтвы…

– Каб у нас было добрае жыцьцё, то, магчыма, рэагавалі б больш пазытыўна. А так збольшага людзям назаляе хакей. Кажуць: менш гуляў бы, а больш працаваў…

– Ну а самі ж хочуць, каб у вас пабудавалі Лядовы палац?

– У нас тут выдатныя прыродныя ўмовы, тыя ж самыя лыжныя ды й хакейныя кадры, аднак ідэя стварэньня цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту ніяк не рэалізуецца – мы выпадаем з будаўнічых спартовых плянаў. Хоць ужо маем добры атэль, каля яго закансэрваваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс…

– А як узяць своеасаблівыя “клоны” “Менскай лыжні” ў раёнах: іх людзі ўспрымаюць паказухай?

– Ды як іначай, калі ўсё адбываецца раз на год, у лепшым выпадку – эпізадычна…Да таго ж “дастае” праблема элемэнтарнага набыцьця лыж, адмысловай вопраткі: калі ў сталіцы ў сярэднім маюць пад мільён заробку, дык у нас выходзіць каля 600 тысячаў… Як выкруціцца?

– Вы былі дырэктарам школы, так? Раней хапала на набыцьцё спартовага рыштунку?

– У раённай сыстэме адукацыі зараз забясьпечанасьць неабходным у гэтым пляне складае ў сярэднім ўсяго на 16-20 працэнтаў ад нарматыўнай базы. І таму фактычна ў нас – у самым паўночным раёне краіны, дзе хапае і сьнегу, і марозу, на лыжах дзеці ня ходзяць. А падчас майго дырэктарства такой праблемы ня мелася. Цяпер выкручваюцца, хто як можа: дзьве гарадоцкія школы два гады запар атрымліваюць па два мільёны – іх уручэньне ўрачыста здымаюць для тэлебачаньня… На ўсю краіну!

– Але ж гэта мізэр!

– Так мізэр, толькі іншыя і яго ня маюць. Таму гіганцкія сродкі ў лядовыя палацы і выклікаюць непаразуменьне ў глыбінцы – як так. калі ў школах няма элемэнтарнага інвэнтару, нават мячыкаў!

– Тады атрымліваецца такі парадокс: чым больш гавораць наверсе пра ўвагу да спорту з фізкультурай, тым горш складваюцца ўнізе справы зь імі – так?

– Пры агульнай шумісе вакол спорту, найвышэйшых дасягненьняў у ім, школьная фізкультура застаецца па-за ўвагай. Магчыма, у іншых раёнах па-іншаму, аднак у нашым – нібыта адмыслова створаным для разьвіцьця спорту – сытуацыя менавіта такая…


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Леанід Гаравы. Ён з самага сьнежнага ды марозжнага раёну Беларусі – Гарадоцкага. Днямі спадар Леанід адзначыў юбілей – 50-годзьдзе.

Сябра БСДП (Грамада), адзін са стваральнікаў “Руху за Свабоду”. Абіраўся дэпутатам райсавету. 23 гады займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю, пакуль ня быў звольнены з пасады дырэктара школы па палітычных матывах. Ягонае хобі – пошук аўтара легендарнай ананімнай паэмы “Тарас на Парнасе”.

XS
SM
MD
LG