Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сярод сэксуальных нявольніц нямецкіх канцлягераў былі і беларускі


У гэтыя дні ў нямецкім Равэнсбруку, у гістарычным мэмарыяле, што на месцы былога канцлягеру, адчынілася выстава, прысьвечаная сэксуальным злачынствам фашызму. Як вынікае з паказаных на ёй дакумэнтаў, з 1942 па 1945 год у лягерах сьмерці на тэрыторыі Нямеччыны існавалі адмысловыя блёкі — бардэлі, у якіх прымусовыя сэксуальныя паслугі аказвалі, сярод іншых, і беларускія зьняволеныя.

Канцэпцыя выставы належыць бэрлінцам — культуролягу Робэрту Зомэру і бэрлінскай групе мастакоў “MemoArt”. Нейкіх шакуючых экспанатаў на выставе няма. Наведнікам прапануюць у асноўным дакумэнты на стэндах ды аповеды праз навушнікі. Аднак уражаньне ад гэтага малазнаёмага раней аблічча фашызму ніколькі не зьмяншаецца.

Паводле бэрлінскага дасьледчыка Робэрта Зомэра, інфармацыю пра зьняволеных у нацысцкіх бардэлях ён мусіў зьбіраць літаральна па драбку.

Зомэр: “Падобныя паслугі пры 10 нямецкіх канцлягерах існавалі ад 1942 да 1945 году. Дзякуючы дакумэнтам, у якіх захаваліся дакладныя імёны ды іншыя дадзеныя жанчын, вядома, што прастытуцыяй вымушаныя былі займацца сама меней 200 нявольніц з самых розных канцлягераў. Гэта былі найперш «асацыяльныя» немкі, паводле нацысцкай тэрміналёгіі — насамрэч гэта значыць палітычныя; магчыма, габрэйкі; а таксама палонныя ці сагнаныя ў Нямеччыну беларускі, украінкі, полькі, галяндкі.
Падобныя злачынствы нацыстаў замоўчваліся доўгі час.
Паводле дакумэнтаў, прыкладна 170 з гэтых жанчын выжылі пасьля канцлягеру. Што да іх лёсу, то збольшага ён застаўся невядомы. Тых, хто пасьля вайны рызыкнуў вярнуцца дадому ў Беларусь ці Ўкраіну, чакалі ня меншыя жахі, жыхаркі заходняй Эўропы таксама мусілі маўчаць, бо паводле законаў, якія існавалі тады ў большасьці краінаў, яны не маглі разьлічваць на нейкую кампэнсацыю. Падобныя злачынствы нацыстаў замоўчваліся доўгі час”.

Як кажа навуковец, розныя чуткі пра нацысцкія бардэлі хадзілі ў Нямеччыне і 60 гадоў таму. Аднак упершыню адкрыта і доказна пра іх загаварылі толькі на пачатку цяперашняга стагодзьдзя. Пасьля таго, як у 2003 годзе ААН прызнала сэксуальны гвалт у ваенны час злачынствам супраць чалавечнасьці.

Зразумела, загаварылі не ахвяры — тыя нешматлікія жанчыны, што засталіся ў жывых, а іхнія “кліенты”. Адзін з тых, дзякуючы каму пачаліся інтэнсіўныя архіўныя вышукі — 85-гадовы галяндзец Альбэрт Ван Дэйк, колішні вязень Бухэнвальда. Паводле ягоных слоў, ён трапіў у канцлягер за махлярства: падрабіў нейкія паперы дзеля таго, каб не ісьці ў войска. Як кажа Ван Дэйк, ён і раней імкнуўся агучыць гэтую тэму на розных канфэрэнцыях і сустрэчах вязьняў, аднак доўгі час не сустракаў разуменьня на самых розных узроўнях. Ніхто пра гэта нічога чуць не хацеў. Сёньня, гледзячы на экспазыцыю са здымкамі Бухэнвальда, Ван Дэйк распавядае:

За кожны візыт я, як і іншыя, плаціў па дзьве райхсмаркі.
“Вось гэта лягер з баракамі, і там быў публічны дом. Мне было 18 гадоў, калі я трапіў на прымусовыя працы ў Бухэнвальд. Аднак нават з гэтым злачынствам я належаў да катэгорыі тых прывілеяваных мужчын, якім дазвалялася атрымліваць падобныя паслугі. Бардэлі існавалі найперш для абслугі, потым для такіх «лёгкіх крымінальнікаў» накшталт мяне. Усім астатнім вязьням гэта было забаронена. Жанчына, якую я сустрэў у бардэлі, стала маёй першай жанчынай. Мне нават падалося, што яна мяне кахала. За кожны візыт я, як і іншыя, плаціў па дзьве райхсмаркі”.

Спатканьні з жанчынамі, кажа Ван Дэйк, адбываліся ў адмысловых блёках. За сустрэчай праз маленькую дзюрку ў сьцяне назіралі ахоўнікі. Яны былі абавязаныя кантраляваць інтым, бо афіцыйная мараль Трэцяга райху асуджала распусту. Дэ-юрэ гандаль целам быў пры Гітлеры забаронены. Аднак у 1941 годзе Гімлер, параіўшыся з псыхолягамі, загадаў стварыць пры канцлягерах адмысловыя бардэлі. Лічылася, што вязьні-мужчыны будуць лепей працаваць, калі ўзнагародай за працу стане сэкс. Акрамя таго, разьлічвалі, што такім чынам будуць прадухіляцца і гомасэксуальныя паводзіны.

Калі ж жанчына зацяжарвала, яна станавілася аб’ектам мэдычных экспэрымэнтаў нацысцкіх лекараў.
Як вынікае з архіўнай дакумэнтацыі нямецкіх канцлягераў, тых нявольніц, якія аказвалі сэксуальныя паслугі, кармілі лепш. Таксама ім дазвалялі насіць звычайную вопратку. Калі ж жанчына зацяжарвала або атрымлівала вэнэрычнае захворваньне, яна станавілася аб’ектам мэдычных экспэрымэнтаў нацысцкіх лекараў.

Дарэчы, напачатку кіраўніцтва лягераў абяцала жанчынам, што іх вызваляць адразу пасьля шасьці месяцаў такой працы. Зразумела, гэта была хлусьня.

Паводле Ван Дэйка, у жанчын-нявольніц, якія абслугоўвалі бардэлі, не было ніякага выбару. Размова ішла пра звычайнае выжываньне на жывёльным узроўні. За кавалак хлеба даводзілася ісьці на ўсё. Усе чакалі хуткага канца. І ніхто не спадзяваўся, што выйдзе на волю, а тым больш на тое, што Нямеччына будзе разьбіта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG