Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Купалаўскім ставяць “Хама” і “Старамодную камэдыю”


Больш як месяц таму, 14 студзеня, на пасаду мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы быў прызначаны Мікалай Пінігін замест Валерыя Раеўскага, які застаўся ў тэатры рэжысэрам. Прайшло амаль паўтара месяца. Што зьмянілася за гэты час у творчым калектыве?


СЛУХАЦЬ:


Малады актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка кажа, што прызначэньне Мікалая Пінігіна было своеасаблівым навагоднім падарункам для трупы:

“Калі ў нас пыталіся: “Каго б вы хацелі бачыць на пасадзе мастацкага кіраўніка?”, усе аднагалосна казалі пра Пінігіна. Ён стварае такую атмасфэру, што кожны чалавек патрэбны ў тэатры, кожны чалавек — асаблівы... Калі ён пачынаў рэпэтыцыю, ён казаў такія словы, якія ўсім падабаліся, казаў па-расейску: “Старик, у меня есть гениальная идея, как поставить этот спектакль!” І ўсе былі пад уплывам гэтай геніяльнай ідэі. І моладзь сапраўды цёпла, шчыра вітала гэтае прызначэньне. Пакуль у тэатры зацішша, але гэта такое добрае зацішша”.

Акторка Вольга Няфёдава наконт атмасфэры ў тэатры выказалася так:

“Напэўна, зьмянілася. Таму што ўсе без выключэньня вельмі любяць Пінігіна. І таму ў тэатры зараз вельмі добрая, творчая атмасфэра. Хочацца працаваць!”

Прадстаўнік сярэдняга пакаленьня, заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў кажа, што так хутка зьменаў быць ня можа:

“Моладзь ня столькі чакае, колькі дзейнічае, а мы ўжо больш рэалістамі сталі зь цягам часу. Пакуль нічога новага няма, і нічога кардынальна новага ня можа быць праз адзін месяц. Ну, а ў Амэрыцы што зьмянілася за месяц новага прэзыдэнта? Як жылі яны ў крызісе, так і жывуць пакуль. Што ж за месяц можа зьмяніцца? Трэба яшчэ вывучыць сытуацыю, а для гэтага час патрэбны. Праз год, давайце дамовімся, вы мне патэлефануеце, тады паразмаўляем”.

Акторка Сьвятлана Зелянкоўская, якая адмовілася ў кастрычніку разам зь іншымі акторамі ісьці ў адміністрацыю прэзыдэнта, патлумачыўшы, што чыноўнікі павінны прыходзіць да творцаў, а не наадварот, спадзяецца на перамены:

“Надзеі ёсьць заўсёды. Што да настрою, у нас проста быў вельмі напружаны пэрыяд рэпэтыцыяў з расейскім рэжысэрам, таму не да роздумаў было, вельмі шмат працы было. Працуем, як да гэтага працавалі, так і зараз”.

Карэспандэнтка: “Але чаканьне зьменаў адчуваецца?”

“Канечне, я думаю, так”.

Малады актор Раман Падаляка выказаў думку, што не адзін толькі мастацкі кіраўнік можа зьмяніць сытуацыю ў тэатры:

“Ідзе гаворка ня толькі пра мастацкага кіраўніка, а пра кожнага, хто займае пасады ў Купалаўскім тэатры — наколькі людзі разумеюць, што яны працуюць у тэатры, працуюць на прафэсію, працуюць прафэсійна, ня толькі выконваюць абавязкі, але і разумеюць, што гэта — першы тэатар краіны. І трэба зрабіць яго годным, беларускім, прафэсійным, і гэта павінна стаць такім крэда для нашага тэатру”.

Калектыў тэатру напружана працуе — тыдзень таму адбылася прэм’ера спэктакля “Вясельле”, пастаўленага да 150-годзьдзя Антона Паўлавіча Чэхава. Гэта супольны беларуска-расейскі праект, дзе занятыя акторы Купалаўскага тэатру, а пастаноўшчыкам выступіў расейскі рэжысэр, музыкант, актор, кіраўнік студыі “Soundrama” Ўладзімер Панкоў. Рэжысэр Аляксандар Гарцуеў ставіць спэктакль паводле аповесьці Элізы Ажэшкі “Хам”, Мікалай Пінігін працуе над пастаноўкай паводле п’есы ірляндца Фрыла “Патрэбен пераклад”. А на Малой сцэне хутка прэм’ера “Старамоднай камэдыі”.

Мікалай Пінігін 14 студзеня прызначаны мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру. Нарадзіўся 6 жніўня 1957 г. у горадзе Ізюм (Украіна).Скончыў рэжысэрскі факультэт Беларускай акадэміі мастацтваў (1979). Працаваў на Беларускім тэлебачаньні, у Рускім драматычным тэатры, рэжысэрам Купалаўскага тэатру.

Паставіў “Тутэйшых” Купалы, “Ідылію” і “Пінскую шляхту” Дуніна-Марцінкевіча, “Art” Ясміны Рэза, “Вячэру з прыдуркам” Вэбэра, “Эмігрантаў” Мрожака ды іншыя спэктаклі.

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі 1992 г. (за спэктакль “Тутэйшыя”), у 1994 г. прызнаны “Чалавекам году” Беларусі ў намінацыі “Сцэна”.

Ад 1998 г. працаваў у Санкт-Пецярбургу ў Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава.
XS
SM
MD
LG