Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы забаронены пікет Паўла Левінава


Віцебскі праваабаронца падаў заяўку на правядзеньне пікета да Дня беларускай міліцыі, 4-га сакавіка. Але атрымаў з гарвыканкаму пісьмовую адмову.

Паводле спадара Левінава, прадстаўніка БХК у Віцебскай вобласьці, ён зьбіраўся правесьці акцыю з мэтаю прыцягнуць увагу да выпадкаў парушэньня супрацоўнікамі міліцыі правоў грамадзян, у тым ліку жыхароў Віцебску. Пра гэта ён і паведаміў у сваёй заяўцы ў гарвыканкам.

Адмоўны адказ віцебскаму праваабаронцу падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Уладзімер Каташук. У лісьце напісана, што пікет спадара Левінава замінаў бы руху мінакоў каля Летняга амфітэатру, таму акцыю забараняюць. У якасьці другой прычыны для забароны спадар Каташук згадвае, што гарвыканкам не дазваляе праводзіць масавыя акцыі ў цэнтры Віцебску – для гэтага ёсьць адмыслова вызначаныя гарадзкой адміністрацыяй месцы: загарадны парк “Мазурына”, Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў на гарадзкой ускраіне і Парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ, які гараджане лічаць за лепшае проста абыходзіць, бо ён не добраўпарадкаваны ды стаўся прытулкам для выпівох.

Павал Левінаў лічыць, што ў гэтых малалюдных месцах праводзіць грамадзкія акцыі немэтазгодна. І таму ўжо пяць разоў спрабаваў прыцягнуць да суду адказных асобаў, якія забаранялі яму праводзіць пікеты ў цэнтры гораду. Пакуль што аспрэчыць рашэньні гарадзкіх чыноўнікаў яму не ўдавалася, але ён і шосты раз зьвярнуўся ў суд, каб аспрэчыць забарону на правядзеньне пікету пра злоўжываньні й парушэньні ў дзеяньнях міліцыянтаў.
XS
SM
MD
LG