Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго праводзяцца акцыі, якія ня маюць ніякага грамадзкага розгаласу й працягу?

На гэтае пытаньне ў мяне ёсьць тры адказы: дзеля самасьцьверджаньня актывістаў, дзеля “галачкі”, дзеля няўмельства зрабіць усё належным чынам.

Апошняе здарэньне ў Гомелі зьвярнула на сябе ўвагу ня тым, што маладыя людзі зладзілі 21 лютага “акцыю ў абарону роднае мовы”, і ня тым нават, што іх за гэта каго пасадзілі на суткі, а каго аштрафавалі, а тым якраз, што падзея ня выклікала рэзанансу й абмеркаваньня, не зацікавіла найперш інтэрнэтную супольнасьць. Ня стала нагодай для хвалі салідарнасьці, дзеля чаго, па вялікім рахунку, і рабілася. На маю думку, прычына – у самой задуме і ў тым, як яна была рэалізаваная.

Вызначэньне жанру

Некалькі маладых гомельцаў вырашылі ўскласьці кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму й такім чынам адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. Сваю акцыю яны назвалі флэш-мобам. Але флэш-моб мае на ўвазе вялікі натоўп, які раптам пачынае рабіць нейкае скаардынаванае дзеяньне і праз хвіліну зноў ператвараецца ў звычайны натоўп. Калі б у нашым выпадку спрацаваў закон чысьціні жанру й сотні вулічных мінакоў усклалі кветкі да Кірылы Тураўскага, а пасьля зноў ператварыліся ў вулічных мінакоў, гэта сапраўды было б відовішча, якое наўрад ці скончылася б затрыманьнямі, але атрымала б розгалас. Праўда, ускладаць кветкі ў такім кантэксьце – ня надта арыгінальна, але тым ня менш. Жанр флэш-мобу прадугледжвае нейкі імгненны прарыў паралельнае рэальнасьці ў той сьвет, дзе існуюць спэцслужбы, міліцыянты і судзьдзі. Выдумка і эфэкт нечаканасьці, а таксама бяскрыўднасьць дзеяньня павінны зьбіць названых таварышаў з тропу, але ніяк не справакаваць іх на рэпрэсіўныя захады.

Ну, ня справіліся гомельцы з такой задумай, ня здолелі падрыхтаваць і правесьці сапраўдны флэш-моб, дык трэба так пра гэта й сказаць. Не набралі сотні ўдзельнікаў і выйшлі самі. Учатырох, здаецца. А каб загадзя апраўдаць сваю няздольнасьць правесьці флэш-моб, узброіліся атрыбутамі пратэсту.

“Маладзёны ішлі па вуліцы Савецкай, – паведаміла Радыё Свабода, – каб ускласьці кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму. Апрача гвазьдзікоў у руках яны трымалі лісткі паперы з надпісамі “Родная мова” са штампам па-расейску: “Запрещено”. Раты ў маладзёнаў былі завязаныя чырвона-зялёнымі стужкамі”.

Журналісты назвалі гэта несанкцыянаваным пікетам. Але раз ішлі – значыць, была дэманстрацыя. Пратэст быў падкрэсьлена антыдзяржаўным. Гомельцы добра ведалі, у якой дзяржаве жывуць і, верагодна, нават разьлічвалі на затрыманьне. Інакш пра акцыю ўвогуле не згадаў бы ніхто. А тут арыштавалі й аштрафавалі. Ніхто й не падумаў, што рэпрэсуюць іх, па самым вялікім рахунку, за няўменьне зладзіць эфэктную й эфэктыўную акцыю, а зусім не за родную мову, як яны паведамілі журналістам.

Дарэчы, што там было напісана ў пастанове суда? “За парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцый”? Пры чым тут родная мова?

І яшчэ дарэчы. Як там самой мове ад гэтага ўсяго, ці дыхаць стала лягчэй? Па-мойму, не. Яе зноў выкарысталі ў нейкай сумнай палітычнай кляўнадзе. Шкада. Мушу паўтарыць вядомае правіла, што стала актуальным для сёньняшніх змагароў за беларушчыну. Хочаш зрабіць добрую справу – не нашкодзь. Калі вы, некалькі чалавек, учыняеце вулічную акцыю, а мінакі глядзяць на вас, як на дзівакоў ці палітычных маргіналаў, гэта зусім ня значыць, што вы стаічна “абараняеце родную мову”. Дый ня трэба ёй ніякай абароны. Ёй трэба – пашырэньне й любоў уласнага народу. А гэта значыць, што прыхільна людзі павінны ставіцца да вас.

Мова й палітыка

Зусім па-іншаму адзначыў гэты Міжнародны дзень роднай мовы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Ён запатрабаваў адмены ганебнага закона пра дзьве дзяржаўныя мовы. Заява мела шырокі розгалас, прынамсі, у інтэрнэце і выклікала не пазбаўленыя сэнсу дыскусіі. Няма сумневу, што пачулі яе і ў кіраўніцтве краіны.

Паўтаруся – мы ўсе ведаем, у якой дзяржаве жывем і што моўная сытуацыя ня зьменіцца ўвадначасьсе. Але дзяржава павінна ўвесь час чуць патрабаваньне зьмяніць свае адносіны да роднае мовы, гэта значыць, зьмяніць заканадаўства і моўную палітыку ў цэлым.

Зь іншага боку, калі мы пазыцыянуем сябе як антыдзяржаўныя сілы з чырвона-зялёнымі стужкамі на ратах, ніякая дзяржава ніколі ні слухаць нас, ні, тым больш, чуць ня будзе. Чаго мы дамагаемся? Пашырэньня мовы ці ліквідацыі дзяржавы?

Натуральна, зрабіць пікет ці дэманстрацыю з разьлікам на арышты й штрафы лягчэй, чым сабраць сто сяброў на флэш-моб альбо абысьці сотні кватэр і пераканаць бацькоў, дамагчыся адкрыцьця беларускае клясы. Але пікеты перастаюць чапляць за жывое жыцьцё, а задача ствараць школы ня зьнікне ніколі.

Мова й дзяржава

Такім чынам, дзейнасьць “за мову” ня можа быць антыдзяржаўнай. А палітызацыя моўнага пытаньня ня можа выходзіць за рамкі заканадаўчых ініцыятываў і патрабаваньняў.

Дзяржава таксама “моўная”, толькі адсотак яе беларускамоўнасьці надзвычай малы. Першы канал нацыянальнага радыё, некалькі перадач на тэлевізіі, некалькі дзяржаўных пэрыёдыкаў, выступы асобных чыноўнікаў... Што-нішто ў сыстэме адукацыі й бюджэтнай культуры, дні беларускай пісьмовасьці... Мізэр? Але не пустата. Нехта кажа – акупацыйны рэжым. Хутчэй, каляніяльны. Зь іншага боку, ці ў большай ступені беларускамоўная наша нацыянальная апазыцыя? Гэта на выпадак “скіданьня” гэтага рэжыму. Хто там прыйдзе яму на зьмену? І што там сьвеціць беларушчыне?

У нас з часоў Машэрава склаўся стэрэатып, што безь дзяржаўнай падтрымкі беларуская мова перастане існаваць. Ці дастаткова мінулых пятнаццаці гадоў, каб пераканацца, што гэта няпраўда? У параўнаньні з тымі ж Машэраўскімі часамі сёньня становішча мовы не выглядае фатальна. Іншая рэч, што патрабуецца мноства эфэктыўных дзеяньняў дзеля пашырэньня мовы.

Усе гэтыя пятнаццаць гадоў дзяржава быццам выпрабоўвала мову на жывучасьць – будзе ня будзе. Ёсьць. І толькі ўзмацнела. І ня дзенецца ўжо нікуды й ніколі. Але бяз масавай беларускай школы кудысьці можа падзецца нацыя. Палітызуючы ж моўнае пытаньне па-за межамі заканадаўчае прасторы, мы сам народ настройваем супраць беларушчыны.

Пікет

Рух за пашырэньне беларушчыны сёньня абсалютна актуальны. Калі спалучыць два дзеяньні – заяву Міхася Міцкевіча і выступ гомельскіх актывістаў, можна было б атрымаць наступнае. Санкцыянаваны ўладамі пікет за пашырэньне роднае мовы. І абсалютна ня важна, на якім бангалоры такому пікету адвядуць месца. Бо спатрэбіцца гаварыць зь людзьмі, расказваць, тлумачыць, даказваць, заваёўваць прыхільнікаў.

Нават адзін выпадковы мінак дзе-небудзь на Валатаве, які далучыцца да беларушчыны ці хоць бы зацікавіцца – гэта каштоўны набытак, а ня страта сотні, якія адвернуцца ад дзівакоў з завязанымі ратамі, а разам і ад таго, за што яны “змагаюцца” – ад беларускае мовы. Скажуць: якія абаронцы, такія й каштоўнасьці.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG