Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску загадана адключаць асьвятленьне


У мэтах эканоміі Віцебскі гарвыканкам пастанавіў адключаць вулічнае асьвятленьне ад гадзіны ночы да пятай раніцы.


Антыкрызісныя захады ўступілі ў дзеяньне ў ноч з 23 на 24 лютага: на віцебскіх вуліцах уначы стала цёмна. Цяпер ліхтары гараць ноччу толькі ў раёне чыгуначнага вакзалу, затое падсьвятленьне манумэнту на плошчы Перамогі вырашана адключаць яшчэ а 9-й вечара.

Пра адключэньне ліхтароў жыхарам Віцебску паведамілі бягучым радком на тэлеканалах кабэльнай сеткі і ў некаторых мясцовых газэтах. Але гарадзкая адміністрацыя нічога не сказала пра тое, колькі грошай такім чынам удасца зэканоміць. Паводле дырэктара прадпрыемства “Гарсьвятло” Анатоля Мядзьведзкага, гэткія разьлікі яшчэ не праводзіліся. І таму рашэньне гарвыканкаму выклікала незадавальненьне грамадзянаў ды спарадзіла мноства чутак.

Камэнтары незадаволеных гараджан пачалі зьяўляцца на інтэрнэт-сайце “Народныя Навіны Віцебску”. Рэдактар сайту Сяргей Серабро распавёў, што гэткая актыўнасьць падштурхнула яго правесьці на сайце грамадзкае апытаньне: “Што яшчэ можна адключыць у Віцебску з 01:00 да 05:00 для эканоміі?”. У якасьці варыянтаў прапаноўваліся ацяпленьне, вада, тэлефон, інтэрнэт і сотавая сувязь.

“Як высьветлілася, найперш людзі гатовыя ахвяраваць ацяпленьнем: у холадзе гатовыя жыць 31% віцяблянаў, калі гэта спатрэбіцца падчас крызісу. Абмежаваць сябе ў спажываньні вады ў начны час гатовыя 22%, без інтэрнэту гатовыя застацца 20%, 18% згодныя, каб ноччу адключалі гарадзкі тэлефон, і толькі 9% галасуе за адключэньне сотавай сувязі. Але, я думаю, гэта ў нашых чытачоў такі гумар. Бо хоць ужо неўзабаве й пачнецца каляндарная вясна, спаць у холадзе нікому ня будзе камфортна”, — распавёў пра вынікі галасаваньня Сяргей Серабро.

Пра тое, што да апытаньня наведнікі сайту паставіліся з пэўным гумарам, сьведчаць і камэнтары жыхароў Віцебску: нехта жартуе, што добры бізнэс можна зрабіць на продажы кішэнных ліхтарыкаў, нехта прапануе асьвятляць вуліцы флікерамі. Але найбольшая колькасьць гараджанаў усур’ёз занепакоеная пытаньнем, ці не ўзрасьце на цёмных віцебскіх вуліцах колькасьць злачынстваў.

На гэтае пытаньне начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў абласной міліцэйскай управы Андрэй Семяніхін адказаў наступным чынам:

— Я не гатовы казаць нешта наконт прагнозаў. Але на сёньняшні дзень, пасьля таго як уночы пачалі адключаць электрычнасьць, павелічэньня колькасьці злачынстваў няма.

Пакуль новы парадак з адключэньнем сьвятла дзейнічае ўсяго некалькі сутак. І жыхары Віцебску ня ўпэўненыя, што міліцыя здольная зрабіць усё магчымае для іхнай бясьпекі — хаця б таму, што ў цемры і самім міліцыянтам будзе нязручна шукаць злодзеяў ды рабаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG