Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Важным чыньнікам, які ўплывае на сацыяльна-палітычныя працэсы ў краіне, стала зьмена сацыяльнай базы рэжыму Лукашэнкі. Прэзыдэнцкія выбары 1994 году былі своеасаблівым паўстаньнем масаў, рэвалюцыяй сацыяльных нізоў, аўтсайдэраў, якія былі няздольныя ўпісацца ў новыя рынкавыя ўмовы, настальгавалі па савецкіх часах і былі настроеныя супраць намэнклятуры і багатых.

І першыя 8—10 гадоў праўленьня Лукашэнкі гэтыя слаі былі яго асноўным электаратам. Увайшоўшы ў вобраз “народнага прэзыдэнта”, Лукашэнка ладзіў шырокія рэпрэсіі супраць дырэктарскага корпусу, банкіраў, буйных бізнэсоўцаў пад аплядысмэнты сваіх прыхільнікаў. Быць высокім чыноўнікам азначала небясьпечную прафэсію. Яшчэ ў 2001 годзе на сэлектарнай нарадзе прэзыдэнт даваў каманду міністру ўнутраных спраў Навумаву спыняць “іншамаркі” і патрабаваць у іх гаспадароў грошай на пасяўную. Яшчэ ў 2003 годзе была прынятая пастанова ўраду, якая прадугледжвала, што заробкі кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый ня могуць перавышаць сярэдні заробак па арганізацыі больш чым у 3,5 раза.

Здавалася, курс на стабільнасьць, кансэрвацыю сацыяльнай мадэлі гарантуе нязьменнасьць электаральнага статус-кво. Але тут здарылася нечаканае. У 2003—2008 гадах на Беларусь зваліліся шалёныя нафтадаляры, у выніку чаго пачаўся спажывецкі бум, павысіўся ўзровень жыцьця. Зьявіўся новы сацыяльны слой — назавём яго ўмоўна “сярэдняя кляса”. Гэта людзі, якія вырашылі праблему выжываньня і думаюць пра якасьць жыцьця.

У выніку пачала зьмяняцца сацыяльная база рэжыму Лукашэнкі. Прэзыдэнцкія выбары 2006 году паказалі, што адбыўся рост рэальнай падтрымкі рэжыму за кошт менавіта гэтай новай “сярэдняй клясы”. Такім чынам, выявілася тэндэнцыя пашырэньня ці нават зьмены электаральнай базы рэжыму: сацыяльныя нізы пачалі выцясьняцца новым слоем сярэднезабясьпечаных людзей.
Лукашэнка вымушаны прыстасоўвацца да запатрабаваньняў “сярэдняй клясы”

Гэтая зьмена, з аднаго боку, умацавала пазыцыі кіроўнай каманды. А зь іншага — выявіла для яе шэраг новых праблем. Лукашэнка вымушаны прыстасоўвацца да запатрабаваньняў “сярэдняй клясы”, стаў закладнікам яе спажывецкіх апэтытаў, якія ўсё растуць. Зьвярніце ўвагу: адмяняюцца сацыяльныя льготы, важныя найперш для бедных слаёў насельніцтва, пэнсіянэраў. Затое абвешчана эканамічная лібэралізацыя, уводзіцца плоская шкала падаткаў, што запатрабавана “сярэдняй клясай”.

Намэнклятура — важная частка гэтай “сярэдняй клясы”. Таму ў “сацыяльны кантракт” паміж Лукашэнкам і чынавенствам былі ўнесены карэктывы. Значна вырас разрыў паміж заробкам кіраўнікоў і сярэднім заробкам па краіне. Пачаўся працэс легалізацыі іх “ценевых” даходаў. З “антыкарупцыйнага” выступу кіраўніка дзяржавы ў лістападзе мінулага году вынікае, што кожны, нават дробны начальнік, які працуе ў праваахоўных органах, мае немаленькі катэдж. У гэты ж час узьнік знакаміты пасёлак у Драздах для вышэйшага чынавенства, што немагчыма было б сабе ўявіць у 1990-я гады, калі Лукашэнка прэзэнтаваў вобраз “народнага прэзыдэнта” і змагаўся з прывілеямі намэнклятуры. І, дарэчы, у зьвязку з узмацненьнем сацыяльнай дыфэрэнцыяцыі ў грамадзтве абвастрылася праблема справядлівасьці, што засьведчылі кандыдаты ў дэпутаты цягам верасьнёўскай выбарчай кампаніі.

І вось тут Лукашэнку падсьцерагае небясьпека. Калі гэтыя працэсы будуць разьвівацца надалей, то праз пэўны час гэтая эканамічная свабода, эканамічная аўтаномія канвэртуецца ў палітычны ўплыў.

Зьвернемся да таго “антыкарупцыйнага” выступу Лукашэнкі ў лістападзе мінулага году, бо ён падаецца мне знакавым. Зьвярніце ўвагу — людзі, якія сталі галоўнымі фігурантамі той справы, гэта прадстаўнікі сілавых структур, якія найбольш задзейнічаны ў барацьбе з апазыцыяй: судзьдзі, два намесьнікі генэральнага пракурора (адзін дзейны, адзін былы), таксама два дзейныя і два былыя намесьнікі міністра МУС.

Пачала стварацца мадэль, якая нагадвае сыстэму васалітэту ў сярэднявечнай Эўропе. Дачыненьні сюзэрэна і васала былі не такія простыя, як падаецца ў нашых падручніках гісторыі — маўляў, сюзэрэн даў каманду, васал яе выконвае. Іх стасункі будаваліся на аснове дамовы. Сюзэрэн таксама меў пэўныя абавязкі ў адносінах да гэтага васала. Ён яго павінен быў абараняць, забясьпечваць умовы жыцьця, выдзяляць зямлю і г.д. А васал, адпаведна, меў пэўныя правы.
Лукашэнка хоча з эпохі Брэжнева вярнуцца ў эпоху Сталіна

Вось нейкая падобная сытуацыя пачала стыхійна складацца ў Беларусі. Вышэйшыя чальцы сілавых структур, якія насуперак усім законам, працэдурам нішчылі апазыцыю, палічылі, што ім цяпер узамен дадзены карт-блянш на атрыманьне “ценевых” даходаў. То бок стыхійна пачаў складацца новы “сацыяльны кантракт” паміж “сілавікамі” і Лукашэнкам. Калі гэтая тэндэнцыя будзе разьвівацца, то кіраўнікі сілавых структур стануць сілай, якая можа ператварыцца ў суб’ект палітыкі і пачне прэтэндаваць на нейкую палітычную ролю. То бок можа скласьціся мадэль часоў позьняга Брэжнева, калі генэральны сакратар быў не адзіным дыктатарам, як Сталін, а першым сярод роўных. Памяняецца тып рэжыму. Гэта ўжо будзе не пэрсаналісцкі, а алігархічны рэжым. А ў алігархічным рэжыме яго лідэр павінен узгадняць прыняцьце рашэньняў з намэнклятурай.

Лукашэнка адчувае небясьпеку. Ён столькі гадоў вытоптваў усю пляцоўку вакол, каб ні з кім не дзяліцца, мець бескантрольную ўладу — і вось цяпер усё можа зьмяніцца. Ягоны “антыкарупцыйны” выступ у лістападзе — гэта спроба прыпыніць такую тэндэнцыю і вярнуць сытуацыю назад, паставіць на месца кіраўнічную вярхушку, якая пачала прэтэндаваць на нейкую самастойную ролю. Каб яны не забываліся, каб яны памяталі, хто яны такія, хто іх прызначыў і хто іх у кожны момант можа выкінуць. То бок Лукашэнка хоча з эпохі Брэжнева вярнуцца ў эпоху Сталіна.

Але праблема ў тым, што Лукашэнка змагаецца з аб’ектыўнымі наступствамі тых працэсаў, якія ён сам жа і запускае. Эканамічная лібэралізацыя непазьбежна ўзмацняе намэнклятурныя кляны. Таму кіраўніка дзяржавы чакае цяжкая сызыфава праца.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG