Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 21 лютага



ЛІТПРАЦЭС

ВЯЧАСЛАЎ РАКІЦКІ: “П’ЕСЫ МРОЖАКА НАДЗЁННЫЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ”


У выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла кніга перакладаў выбраных твораў Славаміра Мрожака “Дом на мяжы”. Яе склалі тры п’есы і чатырнаццаць апавяданьняў знакамітага польскага драматурга і празаіка. На беларускую іх пераклалі Вячаслаў Ракіцкі, Лявон Баршчэўскі і Марына Шода. З адным з перакладчыкаў і аўтарам прадмовы да выданьня Вячаславам Ракіцкім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Ракіцкі, на пачатку нашай размовы, калі ласка, колькі словаў пра вашае ўспрыняцьце творчасьці Славаміра Мрожака”.

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі:
“Найперш я хацеў бы адзначыць, што Мрожак – гэта фантастычнае, дзіўнае, неверагоднае спалучэньне філязофіі, інтэлектуалізму, розуму, думкі (выразнай, прычым, думкі) з гумарам. І вось гэтае спалучэньне, калі праз гумар, іронію ці праз сатыру даводзіцца вельмі сучасная, парадаксальная абсурдысцкая думка – гэта ўнікальная зьява ва ўсясьветнай драматургіі і літаратуры”.

Аксак: “А калі беларускі чытач і тэатральны глядач ўпершыню даведаліся пра знакамітага польскага абсурдыста?”

Ракіцкі: “Чытач толькі цяпер далучаецца да Мрожака, хаця яго драматургія вельмі цікавая яшчэ і для чытаньня, а ня толькі для сцэны. Што тычыцца сцэны, то беларускі тэатар вельмі доўга ішоў да драматургіі абсурду. А паколькі Польшча да нас бліжэй, і яна была камуністычнай краінай, і ў нас зь ёю адбываўся больш-менш выразны культурніцкі абмен, то беларускі тэатар найперш і зьвярнуўся да Мрожака. Тут Мрожаку пашанцавала, што ў той вялікай плыні абсурдысцкай ці парадаксальнай драмы ён як наш сусед даволі хутка прыйшоў да беларусаў. Гэта адбылося ў другой палове 80-х, у часы перабудовы, калі ў Беларусі пачаў узьнікаць студыйны тэатральны рух. І менавіта тады тэатар-студыя Рыда Таліпава ўпершыню і зьвярнулася да адной з самых цікавых п’ес Мрожака “Стрыптыз”. А затым пайшло-паехала, і Мрожак быў пастаўлены і ў тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску (“Танга”, “Эмігранты”), і ў тэатры імя Янкі Купалы (“Дом на мяжы”), і ў Гарадзенскім тэатры лялек (“Караль”, “Стрыптыз”). Карацей кажучы, у другую палову 80-х і амаль усе 90-я гады так ці інакш, але беларускія тэатры зьвярталі ўвагу на драматургію Мрожака”.

Аксак: “Як успрымаліся ў Беларусі п’есы аўтара, які ў сваіх твораў даводзіў да абсурду камуністычную рэчаіснасьць і як грамадзянін рэзка выступаў супраць палітыкі краінаў Варшаўскага блёку?”

Ракіцкі: “Такая пазыцыя гэтага драматурга зрабіла яго ўвогуле выгнаньнікам у сябе на радзіме ў Польшчы. Гэты чалавек шмат разоў пакідаў Польшчу і шмат разоў вяртаўся. Ён быў вельмі патрэбны польскім камуністычным уладам для таго, каб узяць некага аднаго як паходню і затым прыкрывацца – вось, маўляў, у нас свабода. Але ён ня вельмі верыў гэтай уладзе і просьбы вярнуцца доўга абдумваў. Але пасьля таго, як войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну ў 68-м годзе, тады Мрожак вырашыў ніколі не вяртацца ў камуністычны сьвет.

Што тычыцца Беларусі, то беларуская крытыка заплюшчвала вочы на сутнасьць ягоных п’есаў, і заплюшчвала даволі хітра. Нават многія з тых крытыкаў, якія стаялі на абароне сацыялістычнага рэалізму. Яны інтуітыўна адчувалі, што і беларускі тэатар раней ці пазьней мусіць прыйсьці да іншай драматургіі – не да драматургіі рэалістычнай, не да заглыбленага псыхалягізму”.

Аксак: А які лёс згаданых вамі тэатральных пастановак у Беларусі п’есаў Мрожака?”

Ракіцкі: “Лёс іх ня вельмі зайздросны. Калі ўзгадаць, напрыклад, спэктакль тэатру імя Янкі Купалы “Дом на мяжы”, які паставіў польскі рэжысэр Анджэй Якімец, то ён не ішоў занадта доўга – усяго тры-чатыры дзясяткі разоў. Яго здорава вітала інтэлектуальная публіка, яго віталі тэатральныя людзі, і крыху было расчараваньне ў шараговай публікі, якая прыходзіла на традыцыйныя народныя камэдыі. Хаця артысты адчулі прыроду пачуцьцяў Мрожака, і гэта сапраўды быў вельмі сьмешны, вясёлы і страшны спэктакль. Дарэчы, у тым спэктаклі бліскуча сыграла і незабыўная Стэфанія Станюта”.

Аксак: “Вось выйшла кніжка “Дом на мяжы”, назву якой дала аднайменная п’еса знакамітага аўтара. Апрача яе ў кнізе яшчэ дзьве п’есы Мрожака. Ці надзённыя яны яшчэ ў Беларусі?”

Ракіцкі: “Дом на мяжы” – безумоўна, таму што Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца на мяжы. На мяжы паміж Захадам і Ўсходам, на мяжы паміж маральнасьцю і амаральнасьцю, на мяжы паміж дэмакратыяй і таталітарызмам. І сёньня ў беларускі дом урываецца гвалт, як і тады, пры камуністах, і людзі ня маюць магчымасьці вырашыць самастойна, колькі бліноў з’есьці і ўвогуле ці есьці іх. Мне падаецца, што актуальная і п’еса “Эмігранты”, якая не ўвайшла ў гэты зборнік, таму што беларусы сёньня, як колісь палякі, вандруюць па сьвеце ў пошуку заробку. Заўсёды актуальная (і я перакананы ў гэтым як перакладчык) п’еса “Стрыптыз”. Яна – пра праблему выбару чалавека паміж свабодай і несвабодай. Калі ў цэнтры п’есаў праблема выбару быць свабодным ці несвабодным, мне здаецца – гэта заўсёды актуальна для ўсіх народаў, а для сучаснага жыцьця беларусаў – асабліва актуальна”.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР ПАПКОВІЧ: “ПЕРАСТВАРЫЦЬ “ТАРАСА НА ПАРНАСЕ ПА-НЯМЕЦКУ – ВЯЛІКАЯ СПРАВА”


Уладзімер Папковіч
Паэт Уладзімер Папковіч перакладае нямецкіх паэтаў з канца 1970-х гадоў. Асобнымі выданьнямі ў сэрыі “Паэзія народаў сьвету” выйшлі Ё. Бэхер (“Вяртаньне да сябе”, 1985) і нямецкія рамантыкі (“Закаханы вандроўнік”, 1989). Адна з апошніх аўтарскіх кніг паэта мае дзьвюхмоўную назву – “На тым стаю” – Hier stehe ich” – і зьмяшчае ў сабе цэлую міні-анталёгію нямецкай клясычнай паэзіі (24 аўтары). Сваіх чытачоў Уладзімер Папковіч шукае ня толькі ў Беларусі, але і ў Нямеччыне. Зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, розныя перакладчыкі прытрымліваюцца розных правілаў. Адзін дапільноўвае дух твора, другі не адступаецца ад літары. А які ў вас галоўны перакладчыцкі прынцып?”

Уладзімер Папковіч: “Я стараюся трымацца літары, зьместу, але бывае і такое, што прыходзіцца адыходзіць ад першатэксту і ўжываць нейкія свае вобразы, каб яны адпавядалі таму, што хацеў сказаць паэт, што гучыць у арыгінале. Гэта ўвогуле вельмі цяжкая задача – брацца за пераклад, і ў мяне дома амаль няма перакладных кніг, я ведаю, што лепш чытаць на мове арыгіналу. Там ты адчуваеш пах, водар слова, краіну. Калі перакладаеш, усё гэта траціцца”.

Скобла: “Вы самі пішаце вершы. А ці не шкада бывае аддаць вобраз, мэтафару другому паэту, якога вы перакладаеце?”

Папковіч: “Бывае, што і аддаеш, але гэтага не прыкмячаеш. Калі трэба для пастаўленай мэты, то робіш усё магчымае, каб верш атрымаўся на беларускай мове. І тут ужо не задумваесься, дзе сваё, дзе чужое”.

Скобла: “Ці ёсьць у Беларусі свая перакладчыцкая школа? І калі – так, то зь якімі імёнамі яна ў вас асацыюецца?”

Папковіч: “Я не скажу, што ёсьць школа, але ёсьць і былі вельмі добрыя перакладчыкі, напрыклад, Юрка Гаўрук. Са сваіх сучасьнікаў, каго я ведаю асабіста, назаву Васіля Сёмуху і Язэпа Семяжона. Гэта выдатныя перакладчыкі. На жаль, наш Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (цяпер Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт) перакладаць не вучыў, галоўнае было – навучыць мове, каб выкладаць яе ў школе ці інстытуце. Як перакладаць паэзію ці прозу – гаворкі не было. Так што можна сказаць, што я самавук”.

Скобла: “Вы штогод бываеце ў Нямеччыне. Якая літаратура сёньня там найбольш чытаная?”

Папковіч: “Розныя людзі рознае чытаюць. Апошнім разам я быў там тыдзень і займаўся сучаснай літаратурай, паколькі я рыхтаваў даклад для навуковай канфэрэнцыі. Я пытаўся ў прадаўцоў, пытаўся ў знаёмага паэта, і яны мне сказалі, што ў іх добра прадаецца пераважна амэрыканская літаратура. Як толькі ў ЗША твор становіцца бэстсэлерам, то адразу перакладаецца на нямецкую мову і ідзе на рынак. Кніга і ў Нямеччыне стала таварам. Зусім на днях я атрымаў ліст з Нямеччыны. У тым гарадку, дзе я заўсёды жыву, калі прыяжджаю, зачынілася кнігарня. Гэта паказчык, што немцы сёньня чытаюць мала. Але ў Нямеччыне ёсьць прыватныя гурткі, дзе людзі зьбіраюцца і абмяркоўваюць кніжку, якую яны прачыталі. Доктар, архітэктар, настаўнік зьбіраюцца і размаўляюць пра кнігу. Так што немцы неяк падтрымліваюць культуру чытаньня. Ёсьць у іх і фонд, які так і называецца “Чытаць!”, пра яго ў адной са сваіх прамоваў гаварыў былы прэзыдэнт ФРГ Ёганэс Раў. Чым гэты фонд займаецца? Яго актывісты ідуць у бібліятэку, у школу, у дзіцячы садок, у сям’ю і чытаюць дзецям кніжкі. У Беларусі культура чытаньня страчваецца. Я працую са студэнтамі, часам пытаюся, а што вы цяпер чытаеце? У адказ – маўчаньне”.

Скобла: “Ясна, што любая нацыянальная літаратура існуе ў кантэксьце літаратуры ўсясьветнай. Як бы вы ацанілі сытуацыю з перакладной літаратурай у нашай краіне?”

Папковіч: “На жаль, сёньня ў нас перакладаецца катастрафічна мала. У часы Савецкага Саюзу перакладалася больш. Цяперашні стан нашай літаратуры я б ахарактарызаваў як застой. Ёсьць адукаваныя людзі з замежнымі мовамі, а – не перакладаюць. Калісьці за мяжу выехаць нельга было, і кніжак ня бачылі з ФРГ, толькі тыя, што нам давалі чытаць з ГДР. Цяпер ёсьць людзі, ёсьць даступныя тэксты, але вельмі цяжка прабіцца на кніжны рынак, каб табе заплацілі за твой пераклад грошы. Вось я пераклаў “Тараса на Парнасе” на нямецкую мову – і ніхто не заўважыў гэтага ў Беларусі. Палякі надрукавалі, Сакрат Яновіч надрукаваў у сваім часопісе, Язэп Янушкевіч выдаў у кніжцы, але афіцыйна ўсе маўчаць, як быццам нічога не было, Папковіч нічога не зрабіў. Хаця я ведаю, што даць людзям “Тараса на Парнасе” на замежнай мове – гэта вялікая справа”.

Скобла: “Адна з вашых кніг – дзьвюхмоўная: па-беларуску і па-нямецку. Вы самі пераствараеце ўласныя вершы на нямецкую мову. Ваша прадмова да іх пачынаецца словамі: “Liebe deutsche Leser!” (“Дарагія нямецкія чытачы!”). Ці ўдалося вам знайсьці сваіх чытачоў у Нямеччыне?”

Папковіч: “Ведаеце, чаму я перастварыў сябе па-нямецку? Мне вельмі хацелася да ўласнага 70-годзьдзя выдаць кніжку, а грошай не было. Немцы дапамаглі, і я падумаў, што яны ж не зразумеюць, пра што кніга. І я пераклаў, дакладней, напісаў новыя вершы на тыя ж тэмы па-нямецку. Я пераадолеў сябе, чужая мова ёсьць чужая мова. У маладосьці я спрабаваў пісаць па-расейску і адчуў, што гэта не мая мова. Я вырас на Вілейшчыне, вучыўся ў беларускай школе і там ня чуў нямецкай мовы, рэдка – польскую”.

Скобла: “Алесь Разанаў пасьля некалькіх гадоў жыцьця ў Нямеччыне цяпер піша і па-нямецку. А ў вас няма такога намеру?”

Папковіч: “Не, такога намеру няма. Калі трэба будзе перакласьці беларускага аўтара на нямецкую, каб яго змаглі прачытаць у Нямеччыне, – калі ласка, я гатовы. Але чаму я буду пісаць па-нямецку, калі я – беларус”.

УЛАДЗІМЕР ПАПКОВІЧ. З НЯМЕЦКАЙ ПАЭЗІІ

МАРЦІН ОПІЦ

Начы і зоркам

Ты – цемень, ноч, ты дзень сабой закрыла,
Прынесла страх і непрабудны змрок.
Ці не адступіш, як з усьмешкай мілай
Ружовы ранак зробіць першы крок?
Вы, зорачкі, а вам хто дапаможа
Ў шматлікай мігатлівай грамадзе,
Калі сьвятло Мадонны найпрыгожай
На вас, хоць вы й высока, упадзе?
Адчуеце, што сіл вам не хапае,
А твар яе палае, як пажар…
Аўрора й тая ціха адступае –
Ад сораму зачырванеўся твар.

ГОТХАЛЬД ЭФРАІМ ЛЕСІНГ

Той, хто над намі


Ганс Штэфэн ледзьве датрываў
Да змроку, каб паласавацца шчыра, –
У сад чужы прабраўся ён, праныра,
На яблыню залез і яблыкі там рваў.
Ёган і Ганна не маглі трываць
Да змроку, каб кахацца моцна, шчыра, –
І ён каханую завёў, праныра,
Пад тую ж яблыню, каб цалаваць.
Ганс Штэфэн, што ўгары сядзеў
І яблыкі ірваў ды еў,
Суцішыўся ад страху: вось дык трасца,
Заўважаць – і наесьціся ня ўдасца.
Ды хутка ён забыў – хоць быў у пастцы –
На страх свой і глядзеў уніз,
І яблыкі спакойна грыз.
Каханьня як суняць парыў?
Ёган дзяўчыну паваліў.
Крычала: «Кінь… цяпер ня час…
Тут мокрая трава якраз».
А ён сям-там рукою – мац:
«Трава пад намі – як матрац!»
Як справа ў іх далей пайшла –
Найлепш у іх саміх спытацца…
Усталі. Ганна злосная была:
«Панок, ты ж прагнуў цалавацца,
А сам пачаў так завіхацца…
А што, як здарыцца са мной…
Калі дзіця… карміць адной?
Што ж нарабілі мы, о Божа!..»
«Ты меркаваць, як хочаш, можаш, –
Не ажанюся я з табой.
Той, хто над намі, дапаможа –
Зьвяртайся, Ганна, да яго!»
Той, хто над намі! Аж затросься
Ганс Штэфэн… «А ці мне здалося?
Той, хто над імі! Захацеў чаго!
Не! – крыкнуў. – Кіньце і надзею.
Той, хто над вамі, марыць-сьніць
Чужога байструка карміць?!
Я і свайго зрабіць сумею!»
Хто ж у спалоху ламануў праз сад?
Ёган і Ганна. Страху было шмат.
Ці быў садоўніку даклад?
Ды не, я думаю – наўрад.

ЛЮДВІГ УЛАНД

Патанулы кляштар


На возеры быў востраў,
Ды ён пайшоў на дно.
І кляштар зь ім, і сёстры,
І пастыр заадно.
Русалкі талакою,
Што ў возеры жылі,
Зірнуць (што ж там такое?)
Да кляштара плылі.

Каго ў мурах гукалі,
Забыўшыся на страх?
У хованкі гулялі
У кляштарных кутках.
І пад арган актавы
Высьпеўвалі яны,
І для сваёй забавы
Пазвоньвалі ў званы.

На бераг выплывалі,
І бачыла зара,
Як сьмешна танцавалі
У строях з кляштара.
У палярынах белых,
У чорных армяках
Скакалі ашалела
Са сьвечкамі ў руках.

А вадзянік-бамбіза,
Нячысьцік малады,
Надзеў папову рызу,
Што выцягнуў з вады.
Хацеў распудзіць гулі,
Ашчэрыўся знарок.
Русалкі ж пацягнулі
Яго ў падводны змрок.

ТЭАДОР ФАНТАНЭ

Жыцьцё


Жыцьцё прайшло, а як я жыў?
Ці часта я шчасьлівы быў?

Глядзелі людзі, што раблю.
Адзін: «Нішто!» Другі: «Хвалю!»

«Ты пішаш гожа – любата...»
«Твая паэзія – лухта».

«Твой верш – чароўны, як вясна...»
«Нікчэмнасьць, выдумка, мана».

«Ты – Прамэтэй, што ўкраў агонь».
«Іржэш, нібы стаенны конь!»

Аднымі – любімы.
Другімі – пракляты,
Я жыў, як той Бог,
Быў усім вінаваты.

Пераклады з нямецкай мовы Ўладзімера Папковіча.

КРЫТЫКА

СЬВЕДЧАНЬНІ ПРА ЧАС І ПРА СЯБЕ

Аляксей Карпюк. Разьвітаньне з ілюзіямі: Эсэ, апавяданьні, дзёньнікі. Гародня–Wrocław, 2008.

Анатоль Сідарэвіч
Дзе захоўваюцца тыя брашуры і ўлёткі, якія праз “зялёныя калідоры” актывісты КПЗБ пераносілі з Савецкай Беларусі ў Беларусь Заходнюю? Чаму іх ніхто не друкуе? Апавядаў мне мой дзядзька, што ў тых праклямацыях надта хораша апісвалася жыцьцё ў Савецкай Беларусі: і саламяных стрэхаў няма, і лапцяў, а пад электрычным сьвятлом на трактарох і камбайнах, абутыя ў скураныя чаравікі і боты, калгасьнікі аруць зямлю ды зьбіраюць шчодрыя ўраджаі. Карацей, заходніх беларусаў пераконвалі, што ў Савецкім Саюзе людзі “жывуць, бяды ня ведаючы”. Рыхтык як у тым вершы: “На нашым полі, Полі калгасным Дзянькі праходзяць Весела, шчасна, Дружна працуем Мы грамадою, Знацца ня знаемся З горам, зь бядою”. І большасьць заходніх беларусаў верыла гэтай прапагандзе.

“Вера, – сьведчыць Аляксей Карпюк, – была сьвятой да наіўнасьці, упартай да сьмерці, часамі межавала з сэктанцтвам”. І як жа горка расчароўваліся тыя, хто пабываў у СССР і здолеў убачыць сапраўднае жыцьцё савецкіх людзей. Вось і зямляк Аляксея Карпюка Раман, вярнуўшыся з “саветаў”, апавядае, як тамтэйшыя жанкі ходзяць у галёшах на босую нагу, як людзі стаяць у чэргах па чорны хлеб... І яму ня вераць, ня хочуць верыць. Яго вінавацяць, што ён прадаўся паном. І бедны Раман з адчаю топіцца ў рачулцы...

Гэта адзін з сюжэтаў, узятых з кнігі Аляксея Карпюка “Разьвітаньне з ілюзіямі”, што выйшла пры канцы мінулага году ў сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”. Аснову зборніка складаюць аўтабіяграфічнае эсэ “Мая Джамалунгма” ды ўспаміны пісьменьніка “Разьвітаньне з ілюзіямі”. Тут дарэчы будзе нагадаць, што ў 2007 годзе ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў ёмісты том выбраных твораў Аляксея Карпюка, укладзены Аляксандрам Фядутам. Дык там “Разьвітаньне з ілюзіямі” аднесена да жанру аповесьці і зьмешчана ў адным разьдзеле са знакамітаю аповесьцю “Данута”.

Можна было б паспрачацца наконт правамернасьці такое клясыфікацыі, але зацемім галоўнае: пішучы ўспаміны, Аляксей Карпюк не імкнуўся да таго, што называецца аб’ектывізмам. Наадварот, успаміны пісьменьніка суб’ектыўныя, часам спантанныя. Часьцей пісьменьнік сам ішоў за падзеямі, выкладаў іх так, яны яму помніліся, без аглядкі на аўтарытэты і спасылак на дакумэнты. Ён менш думаў пра тое, каб выбудоўваць сюжэты, надаваць ім мастацкую аздобку, а больш дбаў аб праўдзівасьці. Чалавек пісаў хутчэй ад гарачага сэрца, чым ад халоднага розуму. Характарызуючы гэтак “Разьвітаньне з ілюзіямі”, адзначу, што ў новай кнізе Аляксея Карпюка да мэмуарнага жанру можна аднесьці таксама апавяданьні і цыкл эсэ ды адказаў на пытаньні чытачоў пад загалоўкам “Чацьвёртае вымярэньне”. Зьмешчаныя ў гэтым зборніку і дзёньнікі. Але гэта дзёньнікі не пісьменьніка, а камандзера партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага і чырвонаармейца Аляксея Карпюка, якія ён вёў у гады вайны.

Дык вернемся да саміх тэкстаў, зьмешчаных у кнізе. Заходнія беларусы чакалі прыходу бальшавікоў. У верасьні 1939-га паэт і падпольшчык радасна выгукнуў: “Здарова, таварышы! Доўга чакалі Мы вас і чакала ўся наша зямля”. Праз гады ягоны таварыш па падпольлі напісаў: “І вось настаў верасень 1939 году – доўгачаканы дзень “вызваленьня”. Амаль адразу і ў нас пачалося ламаньне хрыбта ўсяму здароваму, назапашанаму чалавецтвам за мінулыя стагодзьдзі. Пайшло разбурэньне шляхоў натуральнага разьвіцьця народнай культуры. Пачалося разбурэньне сумленнасьці і народнай дэмакратыі”.

Гэты абзац я мог бы пракамэнтаваць разгорнута, тут жа хачу зьвярнуць увагу на словы “ламаньне хрыбта”. Ламаньне хрыбта – гэта спосаб расправы з ворагамі, праціўнікамі, іншадумцамі, які выкарыстоўваўся татара-манголамі. Пішучы пра ламаньне хрыбта, Аляксей Карпюк кажа нам: у верасьні 1939-га ў Заходнюю Беларусь прыйшла ўсходняя дэспатыя, тое, што раней называлі азіятчынаю. Не перабольшвае пісьменьнік і наконт разбурэньня сумленнасьці. Ну, хоць бы згадаць прымаўкі: “Не обманешь – не проживешь», «Хочешь жить – умей вертеться». Мала таго, што яны прыйшлі з усходу, дык і нарадзіліся яны ці не ў савецкі час.

Сама біяграфія Аляксея Карпюка – гэта, можна сказаць, няспыннае змаганьне з няпраўдаю. Узяць хоць бы ўжо клясычны сюжэт з нямецкім канцлягерам Штутгоф. Вядома, што Аляксей Карпюк стаў вязьнем гэтага лягеру і здолеў адтуль уцячы. І вось яго, былога падпольшчыка, партызана, чырвонаармейца, кавалера ордэна Virtuti Militari, якога прадстаўлялі на званьне Героя Савецкага Саюзу, вінаваяць у тым, што ён супрацоўнічаў з адміністрацыяй Штутгофа, і пачынаюць перасьлед...

Зрэшты, я мог бы доўга разважаць пра Карпюковы сьведчаньні “пра час і пра сябе”, ды ўсё адно ўсе сюжэты не абмяркуеш. А кніга “Разьвітаньне з ілюзіямі” на сюжэты багатая.

Анатоль СІДАРЭВІЧ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG