Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск апусьціўся ў змрок


У “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на спробы афіцыйнага Менску наладзіць стасункі з эўрапейскімі структурамі, а таксама гавораць пра наступствы эканамічнага крызісу. Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін распавядае пра маючы адбыцца ўстаноўчы зьезд.


СЛУХАЦЬ:


Беларусь наведваюць упаўнаважаныя ў галіне правоў чалавека з Нямеччыны, Даніі, Фінляндыі і Нідэрляндаў. Яны плянуюць сабраць зьвесткі пра тое, як разьвіваецца ўнутрыпалітычная сытуацыя ў краіне пасьля вызваленьня палітвязьняў і парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Слухачы “Свабоды” працягваюць разважаць пра спробы ўладаў Беларусі наладзіць стасункі з эўрапейскімі структурамі.

Cпадарыня, Магілёў: “Перад тым, як казаць пра эўрапейскі кручок — глытаць ці не глытаць — Лукашэнка, вызваліся спачатку ад расейскага кручка, на якім была шыкоўная прынада: крэдыты, вуглевадароды ды інш., праглынуўшы які, зайцом скачаш перад Расеяй. І пакуль не прызнаеш Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, будзеш круціцца на расейскім кручку. Каб Расея ня ціснула на Лукашэнку і каб шантажаваць яе, ён і лезе на кантакты з Эўразьвязам. Гэты чалавек не бярэ бар'еры скачкамі, а бярэ іх хітрасьцю — дзесьці прапаўзе, дзесьці абыдзе”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Павал Васілевіч, Менск: “Ад вас пачуў, што мае ўнукі, праўнукі па ўзросьце ўзьнімаюць сьцяг беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Гэта ня простая шараговая справа ў нашай краіне, а вельмі цікавая, асабліва для старых вернікаў. Ці не маглі б вы запрасіць лідэра аргкамітэту, каб ён даў паўнавартасную інфармацыю на гэты конт?”

Дамо слова сустаршыні аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксею Шэіну:

“28 лютага ў памяшканьні Палаца культуры МТЗ заплянаванае правядзеньне статутнага зьезду. На гэты час мы маем пад 110 заснавальнікаў партыі. Плянуецца, што ў зьезьдзе будзе ўдзельнічаць болей за 200 дэлегатаў. Будзе прынятая праграма і статут партыі, выбраныя кіраўнічыя органы, будзе афіцыйнае рашэньне пра заснаваньне партыі”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнямі на тэму наступстваў эканамічнага крызісу:

Пасноў Ігар Аляксеевіч, Віцебск: “Віцебск апусьціўся ў змрок. Нашы новыя начальнікі прыдумалі з гадзіны да пяці цалкам адключаць усю электраэнэргію цэнтральных і пэрыфэрыйных вуліц горада. Змрок. Грошай няма на асьвятленьне”.

Cпадар: “Падчас паездкі па фармацэўтычных прадпрыемствах прэм'ер Сідорскі заявіў, што ў Эўропе лекі каштуюць у чатыры разы даражэй, чым у нас, і што над гэтым урад будзе думаць. Гэтая ягоная фраза азначае, што лекі падаражэюць. Вось толькі спадар Сідорскі забыўся сказаць, у колькі разоў заробак у Эўропе вышэйшы за беларускі. Так што над гэтым яму таксама не зашкодзіла б падумаць. Дарэчы, у Эўропе ўсе тавары таньнеюць, а ў нас наадварот. Хаця той жа Сідорскі казаў, што ў нас стабільная эканамічная сытуацыя. Калі ўсё сказанае ім супаставіць, то атрымліваецца нейкая лухта”.

Наш слухач цікавіцца:

Васіль Цюхай, Беразіно: “Вы перадалі, што выйшаў дыск “Начная чытанка 2”. Калі вы рассылаеце дыскі поштай, як і першую “Начную чытанку”, я буду ўдзячны яго атрымаць. Першы дыск мы слухалі ўсёй сям'ёй, і потым я слухаў асабіста яшчэ некалькі разоў. І потым двум чалавекам даваў капіяваць”.

Шаноўны слухач, 2, 3 і 4 сакавіка ў Менску, у кавярні “Добрыя мысьлі” адбудуцца прэзэнтацыі мультымэдыйнага дыску “Начная чытанка 2”. Пачатак імпрэзаў а 19-й. Пазьней дыск можна будзе атрымаць поштай. Калі ласка, пакіньце свой дакладны паштовы адрас на аўтаадказьніку ў Менску — 266-39-52, альбо дашліце СМС-паведамленьне на нумар мабільнай сувязі: 375.293.912.224.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG