Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі Баранавічаў: дабрачыннасьць падчас крызысу


Прадпрымальнікі Каапэратыўнага рынку Баранавічаў распачалі сэрыю дабрачынных акцыяў у справе дапамогі жыхарам дамоў-інтэрнатаў раёну. Днямі яны наведалі дзяцей-сіротаў у пасёлку Моўчадзь Баранавіцкага раёну.

Дабрачынныя акцыі баранавіцкія прадпрымальнікі распачалі яшчэ летась – напярэдадні новага году пабывалі ў доме-інтэрнаце для пэнсіянэраў у пасёлку Лясная. Зараз з падарункамі яны наведаліся да дзяцей-сіротаў. Вось як гэта тлумачыць адзін зь ініцыятараў акцыі Мікалай Чарнавус:

“Мы ж пасьля Лясной паабяцалі, што яшчэ правядзём дабрачынныя акцыі і будзем далей праводзіць. У прадпрымальнікаў жа зьбіраецца адзеньне – крышачку заплямлена, ці яшчэ што і -- тавар не купляюць. Што, яго выкідаць? Не, канечне. Лепш дзецям аддаць – вунь сядзяць распранутыя. Мы прывезьлі туфлі, боты, курткі, паліто, красоўкі, панчохі, кашулі. Усё новае – нічога ў карыстаньні не было”.

У пасёлку Моўчадзь выхоўваюцца 120 вучняў рознага веку. Пераважная бальшыня зь іх паходзіць з сацыяльна-небясьпечных і маламаёмасных сем’яў. Школа-інтэрнат таксама ня ў стане забясьпечыць усе патрэбы дзяцей, а таму матэрыяльная падтрымка апынулася вельмі дарэчы, кажа дырэктарка Лілія Сілівончык:

“Прыемная была такая імпрэза, прыемна, што гэта нашы суайчыньнікі, прыемна, што яны знайшлі час і сродкі, каб наведаць нашу школу і зрабіць нашым дзецям прыемнае і карыснае. Гэта было выдатна. Мне, як кіраўніку, ня варта перашкаджаць, каб такія людзі наведвалі нашу школу”.

Перад тым, як выправіцца ў госьці да дзяцей, прадпрымальнікі зрабілі абвестку на сваім рынку. Такім чынам былі сабраныя грошы і на салодкі пачастунак для малых, не расьпешчаных прысмакамі, узгадвае Мікалай Чарнавус:

“Адзеньне ёсьць адзеньне. А вось прысмакі.... У дзяцей гарэлі вочы, бо на стале былі тарты, цукеркі, зэфір у шакалядзе, яблыкі, мандарыны. Каб усё гэта зьняць на схаваную камэру і паказаць затым гора-бацькам, то яны, магчыма, па-іншаму глядзелі б на віна-гарэлачныя крамы. А прадпрымальнікі, паглядзеўшы на ўсё на гэта, яшчэ ня раз наведаюць школу-інтэрнат”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG