Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль з Расеяй зьменшыўся напалову


Таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй па выніках студзеня зьнізіўся на 40-50 працэнтаў у параўнаньні зь мінулым годам. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Петрышэнка на сустрэчы з кіраўнікамі працоўных групаў Нацыянальнага Сходу. Як паўплывае гэтае зьніжэньне на эканоміку Беларусі, наколькі доўгатэрміновая гэтая тэндэнцыя? Як разумець лічбы афіцыйнай статыстыкі, якая абвясьціла пра рост вытворчасьці ў студзені? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Як можна ацаніць факт такога падзеньня? Ці гэта сэзонная, часовая, зьява ці гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя, якая прывядзе да пэўных наступстваў у беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьнях?

Жаліба: Я лічу, што гэта лічба невыпадковая. Згортваньне таваразвароту з Расеяй пачалося ўжо з восені, калі набраў моц крызіс. Мяркую, што гэтая тэндэнцыя будзе разьвівацца і надалей. Бо пакупніцкая здольнасьць Расеі зьменшылася, і таму ў Беларусі першымі церпяць ад крызісу тыя прадпрыемствы, якія працуюць на Расею. Тым болей што пакуль ніхто ня можа сказаць, калі будзе самая глыбіня крызісу — ці сярэдзіна гэтага года, ці восень, ці ўвогуле ў наступным годзе. У любым выпадку абазначаная тэндэнцыя існуе, і яна будзе толькі разьвівацца.

Цыганкоў: З пункту гледжаньня таго, што паведаміў спадар Петрышэнка — як можна ацаніць некаторыя лічбы афіцыйнай статыстыкі? Напрыклад, Белстат заяўляе пра рост вытворчасьці за студзень на 4 працэнты, але разам з тым аб’ём транспартных перавозак зьменшыўся на 20 працэнтаў. Што гэта азначае — тавары вырабляюцца, але нікуды не перавозяцца, застаюцца на складах?


Жаліба: Так, вы маеце рацыю. Запасы гатовай прадукцыі ўзрасьлі да вялічыні, якой ніколі не было раней — 5 трыльёнаў рублёў. Статыстыка сапраўды адзначае за студзень рост — і ў прамысловасьці, і найбольш у сельскай гаспадарцы. Калі не сумнявацца ў статыстыцы, то гэты рост забясьпечаны за кошт складзкіх запасаў, і за кошт тых галінаў і прадпрыемстваў, што выкарыстоўваюць унутраныя рэсурсы і менш працуюць на экспарт.

Наша эканоміка ўсё яшчэ мае нейкую інэрцыю росту. Ну і пэўныя крокі робіць дзяржава. Напрыклад, Менскі трактарны завод працуе цяпер больш-менш нармальна, хаця экспарту на Расею амаль няма. Але дзяржава пайшла заводу насустрач, і цяпер за кошт бюджэту закупляюцца трактары дзеля патрэбаў беларускай сельскай гаспадаркі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG