Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукін больш не хуліган


Валер Шчукін
Валер Шчукін

Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову Першамайскага райсуду аб пакараньні Валера Шчукіна за дробнае хуліганства.

У абласным судзе пастанавілі, што адміністрацыйную справу супраць праваабаронцы і журналіста трэба ўвогуле скасаваць, бо ў дзеяньнях спадара Шчукіна не было складу злачынства.

Нагадаем, што 11 студзеня Першамайскі раённы суд прызнаў 67-гадовага пэнсіянэра вінаватым у хуліганстве паводле артыкулу 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і прысудзіў яму 70 тысяч штрафу.

Павал Левінаў
Прадстаўнік БХК у Віцебскай вобласьці Павал Левінаў адзначыў, што скаргу ў абласны суд разам з Валерам Шчукіным яны складалі, асабліва не спадзеючыся на тое, што судзьдзі стануць на бок апазыцыянэра. Тым ня менш пастанова райсуду была адмененая.

Інцыдэнт, які стаўся падставай для разбору ў двух судах рознага ўзроўню, адбыўся 11 сьнежня мінулага году ў 2-м гарадзкім шпіталі Віцебску. Валер Шчукін разам са сваякамі прыйшоў адведаць непаўналетняга Максіма Андрэева, якога адпаведныя службы зьбіраліся зьмясьціць у сацыяльны прытулак. Маці падлетка імкнулася давесьці, што гэта супрацьзаконна, і зьвярнулася па дапамогу да журналіста й праваабаронцы Валера Шчукіна.

Валер Шчукін кажа, што ён убачыў падлетка ў дужа знэрваваным стане. 16-гадовы Максім Андрэеў расказаў, што гэта — вынік гаворкі зь лекарам-псыхіятрам Зьмітром Сырнікавым, які прыехаў, каб забраць яго ў псыханэўралягічны дыспансэр. Валер Шчукін запатрабаваў, каб адмысловец-псыхіятар не чыніў ціску на хлопца. Спадар Сырнікаў заявіў, што праваабаронца яго абражае, і выклікаў міліцыю. Міліцыянты склалі пратакол пра тое, што журналіст і праваабаронца ў іхнай прысутнасьці нецэнзурна выказваўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG