Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: Базавыя прынцыпы сыстэмы застаюцца непахіснымі


Вокладка “ARCHE” №7-8, 2008
Вокладка “ARCHE” №7-8, 2008
Суд Маскоўскага раёну Берасьця вызначыў, што нумар 7-8 незалежнага часопіса “ARCHE-Пачатак” за мінулы год — “экстрэмісцкі” і “падлягае зьнішчэньню”. Як гэта стасуецца з абвешчанай лібэралізацыяй і ці памянялася за апошні час сытуацыя ў сфэры свабоды мэдыяў на Беларусі?

СЛУХАЦЬ:


Працэс над часопісам быў закрыты. У нумары, які мае 1100 старонак, пазоўнікі выявілі чатыры крамольныя, на іх погляд, фразы. Адна зь іх — зь перакладу заходніх палітолягаў, другая — з рэцэнзіі на фільм “Катынь”, трэцяя — з дыскусіі, прысьвечанай выбуху 4 ліпеня ў Менску, і чацьвёртая — з аналізу мінулых выбараў. Рэдактар часопісу Валер Булгакаў апавёў, што, на думку суду і абласнога ўпраўленьня КДБ, гэта ёсьць падставай для зьнішчэньня нумару.

Валер Булгакаў
“Само па сабе гэта даволі грознае папярэджаньне, што, нягледзячы на ўсе гэтыя эрозіі Лукашэнкавай сыстэмы, нейкія базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі. Яшчэ гэта вынік абсалютнай катастрофы беларускай культуры ў Берасьцейскім рэгіёне. Тым самым КДБ нейкім чынам яшчэ ўтыкае шпільку «Белпошце». Выходзіць, што дзяржаўнае аб’яднаньне зьяўляецца пасобнікам “экстрэмістаў”. Бо нумар гэты выйшаў накладам у 200 асобнікаў, і львіная доля гэтага накладу была распаўсюджана празь “Белпошту”.

Нагадаем, супрацоўніца мытні ў Берасьці палічыла, што зьвесткі з часопіса ARCHE “могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі”. 10 асобнікаў, знойдзеных у багажы гісторыка Алеся Пашкевіча, забралі на экспэртызу. Ініцыявала судовы працэс упраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначыла:

Жанна Літвіна
“Гэтую сытуацыю можна расцэньваць і як умяшаньне КДБ у справы мас-мэдыя, і як ажыцьцяўленьне функцыі цэнзуры незалежных мас-мэдыяў. На жаль, наш маніторынг апошніх дзён прыносіць вельмі трывожную інфармацыю. Напрыклад, учора наша калега Тацяна Бублікава атрымала папярэджаньне за ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці на карысьць тэлекампаніі «Белсат». Складаецца ўражаньне, што ўнутры краіны існуюць сілы, дзеяньні якіх скіраваныя на блякаваньне перамоўнага працэсу як унутры краіны, так і з Эўразьвязам”.

Паводле Жанны Літвіной, пасьля вяртаньня ў мэдыйную прастору газэтаў “Народная воля” і “Наша ніва” сытуацыя не зьмянілася. Праблема доступу да распаўсюду застаецца прыярытэтнай для незалежных грамадзка-палітычных выданьняў. Паводле БАЖ, 13 газэтаў альбо цалкам блякаваныя, альбо пытаньне іх распаўсюду вырашана часткова. Звароты БАЖ да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі засталіся без адказаў, а “Белпошта” і “Белсаюздрук” дасылаюць адмовы.

У рэдакцыі “Народнай волі” вывучаюць сытуацыю вакол распаўсюду газэты праз шапікі “Белсаюздруку” ў Менску. Супрацоўніца рэдакцыі Яўгенія Церахава падкрэсьліла:

“Кіраўнік дзяржавы такую думку выказаў: наце, я вярну гэтыя газэты ў шапікі. Казаў, нібыта ўсе газэты, а меў на ўвазе толькі дзьве. Але хто іх будзе купляць? — сказаў ён. — Я ж за іх прадаваць іх ня буду. Магчыма, на месцах чыноўнікі ўзялі пад казырок”.

Рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Скурко адзначае складанасьці ў рэкляме газэты:

Андрэй Скурко
“Некаторыя сфэры распаўсюду рэклямы ў нас кантралююцца ідэалягічнымі органамі. Напрыклад, рэкляма ў мэтро. Мы зьвярталіся ў ідэалягічнае ведамства Менгарвыканкаму, каб нам дазволілі разьмясьціць звычайную інфармацыю ў мэтро, што ёсьць такая газэта «Наша ніва». Нашу заяўку доўга разглядалі, а потым нам паведамілі, што рэклямных месцаў у мэтро няма”.

Нагадаем, у лістападзе мінулага году з адміністрацыі прэзыдэнта ў рэдакцыі “Народнай волі” і “Нашай нівы” паступілі зьвесткі пра тое, што гэтыя газэты ўключаць у падпісны каталёг і ў сыстэму распаўсюджваньня “Белсаюздруку”. Акрамя таго, газэты будуць мець магчымасьць друкавацца на тэрыторыі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG