Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчынам працы няма


Як крызіснае становішча ў эканоміцы ўплывае на рынак працы ў рэгіёнах?


ГОРАДНЯ


У Горадні апошнім часам у службу занятасьці пачалі зьвяртацца тыя, хто пакуль мае працу, але заняты няпоўны працоўны тыдзень. Таму людзі спадзяюцца напачатку знайсьці падпрацоўку, а ў будучыні, магчыма, і новае працоўнае месца.

На такія пошукі ідуць ня ўсе. Іван Роман, сябра Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, да нядаўняга часу быў яго рэгіянальным прадстаўніком на Гарадзеншчыне. Ён апавядае пра тое, як радзяць сабе рабочыя, у якіх сёньня няпоўны працоўны тыдзень.

“Наколькі мне вядома, калі на прадпрыемстве скарочаны графік працы, некаторыя людзі едуць на вёску дапамагаць на гаспадарцы родным. Я ведаю тых, хто займаецца рамонтам кватэр у вольныя дні. Гэта прыносіць дадатковы прыбытак. Яны робяць гэта па-за законам, ня маючы ліцэнзіі, але ў іхнім становішчы няма выйсьця іншага. А хтосьці нічога ня робіць, ляжыць у хаце, глядзіць тэлевізар, чакае выкліку на працу”.

ЛІДА


Другі па насельніцтве і па колькасьці заводаў у вобласьці — горад Ліда. Я пацікавіўся ў лідзкай службе занятасьці: ці пачалі шукаць дадатковую працу тыя рабочыя, якія маюць на прадпрыемстве няпоўны працоўны дзень? Мне сказалі, што гэтымі пытаньнямі займаецца Ўладзімір Ціханчук, але я пачуў ад яго адмову.

Ціханчук: “Мне дадзена ўказаньне: уся інфармацыя ідзе цераз начальніка ўпраўленьня. Я яго выконваю…”

А начальніка сёньня не было.

СМАРГОНЬ

Напружаным становішчам на працоўным рынку традыцыйна на Гарадзеншчыне вылучаецца Смаргонь. Ці шукаюць сёньня новых працаўнікоў мясцовыя прадпрыемствы? Ала Лабанава са службы занятасьці паведаміла:

“Не, канечне, ёсьць заяўкі. У нас на сёньняшні дзень 146 вакансій, у асноўным яны датычаць рабочых прафэсій. Заяўкі даюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будаўнічыя, прамысловыя таксама”.

Праўда, назіраецца невялікі рост беспрацоўя, пагатоў адно прадпрыемства ліквідавана, прызнала спадарыня Лабанава. А ці зьвяртаюцца да іх тыя працаўнікі, хто мае цяпер няпоўны працоўны тыдзень?

Лабанава: “Зьвяртаюцца. Бывае, прапануем часовыя працы, каб яны маглі папрацаваць у той дзень, калі не занятыя на сваім прадпрыемстве. Але цяпер не сэзон і, на жаль, мала такіх працаў”.

У Смаргоні па-ранейшаму беспрацоўныя пераважна жанчыны.

Лабанава: “316 беспрацоўных на 1 лютага было. На жаль, мы ня можам беспрацоўным жанчынам прапаноўваць спэцыяльнасьці, на каторыя ў нас ёсьць заяўкі. У асноўным гэта рабочыя спэцыяльнасьці, мужчынскія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG