Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — ЗША: ані міру, ані вайны?


Міністэрства фінансаў ЗША працягнула зьмякчэньне санкцый адносна двух беларускіх прадпрыемстваў — «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» — да 1 чэрвеня 2009 году. Міністэрства замежных справаў Беларусі вельмі пазытыўна ацаніла гэты крок ЗША, заявіўшы, што «беларускі бок неаднаразова заяўляў пра сваё жаданьне мець больш здаровыя адносіны са Злучанымі Штатамі, чым тыя, якія існавалі паміж нашымі дзяржавамі да нядаўняга часу».

Алесь Лагвінец
Віталь Цыганкоў


У якім стане знаходзяцца цяпер дачыненьні паміж Менскам і Вашынгтонам? Чаму — у той час калі стасункі Беларусі з Эўразьвязам істотна паляпшаюцца — адносіны з ЗША застаюцца на мінімальным узроўні? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: “Пра што сьведчыць вельмі пазытыўная рэакцыя беларускага МЗС на крок Міністэрства фінансаў ЗША? Здаецца, санкцыі не адмененыя, толькі працягнута іхняе зьмякчэньне, — а рэакцыя афіцыйнага Менску даволі станоўчая.”

Лагвінец: “Мяркую, што размова ідзе пра працяг пэрыяду няпэўнасьці. Беларускім уладам даецца магчымасьць выправіць сытуацыю з правамі чалавека, каб канчаткова адмяніць тыя абмежаваньні, якія былі ўведзеныя ЗША.

Выглядае, што беларускія ўлады зьмянілі тактыку. Яны любы пазытыўны альбо нават нэўтральны бок з боку Захаду камэнтуюць падкрэсьлена станоўча. Але разам з тым самі сутнасна не мяняюць сваю палітыку”.

Цыганкоў: У дачыненьнях Менску з Эўразьвязам за апошнія месяцы былі зроблены некалькі рэальных крокаў – пачаліся афіцыйныя візыты эўрапейскіх чыноўнікаў у Менск. Але разам з тым адносіны з ЗША ня маюць ніякіх рэальных зьменаў – амэрыканская амбасада па-ранейшаму працуе ў скарочаным выглядзі, і няма ніякіх прыкметаў, што гэта хутка зьменіцца. Чаму?”

Лагвінец: “Думаю, беларускія ўлады разумеюць, што Беларусь не зьяўляецца прыярытэтам для новай амэрыканскай адміністрацыі. Яны лічаць, што могуць кампэнсаваць недахоп нармальных стасункаў з ЗША больш шырокімі і інтэнсіўнымі кантактамі з краінамі Эўразьвязу. Магчыма, Менск хоча даслаць сыгналь Вашынгтону – маўляў, глядзіце, Эўразьвяз гатовы весьці з намі дыялёг, моцна не патрабуючы кардынальных зьменаў унутры краіны”.

Цыганкоў: “То бок сытуацыю ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў на сёньня я б сфармуляваў так: “ані міру, ані вайны”. І яны задавальняе афіцыйны Менск, а ЗША пакуль проста не даходзяць рукі да Беларусі”.

Лагвінец: Так. ЗША як сусьветная звышдзяржава відавочна маюць свае інтарэсы ў Беларусі. Але на сёньня гэта ня ёсьць першачарговай задачай альбо галоўным прыярытэтам для новай Адміністрацыі”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG