Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньне штрафам двух журналістаў з Гомелю, пагрозы Аляксандра Лукашэнкі на адрас бізнэсоўцаў-будаўнікоў, якія валодаюць непрададзеным жытлом, эканамічны крызіс і ўзровень жыцьця беларускага насельніцтва — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Гомельскі суд зьвінаваціў журналістаў Зьмітра Кармазіна і Алега Рыжкова ва ўдзеле ў акцыі, прысьвечанай Дню роднай мовы, і абодвух пакараў штрафамі. Камэнтар слухача:

Віктар Канцавенка, Рэчыца: “За тое, што людзі размаўляюць па-беларуску, што хацелі ўскласьці кветкі да помніка Кірылы Тураўскага, ім далі велізарныя штрафы. А Кастусю Жукоўскаму — сем дзён зьняволеньня. Ад імя свабодалюбных жыхароў Рэчыцы схіляю галаву перад мужнасьцю гэтых людзей. Свабоду Кастусю Жукоўскаму!”

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да канца кварталу бізнэсоўцы павінны рэалізаваць пабудаванае жытло, альбо яго ў іх забярэ і прадасьць дзяржава. Выказваньні слухачоў:

Спадарыня: “Ідэя сама па сабе, магчыма, і добрая. Але ці не падаецца вам, што ў гэтым выпадку асаблівая патрэба ў жыльлі зьявіцца ў тых, хто мае па некалькі кватэр?”

Спадар: “Пры будаўніцтве мэтро ў жыхароў, якія прыватна будавалі кватэры, усё адбіраецца. У нас Аляксандар Рыгоравіч — ён і пракурор, ён і судзьдзя, ён і выканаўчая ўлада”.

Спадар: “Эўразьвяз і вы майце на ўвазе такі варыянт: звальняюць з працы, робяць чалавека неплатаздольным, а затым аўтаматычна забіраюць кватэру. А засяляюцца тыя, каму патрэбныя нашыя кватэры. Можа, расейцам, можа, нашым крутым, блатным ды шарсьцяным”.

Наступнае выказваньне — на тэму эканамічнага крызісу:

Спадарыня: “Незразумела: то крызіс у нас ёсьць, то яго няма. Выгадна гаварыць пра крызіс — ня трэба даваць абяцаныя надбаўкі. У Расеі таксама крызіс, але ж ім там дабаўляюць. Патлумачце, чаму такая хлусьня?”

На пытаньне адказвае намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Улады хочуць зрабіць выгляд, што ў краіне не існуе ніякіх праблем. Але тыя праблемы, якія сапраўды існуюць, яны, натуральна, вырашаюць за кошт звычайных грамадзян”.

Далей слухачка задае пытаньне:

Яхімовіч, Лельчыцы: “Які ўрад — такія і законы. Мая дачка працуе прадпрымальніцай, плаціць падаткі ў пэнсійны фонд. Адна выхоўвае дваіх дзяцей. На дзяцей плацілі 80 тысяч дапамогі. А сёлета яна заплаціла падатак не да 25 студзеня, а да 30 студзеня. З-за гэтага цэлы год дзецям нічога плаціць ня будуць. Хацелася б ведаць, хто прымаў такія законы? І куды зьвярнуцца па дапамогу?”

Адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў:

“Плаціць у гэты фонд прадпрымальнікаў сваім указам прымусіў Лукашэнка. Тое, што жанчына не атрымоўвае мінімальную “сацыялку”, бо пратэрмінавала падатак на пяць дзён, дык ёсьць жа пеня. Думаю, што гэта недагляд гэтых лукашэнкаўскіх структур. Думаю, што варта патэлефанаваць на “гарачую лінію” Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мы таксама можам падключыцца, дапамагчы. Мой тэлефон: 653-79-85. Будзем дапамагаць, бо жанчына-прадпрымальніца, якая адна выхоўвае дзетак — гэта вельмі балючае пытаньне”.

Працягваем праграму:

Спадарыня: “Вітаю, мае дарагія слухачы. Распачаўся Вялікі пост. Маліцеся, каб Пан Езус дараваў нам грахі”. (Сьпявае.)


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG